Настасся Махамет. Фота: instagram.com/neiserika

Настасся Махамет. Фота: instagram.com/neiserika

Намераў пакінуць полк Каліноўскага Настасся не змяніла. Гэта пытанне «фармальнасці і папер».

«Тэхнічна я пакуль выйшла, бо камандзіру гэта складана. Шмат чаго трэба перадаць, пачынаючы ад маёмасці і сканчаючы абавязкамі, таму пакуль у палку. Цяпер у нас новы камандзір у падраздзяленні, і я з радасцю перадаю ёй справы», — кажа ваярка.

Настасся з сярэдзіны мая 2022 года вывозіла з перадавой параненых вайскоўцаў.

«Я не адчуваю выгарання ў плане медыцыны і працы», — кажа яна.

Прычынай сыходу дзяўчына назвала тое, што хацела б больш займацца медыцынай, а не арганізацыйнымі пытаннямі.

У верасні 2023 года Настасся Махамет звярталася да сваіх падпісчыкаў у сацыяльных сетках з просьбай дапамагчы медроце каліноўцаў сустрэць сезон гразі цалкам падрыхтаванымі. Парамедыкам быў патрэбны трал. Фота: Facebook Настассі Махамет

У верасні 2023 года Настасся Махамет звярталася да сваіх падпісчыкаў у сацыяльных сетках з просьбай дапамагчы медроце каліноўцаў сустрэць сезон гразі цалкам падрыхтаванымі. Парамедыкам быў патрэбны трал. Фота: Facebook Настассі Махамет

Настасся перайшла ў полк Каліноўскага ў сакавіку 2022 года з тэрабароны. Каліноўцам тады патрабаваўся лекар. У тэрабарону яна запісалася на трэці дзень поўнамаштабнага ўварванння Расіі ва Украіну. 

Летась беларуску ўзнагародзілі ордэнам «За мужнасць» 3-й ступені. Яна таксама мае медаль БНР за баявыя заслугі.

«Цяпер больш байцоў гіне ад дронаў»

Настасся яшчэ ў Беларусі цікавілася ваенна-палявой хірургіяй. Яна дачка вайскоўца. 

Плануе і далей быць ваенным медыкам.

Настасся кажа, што ва Украіне пацвердзіла дыплом вышэйшай медыцынскай адукацыі. Атрымала ліцэнзію на працу з крывёю і цяпер можа афіцыйна займацца яе пераліваннем.

За паўтара года група Настассі вывезла нямала пабрацімаў з зоны вайсковых дзеянняў. Самае страшнае — губляць людзей, адзначае яна.

«Як ні дзіўна, я нічога не хачу забыць са свайго франтавога жыцця. Я атрымала дужа карысны досвед», — заўважае Настасся.

Настасся «Север» Махамет у машыне экіпажу эвакуацыі. Фота: архіў Настассі Махамет

Настасся «Север» Махамет у машыне экіпажу эвакуацыі. Фота: архіў Настассі Махамет

Вайна навучыла Настассю больш верыць у саму сябе і меней сумнявацца. З'явілася бясстрашша, якое часам яе саму палохае.

Арганізм прызвычаіўся да стрэсавых і рызыкоўных выездаў на перадавую.

«Калі выязджаеш на перадавую, то спачатку не ўсведамляеш сваім нутром, што ў любую мінуту можаш памерці, але пасля першых прылётаў пачынаеш гэта разумець і прымаць, — тлумачыць Настасся. —

Я, да шчасця, з моцнай псіхікай. У мяне бывае лёгкая паніка ад прылётаў, але гэта доўжыцца настолькі кароткі час (пару секунд), што наогул не лічу тое за праблему».

Паводле яе слоў, успрыняцце небяспекі загінуць у кожнага індывідуальнае. Камусьці бывае цяжэй, бо арганізм рэагуе на рызыку больш востра.

«Такі стан дазваляе ацаніць здольнасць рызыкаваць. Урэшце на той свет жывым ніхто не сыходзіў. Жыццё наогул непрадказальнае. У цябе можа пацэліць ракета, ці ты можаш трапіць у аварыю, перавярнуцца на машыне, на галаву ўпасці цагліна. Усё што заўгодна можа адбыцца», — па-філасофску выказваецца парамедык.

Летась Настасся атрымала чэрапна-мазгавую траўму, калі побач з машынай, якою ехалі медыкі, узарваўся снарад.

На яе думку, характар раненняў за час вайны не змяніўся, але байцам цяпер пагражае раней невядомая небяспека.

«Усё больш людзей церпіць, гіне ад дронаў. І гэта жахліва», — гаворыць яна.

«Паволі вяртаюся ў творчасць»

Апошнім часам Настасся выкладае ў сацыяльныя сеткі фотаздымкі ў новых вобразах. Напрыклад, пабывала бландынкай.

«Гэта не проста эксперыменты з вобразамі, — тлумачыць яна. — Я паволі вяртаюся ў творчасць. Планую выкарыстоўваць відэа і фота для візуалізацыі сваіх персанажаў. Я малюю, пішу [кнігі] і буду гэта рабіць далей. Мне трэба аднаўляць аўдыторыю, калі я хачу гэтым зарабляць. І падаецца, што варыянт дробных пераўвасабленняў найлепшы. Бо, па-першае, калі робіш унікальных персанажаў, то толькі ты па-сапраўднаму ведаеш, што яны з сябе ўяўляюць. Па-другое, візуальны кантэнт найлепей заходзіць людзям».

Настасся Махамет у нязвыклым вобразе. Фота: Facebook Настассі Махамет

Настасся Махамет у нязвыклым вобразе. Фота: Facebook Настассі Махамет

Настасся — аўтарка кнігі з гісторыямі ўдзельнікаў беларускага пратэсту «Дух свободы: Наследники партизан». Яна ў вольным доступе. Піша вайскоўка пад псеўданімам Аляксандр Верт.

Цяпер Настасся ўзялася за адкладзеныя запісы да двух новых твораў з фантастыкай. Яны не звязаныя з цяперашняй вайной, але адзін з іх мае ваенную тэматыку.

«Так супала, што сюжэт гэтай кнігі зʼявіўся да актыўнай фазы вайны ва Украіне і прыдумала я яго, будучы яшчэ ў Беларусі», — інтрыгуе Настасся.

Настасся з Івацэвіч. Скончыла Барысаўскі медыцынскі каледж і Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Тры гады працавала ў мінскай радзільні № 1. Інтэрнатуру праходзіла ў Магілёўскім абласным анкалагічным дыспансеры.

Пасля пратэстаў 2020 года дзяўчына ўзначаліла незалежны прафсаюз свайго ўніверсітэта, а праз год зʼехала ў Кіеў.

«Насамрэч я не дужа веру ў беларусаў у цэлым, — прызнаецца яна цяпер. — Мне падаецца, што беларусы да свабоды не гатовыя. І калі ім яе цяпер даць, то яны проста яе прасруць».

Але калі зʼявіцца шанец вярнуць краіне свабоду, дзяўчына гатова ўдзельнічаць, каб наблізіць яе.

Глядзіце таксама:

«Мне прасцей, што я ніколі не верыла ў цуд». Беларуска з палка Каліноўскага расказала пра франтавыя будні, каханне на вайне і сапраўдную радасць

«У мяне на руках памерлі «Волат» і «Брэст». Беларускі парамедык «Бровар» расказаў пра свае паўтара года на вайне

Клас
103
Панылы сорам
17
Ха-ха
14
Ого
9
Сумна
31
Абуральна
36

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?