Сцяг Тайваня. Фота: pixabay

Сцяг Тайваня. Фота: pixabay

На парламенцкіх выбарах на Тайвані перамог «непажаданы для Кітая кандыдат», старшыня кіроўнай Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі і прыхільнік незалежнасці Тайваня Лай Цындэ, які мае намер скараціць эканамічную залежнасць ад Пекіна і працягнуць умацоўваць адносіны з ЗША.

Вынікаў выбараў чакаў увесь свет, бо Кітай пагражае востраву вайной у выпадку, калі пасля выбараў тайванцы захочуць абвясціць аб фармальнай незалежнасці ад Кітая.

У сваім навагоднім звароце старшыня КНР Сі Цзіньпін заявіў, што Тайвань з'яўляецца часткай Кітая, а падчас апошняй сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам паабяцаў таму, што Кітай непазбежна далучыць да сябе Тайвань ваенным альбо мірным шляхам у залежнасці ад вынікаў выбараў на востраве.

Пра «стратэгію дзікабраза», якую Тайвань выкарыстоўвае пры падрыхтоўцы да магчымага ўварвання Кітая, мы пісалі тут.

Калі коратка, то востраў пры дапамозе рознага комплексу вайсковых мер імкнецца стрымліваць Кітай ад пачатку вайны, даючы яму зразумець, што цана ўварвання можа аказацца занадта высокай.

Пры гэтым у Тайваня ёсць яшчэ адзін інструмент стрымлівання, які ў тэорыі здольны нанесці непапраўную шкоду Кітаю, параўнальную з масіраваным ядзерным ударам, і нават выклікаць поўны калапс усёй краіны.

Гаворка пра знішчэнне кітайскай дамбы «Тры цясніны».

Што за яна?

ГЭС «Тры цясніны». Фота: CGTN

ГЭС «Тры цясніны». Фота: CGTN

Дамба «Тры цясніны», якая знаходзіцца ў кітайскай правінцыі Хубэй і пабудаваная на рацэ Янцзы, з’яўляецца найбуйнейшай у свеце гідраэлектрастанцыяй (ГЭС). Яна дае электрычнасць некалькім дзясяткам мільёнаў кітайцаў, а таксама ратуе сотні мільёнаў людзей у краіне ад засухі і паводак.

Збудаванне вышынёй у 185 метраў і даўжынёй больш за 2 кіламетры ўтрымлівае ў сваім вадасховішчы амаль 40 кубічных кіламетраў вады (у адным кубічным кіламетры — мільярд тон вады).

Як адзначае выданне Asia Times, яшчэ падчас будавання аб'екта ў 90-х частка тайваньскіх чыноўнікаў і вайскоўцаў называлі дамбу адной з галоўных патэнцыйных цэляў для знішчэння ў выпадку кітайскага ўварвання на Тайвань і пагрозы яго існаванню (асабліва пры прымяненні кітайскай ядзернай зброі па востраве).

З тых часоў вайсковыя эксперты Тайваня нястомна дыскутуюць, якім спосабам можна было б знішчыць кітайскую ГЭС. Прапаноўваліся варыянты ўнутранай дыверсіі, нанясенне бомбавага ўдару з самалётаў, выкарыстанне крылатых звышгукавых ракет.

Паколькі ГЭС узмоцнена разнастайнымі мерамі супрацьпаветранай абароны, якія не падпусцяць да сябе самалёты, а таксама мае асобы ўзровень унутранай бяспекі, які не прапусціць дыверсантаў, тайваньскія эксперты спыніліся на варыянце з ракетамі.

Для паражэння такога далёкага ад вострава аб'екта (1200 кіламетраў) у Тайваня ёсць два віды звышгукавых крылатых ракет: Hsiung Feng і Yun Feng.

Першыя здольныя лётаць на адлегласць ад 600 да 1200 кіламетраў, аднак яны не з'яўляюцца такімі хуткімі, як новыя і часткова засакрэчаныя Yun Feng, якія пры большай манеўранасці павінны лётаць значна далей.

Некаторыя аналітыкі лічаць, што максімальная далёкасць палёту Yun Feng можа скласці 2000 км, што дастае і да Пекіна.

Акрамя таго, ідуць спрэчкі пра тое, колькі трэба запусціць ракет за раз, бо некаторыя ўпэўненыя ў дастатковасці аднаго-двух пападанняў, а іншыя настойваюць на неабходнасці 1000 запускаў для гарантаванага знішчэння дамбы.

Наступствы ўдару

Тайвань і яго актуальныя ракетныя магчымасці на тэрыторыі Кітая. У радыусе паражэння тайваньскіх крылатых ракет знаходзяцца Пекін і ГЭС «Тры цясніны». Мапа: vecteezy. Інфаграфіка: «Наша Ніва»

Тайвань і яго актуальныя ракетныя магчымасці на тэрыторыі Кітая. У радыусе паражэння тайваньскіх крылатых ракет знаходзяцца Пекін і ГЭС «Тры цясніны». Мапа: vecteezy. Інфаграфіка: «Наша Ніва»

У выпадку ракетнага паражэння дамбы і яе знішчэння гіганцкая хваля цунамі распаўсюдзіцца па ўсіх нізоўях ракі Янцзы, цалкам ці часткова затапляючы цэлыя правінцыі і буйныя мегаполісы (Ухань, Шанхай, Нанкін, Ханчжоў) разам з тысячамі населеных пунктаў.

