Адсутнасць інфармацыі

Як і ва ўсіх палітычных, у Іллі пры зняволенні не было матрацаў, пасцельнай бялізны, прагулак і душа. Але калі ён выйшаў, то за гэта давялося плаціць — у квітку на аплату было напісана пра карыстанне матрацам і пасцельнай бялізнай.

Акрамя таго, сваякам доўгі час не давалі інфармацыю пра знаходжанне Іллі:

«Мая маці тэлефанавала ў ЦІП, а ёй спачатку казалі: «Мы нічога не ведаем». І толькі потым сказалі, што я перайшоў дарогу ў няправільным месцы — за гэта нібы мяне затрымалі. А адзін зняволены расказваў, што яго трое сутак сваякі шукалі разам з адвакатам і сказалі, што яго ў ЦІПе няма, а ён у той час там быў».

Як аказалася, пошук інфармацыі можа прывесці і да зняволення — пра адну з такіх гісторый і расказвае Ілля:

«Да нас у камеру аднойчы прыйшоў чалавек. Што з ім адбылося? Спачатку затрымалі яго жонку па экстрэмісцкім артыкуле. Ён патэлефанаваў у РАУС і запытаў: «А што можна перадаць жонцы?» — «Прыходзь у РАУС, мы табе раскажам, усё растлумачым». Ён прыйшоў, а міліцыянты кажуць: «Пакажы тэлефон! — Усё, складаем адміністрацыйны пратакол, у цябе падпіска на Zerkalo». Потым судзілі абодвух. Жонцы далі штраф, таму што непаўнагадовае дзіця, а яму — 13 сутак».

Істэрыка

З-за адсутнасці людскіх умоў у аднаго са зняволеных здарылася істэрыка, успамінае Ілля:

«Яму далі 15 сутак за нейкую падпіску. Я так зразумеў, гэта быў чалавек абсалютна далёкі ад палітыкі. Увесь час ён сядзеў у трансе, толькі паўтараў: «Што рабіць, што рабіць? Мяне ж зараз звольняць з працы…» А потым адзін раз ён кінуўся да кармушкі і стаў крычаць: «Хлопцы, што вы робіце? Чаму вы мне нічога не даяце?! Ні зубной пасты, ні туалетнай паперы, чаму я не магу падыхаць паветрам, не магу памыцца, усяго толькі за нейкую лухту, якую ў мяне знайшлі ў тэлефоне?!»

На што яму сказалі: «Мы нічога не ведаем, у нас інструкцыя, звяртайся вышэй, мы тут ні пры чым»».

Толькі на «ты»

Як адзначае Ілля, супрацоўнікі ЦІПа ставіліся да ўсіх з непавагай — і да палітычных, і да людзей, асуджаных па іншых артыкулах:

«Ахоўнікі ўсіх без выключэння называлі на «ты», незалежна ад полу і ўзросту. Аднойчы адзін зняволены сядзеў 10 сутак, пасля гэтага зрабіў ахоўніку заўвагу: «Табе 20 год, а мне 60, называй мяне на Вы»— на што пачуў адказ: «І што ты мне хочаш гэтым сказаць? Ты хто? Ты ніхто тут».

Адзін таксама спрабаваў спрачацца, яго аблаялі і сказалі: «Ідзі на шконку забіся і маўчы».

Асабліва ахоўнікі здзекаваліся з людзей з алкагольнай залежнасцю. Некаторым яны ладзілі проста булінг — вось калі выводзілі на праверку і пачыналі здзекавацца, максімальна каб прынізіць чалавечую годнасць».

Накіраванне ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі

Падчас свайго зняволення Ілля пазнаёміўся з досведам накіравання ў ЛПП (лячэбна-працоўныя прафілакторыі).

«Многа ў нас людзей такіх было, што на некаторых людзей (прычым не на такіх, якія цалкам на апошняй стадыі, а якія залежныя, але могуць працаваць) проста вядуць паляванне. Каб зрабіць тры адміністратыўкі (зараз я ўжо ведаю, дзве) і адправіць у ЛПП.

Вось быў у нас выпадак, калі чалавек, які адбываў 15 сутак за тое, што яго затрымалі п'яным — як казаў, палову бутэлькі выпіў, пайшоў за дабаўкай, і тут якраз ехала міліцыя: «Ага, дыхні, паехалі да нас». І калі яго 15 сутак скончыліся — і што вы думаеце? — на наступны дзень ён зноў «заязджае» ў камеру.

