Фота: скрыншот з трэйлера «Небаракаў»

Фота: скрыншот з трэйлера «Небаракаў»

«Небаракі» (Poor Things)

Прэм'ера гэтай чорнай камедыі адбылася 1 верасня 2023-га на кінафестывалі ў Венецыі, вынік — 10-хвілінная авацыя, захапленне крытыкаў і галоўная ўзнагарода. Чакаем, што «Небаракі» даляцяць да кінатэатраў у студзені.

Уладальніца «Залатога Глобуса» Эма Стоўн паказвае клас у ролі Бэлы Бакстэр, маладой жанчыны, якую ў віктарыянскім Лондане вяртае да жыцця эксцэнтрычны доктар. Прыгажуня імкнецца вывучаць навакольны свет і сябе, збягае з ненадзейным мужчынам, падарожнічае па свеце і шукае роўнасці. Тут вам адсылкі да Франкенштэйна, трошкі пра жаночую свабоду і проста вельмі дзіўнае відовішча. Якое заляцела ў спісы найлепшых фільмаў-2023 і, верагодна, атрымае не адну намінацыю на «Оскар».

«Аргайл» (Argylle)

2 лютага выйдзе яшчэ адна перспектыўная камедыя, на гэты раз ад брытанскага рэжысёра Мэцью Вона. Такая няправільная дэтэктыўная гісторыя: аўтар шпіёнскіх раманаў-бестсэлераў аказваецца сапраўды выдатным шпіёнам, які пакутуе на амнезію. Калі да Аргайла вяртаюцца ўспаміны, ён зноў атрымлівае свае небяспечныя ўменні і ставіць перад сабой новую мэту — помсту.

Вон апісвае фільм як оду баевікам 1980-х накшталт «Цвёрдага арэшка». І ў гэтай оды выдатны акцёрскі склад: згадаем брытанца Генры Кавіла, уладальніка «Оскара» Сэма Рокуэла, легенду Сэмюэла Л. Джэксана і поп-зорку Дуа Ліпу.

Emmanuelle

Крыніца: Pathé

Крыніца: Pathé

Адна з вялікіх французскіх прэм'ер гэтага года — чарговая экранізацыя легендарнай гісторыі пра Эмануэль, маладую францужанку і яе сэксуальныя фантазіі. У гэтым варыянце галоўная гераіня едзе па эратычныя прыгоды ў Тайланд.

Новую «Эмануэль» здымае рэжысёрка Одры Дзіван, якая ў 2021-м прывезла з Венецыянскага кінафестываля «Залатога льва». На галоўную ролю абралі Наэмі Мерлан, таксама ў стужцы задзейнічаная амерыканка Наомі Уотс.

Dune: Part Two

1 сакавіка да нас вернецца «Дзюна»! Гэта маштабная гісторыя пра змаганне розных народаў, што насяляюць планету Аракіс. Яна пабудаваная вакол Пола Атрэйдэса — юнака, які губляе бацьку і цяпер, у другой частцы гісторыі, аб'ядноўваецца з расай вандроўнікаў-фрэменаў, каб адпомсціць змоўцам, што разбурылі яго сям'ю.

Каманда тая ж самая: стужку на 2 гадзіны 46 хвілін зноў паставіў Дэні Вільнёў. У галоўнай ролі зорка «Вонкі» і першай «Дзюны» Цімаці Шаламэ, таксама мы зноў пабачым Рэбеку Фергюсан і Зендаю ў ролі каханай Пола Атрэйдэса. Гісторыя насамрэч складаная — падумайце над тым, каб перад другой часткай выдзяліць час на прагляд першай, калі яшчэ гэтага не зрабілі (яно таго вартае).

Back to Black

Цяжка скардзіцца на недахоп мюзіклаў-баёпікаў — напрыклад, перад 14 лютага на экраны выйдзе фільм пра Боба Марлі. Але мы ўсё ж звернем вашу ўвагу на Back to Black, стужку пра Эмі Уайнхаус, адну з наймацнейшых вакалістак свету ў нулявыя, якая памерла ў 27 гадоў. Песні з яе альбома Back to Black вы дакладна чулі, але маглі не ведаць трагічных абставін жыцця самой Эмі — дзяўчына мела алкагольную і наркатычную залежнасць, памерла ад сардэчнага прыступу, выкліканага алкагольным атручваннем.

Гісторыя пра Эмі выйдзе на экраны ў красавіку-маі 2024-га, у галоўнай ролі — брытанка Марыса Абела. За добры саўндтрэк хвалявацца не прыходзіцца.

