Сафія (36 гадоў): «Раней ён быў гатовы на любы кіпіш, а цяпер лянуецца»

Сафія і яе партнёр амаль 9 гадоў разам, яны не браліся шлюбам. Па словах дзяўчыны, раней мужчына быў гатовы на любы кіпіш, але з часам з’явілася пэўная ленасць і «цюленнасць», а на прапанову кудысьці схадзіць яна ўсё часцей чуе: «А навошта?»

«Мне часта хочацца нейкай актыўнасці і руху: ад банальнай прагулкі да раптоўнага невялікага падарожжа — ды хаця б за 100 кіламетраў ад дома. Але апошнім часам гэта маё жаданне разбіваецца аб імкненне партнёра застацца дома, адпачыць і паляжаць.

Раней было так: «А паехалі паглядзім старую сядзібу?» — «А паехалі!» А цяпер замест гэтага «паехалі» я чую: «А калі? А навошта? А з кім? А што там рабіць?»

Калі ў мяне не хапае цярпення на ўгаворы, я іду гуляць адна ці еду кудысьці з сябрамі. З партнёрам мы з-за гэтага не сварымся, але бывае, што ён крыўдзіцца, хоць хутка адыходзіць, таму што разумее, што застацца дома было яго асабістым выбарам.

Часам ён спраўляецца са сваёй лянотай і ўсё ж згаджаецца на нейкія актыўнасці — і кожны раз атрымлівае ад іх задавальненне. Але каб гэта адбылося, мне даводзіцца прыкладаць шмат намаганняў і ўгаворваць як маленькае дзіця. І гэта раз’юшвае».

Яўген (20 гадоў): «Дзяўчына ўвесь час кажа, што кахае, а для мяне гэта выглядае фальшыва»

Яўген сустракаецца са сваёй партнёркай амаль 2 гады, цяпер яны жывуць разам.

«Я доўга шукаў такога чалавека: яна прыгожая, разумная, клапатлівая і добрая ў адносінах да людзей — асабліва да мяне. Да сустрэчы з ёй я нячаста сустракаўся з такімі праявамі кахання, як штодзённыя напаміны ўслых пра тое, што мяне кахаюць, шануюць і паважаюць. А яшчэ яна ўвесь час дасылае мне мілыя стыкеры ў тэлеграме або дурныя далікатныя відэа, у якіх увесь час адны і тыя ж жарты пра адносіны, расставанне, сумесны побыт і іншае.

Я сам прывык праяўляць каханне непасрэдна дзеяннямі: дапамогай, клопатам, згодай на кампрамісы, рознымі жэстамі. Таму для мяне праявы сімпатыі менавіта ўслых (напрыклад, словамі «я цябе кахаю/абажаю») выглядаюць фальшыва. Занадта добра, каб быць праўдай.

Пры гэтым дзяўчына паказвае сваё каханне не толькі словамі, але і дзеяннямі. Але вось гэтыя прыкрыя дробязі чамусьці выклікаюць у мяне адчуванне ненатуральнасці і інфантыльнасці. Адчуваю няёмкасць і сумневы ў праўдзівасці слоў, хоць у цэлым мяне гэта не адштурхоўвае. Думаю, гэта перыяд эйфарыі «цукеркава-букетнага перыяду», у партнёркі ён дагэтуль не скончыўся.

Гэты момант я шмат разоў і сам аналізаваў, і з дзяўчынай абмяркоўвалі. Яна кажа, што ёй важныя падобныя праявы, гэта яе «мова кахання». Я ж прыйшоў да высновы, што маё такое стаўленне да яе слоў — гэта хутчэй праблема маіх установак і адсутнасці падобнага досведу.

Тым не менш я зманю, калі скажу, што гэта пяшчота мне падабаецца. Проста я навучыўся з ёй мірыцца, таму што паважаю патрэбу дзяўчыны казаць, чуць і бачыць падобныя рэчы, — але атрымліваць ад іх задавальненне я пакуль не магу».

Юлія (38 гадоў): «Вячэраць ён мог і дзве гадзіны»

Юлія цяпер не ў адносінах, але ўзгадвае, што ў апошнім партнёры яе заўсёды раздражняла, як ён павольна есць.