Патэнцыйная колькасць ахвяр ад такой катастрофы можа скласці некалькі дзясяткаў мільёнаў людзей. Яшчэ некалькі сотняў мільёнаў (каля 30% насельніцтва Кітая) могуць сутыкнуцца з эпідэміямі і масавым голадам з-за затаплення велізарнай колькасці ворных і ўрадлівых земляў на поўдні і ўсходзе Кітая.

Эканоміка краіны ў такім выпадку можа сутыкнуцца з калапсам. Будзе закранутая і значная частка кітайскай вайсковай інфраструктуры.

Паводле неафіцыйнай інтэрнэт-мапы вайсковых аб'ектаў Кітая за 2022 год, у выпадку поўнага прарыву дамбы могуць быць пашкоджаныя ці знішчаныя:

  • Галоўны штаб Аб'яднаных сіл матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння арміі Кітая (Ухань);
  • Галоўны штаб Паветрана-дэсантавых войскаў Кітая (Сяагань, каля Уханя);
  • Усходняе камандаванне тэатра ваенных дзеянняў і Аб'яднаны штаб падтрымкі Усходняй вайсковай акругі (Нанкін);
  • Галоўны офіс Міністэрства дзяржбяспекі і Галоўная вайскова-марская база Усходняга флоту ВМС Кітая (Шанхай);
  • больш за 30 авіябаз ВПС Кітая і дзясяткі баз розных родаў войск;
  • некалькі вайско‌вых акадэ‌мій, буйны‌х прадпрые‌мстваў ВПК, спадаро‌жнікавых баз і цэнтраў кібербяспекі;
  • імаве‌рныя ме‌сцы захоўвання я‌дзернай збро‌і і вайско‌выя лабарато‌рыі (уключаючы Інстыту‌т вірусало‌гіі ва Уха‌ні, які‌, на ду‌мку ча‌сткі захо‌дніх палі‌тыкаў, звязаны з уцечкай Covid-19).

Наступствы прарыву дамбы «Тры цясніны»: усе нізоўі ракі Янцзы ў межах яе басейна (уся блакітная вобласць па кірунку чорных пункцірных стрэлак) і ўсе размешчаныя на гэтых тэрыторыях буйныя мегаполісы (пазначаныя чырвоным), вайсковыя базы і тысячы населеных пунктаў могуць быць цалкам знішчаныя велізарным масівам вады. Мапа: vecteezy. Інфаграфіка: «Наша Ніва»

Наступствы прарыву дамбы «Тры цясніны»: усе нізоўі ракі Янцзы ў межах яе басейна (уся блакітная вобласць па кірунку чорных пункцірных стрэлак) і ўсе размешчаныя на гэтых тэрыторыях буйныя мегаполісы (пазначаныя чырвоным), вайсковыя базы і тысячы населеных пунктаў могуць быць цалкам знішчаныя велізарным масівам вады. Мапа: vecteezy. Інфаграфіка: «Наша Ніва»

Скрыня Пандоры

Нягледзячы на апакаліптычны сцэнар знішчэння дамбы, кітайскія ўлады не раз заяўлялі, што ракетным ударам цалкам прарваць дамбу не атрымаецца, бо яна з'яўляецца гравітацыйным і сегментаваным збудаваннем. Акрамя высокай трываласці і выбухаўстойлівасці гравітацыйных ГЭС, вывядзенне з ладу нават адной з частак такіх дамбаў ніяк не паўплывае на працу іншых.

Такое ж меркаванне падзяляюць і некаторыя дарадцы Міністэрства абароны Тайваня, адзначаючы, што канструкцыя дамбы можа вытрымаць нават невялікі ядзерны ўдар, пішуць тайваньскія медыя.

Пры гэтым, дапускаючы найгоршае, кітайскія ўлады ўсё ж маюць план на выпадак пагрозы існаванню ГЭС. Ён прадугледжвае своечасовае асушванне вадасховішча, што, аднак, парушыць увесь рачны гандаль па рацэ Янцзы і прывядзе да сур'ёзных эканамічных страт.

У той жа час улады Тайваня яшчэ ў 2022 годзе афіцыйна заяўлялі, што не будуць урывацца на тэрыторыю Кітая і разглядаць варыянт удару па дамбе. Аднак гэтая ўмова будзе дзейнічаць роўна да таго моманту, пакуль Кітай не вырашыць пайсці на Тайвань вайной.

З усяго вышэйсказанага становіцца ясна, што наступствы ўдару па дамбе не хочуць правяраць на сабе ні Кітай, ні Тайвань. Адкрыццё гэтай скрыні Пандоры звядзе на нішто тайванскую стратэгію стрымлівання і прывядзе да ўзаемнага масавага знішчэння насельніцтва абедзвюх краін.

Таму нерэалізаваная пагроза знішчэння дамбы значна больш эфектыўная і лепшая для Тайваня, бо яна служыць дадатковым моцным фактарам захоўвання міру ў рэгіёне.

Згодна з нормамі міжнароднага права і правіламі вядзення вайны, знішчэнне любых грамадзянскіх аб'ектаў і збудаванняў, асабліва гідраэлектрастанцый і іншай крытычнай інфраструктуры, з'яўляецца ваенным злачынствам і злачынствам супраць чалавецтва.

Чытайце таксама:

Тайвань, яго крэмніевы шчыт, сакрэты і першая лэдзі з Беларусі. Вялікі рэпартаж Арцёма Гарбацэвіча пра востраў, які паставіў свет у залежнасць ад сябе

Расейцы ўзарвалі дамбу Кахоўскай ГЭС. Гэта катастрофа, наступствы якой цяжка пралічыць

Кітай больш не па зубах ЗША?

Клас
67
Панылы сорам
7
Ха-ха
6
Ого
14
Сумна
5
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?