Пра гэта спявачка напісала ў сацсетках. 

«Добі вольны» — у гэтых словах цяпер для мяне столькі сэнсу. Калі б у мяне спыталі: «Што для цябе шчасце?», я б з упэўненасцю сказала: «Свабода! Свабода перамяшчэння, свабода думак, свабода займацца тым, што любіш і чым гарыш. Свабода — гэта самае галоўнае для мяне.

Сёння я прачнулася шчаслівай…

Я пакінула Беларусь! Гэтай падзеі наканавана было адбыцца», — напісала спявачка. 

Яна падзякавала «Байсолу» і Андрэю Стрыжаку за дапамогу ў эвакуацыі. 

«Самае галоўнае, я хачу каб вы ведалі, мае дарагія, зараз я абсалютна шчаслівая, а шчаслівая, таму што цалкам вольная і працягваю свой яркі шлях», — дадала яна. 

Беларусь таксама пакінулі ўладальнік бара «Банкі-бутэлькі» і ягоная жонка. Андрэй і Марыя Жук цяпер знаходзяцца ў Варшаве.

Мэрыем Герасіменка затрымалі 4 жніўня 2022 года пасля канцэрта ў мінскім бары «Банкі-бутэлькі», дзе спявачка выконвала песню «Обійми» гурта «Океан Эльзи» ў падтрымку Украіны. Факт выканання песні на ўкраінскай мове абурыў прапагандыстаў.

Пасля затрымання спявачку двойчы асудзілі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага артыкула. Пасля перазатрымалі ў межах крымінальнай справы і змясцілі ў СІЗА.

20 студзеня 2023 года суддзя Вікторыя Шабуня асудзіла Мэрыем Герасіменка да трох гадоў «хатняй хіміі». 

Мэрыем — лідарка гурта Meriem Band і аўтарка шматлікіх сінглаў. Спявачка атрымала шырокую вядомасць пасля ўдзелу ў некалькіх вакальных шоу. Так, напрыклад, яна брала ўдзел ва ўкраінскім песенным конкурсе «Голос країни» ў 2018 годзе.

Клас
182
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
4
Абуральна
6