«У яго вельмі арыстакратычны падыход да прыёмаў ежы — вячэраць ён мог і дзве гадзіны, пакепліваючы з мяне, што ў мяне рабскі спосаб паглынання ежы: маўляў, я села, за 15 хвілін усё ў сябе запіхала і пайшла. А я па сваёй натуры проста дастаткова хуткая плюс не люблю есці халодную ежу.

А яшчэ яму нельга было змешваць ежу ў талерцы. Калі я, напрыклад, люблю перамяшаць пюрэ з падліўкай, то ў яго павінна быць усё паасобку: вось тут бульбачка, вось тут мяска з падліўкай, а вось тут салат — і пажадана ў асобнай піяле.

Але самы сюр для мяне — гэта як ён еў рыбу. У яго нават косці ляжалі ялінкай, адсартаваныя па даўжыні. Хоць ты гэту талерку на вітрыну выстаўляй!

Мяне ўсё гэта жудасна злавала, таму што на яго фоне я сябе адчувала неахайніцай, якая нават есці не ўмее. Складана».

Анастасія (22 гады): «Адчуваю сябе прыдаткам без права выбару ці голасу»

Анастасія сустракаецца са сваім хлопцам каля двух гадоў, апошнія тры месяцы пара жыве разам у Літве. Дзяўчыне не падабаецца, што часам пры планаванні ён забываецца ўлічваць, што ў яе могуць быць іншыя жаданні. І часам пра свае рашэнні партнёр паведамляе пастфактум.

«Такое адчуванне, што ў яго галаве па дэфолце ёсць нейкая ўстаноўка, што я або пагаджуся з нейкім яго рашэннем, або знайду спосаб далучыцца. Мяне гэта крыўдзіць. Адчуваю сябе нейкім прыдаткам, якога пазбаўляюць права выбару ці голасу.

Мы ўжо абмяркоўвалі гэту тэму, і я казала, што з-за такіх ягоных выхадак мне не заўсёды хочацца планаваць нейкую далейшую будучыню або ўяўляць, дзе мы будзем праз пару-тройку гадоў, таму што мне страшна расчаравацца. У адказ ён супакойваў мяне і казаў, што заўсёды памятае і думае пра мяне. Хаця я бачу, быццам у яго нават няма такога варыянту, што мы можам разысціся ці займацца чымсьці паасобку.

Напрыклад, аднойчы мы размаўлялі, і ён пачаў натхнёна расказваць, што хоча разам з сябрам запусціць адзін праект. Але, як я зразумела ўжо ў працэсе, запуск меў на ўвазе пераезд у іншую краіну — больш чым на год і па-за межамі ЕС. У нейкі момант я яго перапыніла і спытала, ці ўключае гэты план мяне, на што ён адказаў, што я, канешне, паеду з ім.

З аднаго боку, мяне гэта супакоіла, бо ён не сумняваўся і не вагаўся ні секунды. Але з іншага боку: а як жа мае жаданні і планы? Іх зноў не ўлічылі? Мяне гэта засмуціла і нават крыху напалохала. А калі я спытала наконт маёй легалізацыі ў новай краіне, ён сказаў, што можна будзе і распісацца, каб спрасціць працэс.

У цэлым у нас добрыя адносіны, і аднойчы я хацела б выйсці за яго замуж. Але хацелася б зрабіць гэта па жаданні, а не па неабходнасці.

У апошні час я бачу, што ён стараецца дзяліцца са мной сваімі планамі яшчэ на моманце абдумвання, а не ў канчатковым пункце, але ўсё адно атрымліваецца, што ён ужо прыдумаў некалькі магчымых варыянтаў, не спытаўшы, чаго хачу я. Пакуль працуем над гэтым, але мяне ўсё роўна непакоіць гэта тэма».

Чытайце таксама:

«Мяне кінула ў жар, сэрца стала калаціцца — ды мяне проста трэсла!» Разбіраемся, што такое мікрачытынг і як яго ўспрымаюць беларусы

«Тыповая правінцыя, але з асаблівай атмасферай». Бабруец — пра тое, як і чым жыве ягоны родны горад

Клас
5
Панылы сорам
8
Ха-ха
10
Ого
3
Сумна
8
Абуральна
9