Wolfs

Піт і Клуні на здымках.

20 верасня 2024-га, пасля летняй паўзы, нас чакае дуэт Брэда Піта і Джорджа Клуні — і гэтага ўжо хапае, каб зрабіць фільм паспяховым. Два галівудскія геніі сыграюць чысцільшчыкаў, то-бок прафесійных вырашальнікаў праблем, якія вымушаныя заняцца адной і той жа працай.

Wolfs апісваюць як змрочны трылер, падобны да франшызы аферыста Дэні Оўшана і яго сяброў. Ад стужкі чакаюць новага погляду на супрацоўніцтва Піта і Клуні, і папярэдні паказ фільма выклікаў вельмі цёплыя водгукі.

Gladiator 2

Трэйлер да першага «Гладыятара» (2000 год).

Праз 24 гады пасля знакамітага «Гладыятара», 22 лістапада, мы нарэшце пабачым сіквэл. Герой Расэла Кроў з першай часткі, гладыятар Максімус, выратаваў Луцыя — пляменніка рымскага імператара Камода. У новым фільме Луцый — дарослы чалавек і галоўны персанаж гісторыі.

Для працы над новым «Гладыятарам» зноў аб'ядналіся рэжысёр Рыдлі Скот і сцэнарыст Дэвід Скарпа. Іх мінулая сусветная праца — «Напалеон», які выйшаў восенню 2023-га, меў даўжыню ў 2,5 гадзіны і неадназначныя водгукі крытыкаў. Тым больш цікава, што ў іх атрымаецца.

Joker: Folie a Deux

Фота: скрыншот з Youtube

Фота: скрыншот з Youtube

Першы «Джокер» сабраў у 2019-м больш за мільярд даляраў у кінатэатрах, прынёс «Оскар» Хаакіну Феніксу і атрымаў шалёны поспех у гледачоў. Цяпер да геніяльнага Фенікса далучаецца спявачка Лэдзі Гага, якая сыграе псіхіятарку Харлін Квінзель — будучую суперзлачынку Харлі Квін.

Героі Фенікса і Квінзель сустракаюцца ў псіхіятрычнай бальніцы Аркхэм, куды зняволілі Джокера. Харлін робіцца апантанай незвычайным пацыентам, і з часам ператвараецца ў яго саўдзельніцу. Майце на ўвазе — гэта мюзікл.

Nosferatu

Фота: скрыншот з Youtube

Фота: скрыншот з Youtube

25 снежня 2024-га, на Раство, чакаем экранізацыю «Насферату» — сюжэт, які стаў класічным у свеце хорараў. Гэта гісторыя пра апантанасць паміж маладой жанчынай і жудасным вампірам, які ў яе закаханы.

Сюжэт пра Насферату — вольны пераказ гісторыі графа Дракулы, якая сама па сабе перажыла багата экранізацый. Першае ж кіно пра Насферату выйшла ажно ў 1922 годзе, а сёлетняя стужка будзе пятай у шэрагу. Тым больш цікава, якой атрымалася новая карціна.

Parthenope

Старажытны фантан Спінакароны — выява Парфянопы ў Неапалі. Фота: commons.wikimedia.org

Старажытны фантан Спінакароны — выява Парфянопы ў Неапалі. Фота: commons.wikimedia.org

Напрыканцы зноў звернемся да еўрапейскага кіно, тым больш што варта згадаць перспектыўную стужку. Вялікі італьянскі рэжысёр Паола Сарэнціна плануе прадставіць у 2024-м свой погляд на гісторыю Парфянопы — сірэны з антычнай міфалогіі, якая патапілася ў моры, калі не здолела сваімі песнямі спакусіць Адысея. Там, дзе мора выкінула яе цела на бераг, цяпер знаходзіцца Неапаль.

Сарэнціна мае багата геніяльных фільмаў, але вы маглі чуць пра яго па серыяле «Малады Папа» з Джудам Лоу. У Parthenope Сарэнціна працуе з італьянскім акцёрскім складам, а з сусветных зорак да фільма далучыўся Гэры Олдман.

Чытайце таксама:

Памятаеце, Netflix здымаў дакументалку пра беларускія пратэсты? Вось калі прэм'ера

Беларускі артыст зняўся ў серыяле ад Netflix і стваральнікаў «Гульні тронаў»

Круз, Вонка і дзіця Беларусі: топ-10 фільмаў года

Клас
10
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?