А ён займаўся тым, што збіраў металалом (і пры гэтым быў інвалід другой групы — то-бок яму нельга працаваць па законе), таму ён жыў за кошт таго, што збіраў металалом і здаваў яго на прапускных пунктах. І вось ён прыйшоў на прапускны пункт — і там яго ўжо спецыяльна чакалі. Прычым на медкамісіі ягоная другая група раптам ператварылася ў трэцюю, з якой можна працаваць».

З Іллёй разам сядзелі і людзі, якія ўжо пабывалі ў ЛПП. Яны дзяліліся сваімі ўражаннямі:

«Быў адзін у камеры, які адсядзеў 15 год у калоніі. І паміж сабой размаўлялі, як у ЛПП і калоніі, і ён кажа: «У калоніі проста рай у параўнанні з ЛПП». Бо там турэмны рэжым, там нават калі ў цябе тэмпература 37,5 градусаў — гэта не лічыцца: «Ты сімулюеш, ідзі на працу», а праца не аплачваецца. То-бок фармальна ў ЛПП яны не зняволеныя, але там умовы горшыя, чым у калоніі, як я зразумеў з іх расказу».

Ілля ўспамінае, што адзін раз у ЦІПе быў выпадак, як чалавек з алкагольным ап’яненнем памёр. Яго на ноч адправілі ў «стакан» маленькае памяшканне, куды змяшчалі і дзеля таго, каб людзі цверазелі.

«Гэта я ўжо чуў ад тых, хто з прагулкі вяртаўся (каму можна было на іх хадзіць — то-бок непалітычныя), што ўвечары кагосьці прывезлі, на раніцу прыйшлі там ахоўнікі ў «стакан» тармасіць яго, а ён ужо халодны».

Прыехаў за пашпартам і трапіў пад крыміналку

Яшчэ адна гісторыя сведчыць аб тым, як небяспечна можа быць вяртанне ў Беларусь, каб памяняць пашпарт. Такога чалавека Ілля сустрэў, калі быў у ІЧУ:

«Чалавек, які прыехаў мяняць паспорт і завіс на «хіміі». Ён далёкі ад палітыкі, працаваў у Санкт-Пецярбургу. І на 8 сакавіка ён падвыпіў і адкрыў свой «ВКонтакте», а там віншаванні з 8 сакавіка жанчын ад начальніка міліцыі і начальніка ДАІ нашага горада. І ён нешта там падпісаў кшталту: «Опять эти морды коррупционные повылазили». І забыўся пра гэта.

А праз некалькі тыдняў паехаў у наш горад, дзе ён прапісаны, мяняць пашпарт.

Зайшоў у «пашпартны стол», і як там гэта супрацоўніца разгарнула пашпарт, то адразу «Ой, извините, у нас компьютер завис» — і некуды пайшла. Потым да яго прыйшлі і пачалі гаварыць, што ў яго машына не ў тым месцы прыпаркаваная, што ён затрыманы на 72 гадзіны да высвятлення абставін.

Ён спачатку падумаў, што нейкая дробязь, ужо думаў, як тут штраф нейкі дадуць, як ён паедзе забіраць машыну, як яму трэба на працу… І тут за паўсутак да сканчэння 72 гадзін у кармушку грукаюць і падносяць яму падпісаць яшчэ адзін ліст: «Вы в отделении милиции ругались матом, чем дезорганизовали всю работу отделения».

У яго вочы на лоб: «Я не лаяўся матам» — «А ў нас есть показания нашего сотрудника, которому мы не можем не верить».

І яго потым забралі. Ён ужо зразумеў, у сувязі з чым. А потым я даведаўся, што яму ці то два, ці то два з паловай гады «хіміі» далі ў выніку за знявагу супрацоўнікаў адпаведных органаў».

Чытайце таксама:

«Адседзеў незразумела навошта». Падлетак, якога затрымалі праз 2 гады пасля пратэстаў, расказаў сваю гісторыю

Алег Кулеша: «Спыняцца нельга. Бо ў беларускіх вязніцах і сёння, і заўтра людзі ўстануць ранкам і будуць грэбці снег»

Пазбег войска, адмовіўся віншаваць АМАП на відэа, асуджаны за абразу Лукашэнкі. Былы палітвязень Валерый Панкратовіч расказаў сваю гісторыю

Клас
2
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
24