Малюнак: Марыя Талстова / Медыязона

Малюнак: Марыя Талстова / Медыязона

Пагражалі, білі кухоннымі апалонікамі. Затрыманне

Улетку 2022 года Арцём рыхтаваўся да паступлення ў замежную ВНУ і чакаў візу. У ліпені быў «лакшары перыяд» — бацькі з’ехалі на дачу і хлопец жыў адзін. Аднойчы раніцай яго разбудзіў моцны грук у дзверы. Арцём паглядзеў у вочка — у пад’ездзе стаялі сілавікі са шчытамі. Падлетак выдаліў тэлеграм і выйшаў з сацсетак, а тэлефон кінуў пад канапу.

«Адчыніў дзверы, мяне паклалі на падлогу, надзелі кайданкі, пачалі біць. Яны бралі вялікай групай, чалавек восем. Са зброяй заляцелі ў кватэру».

Арцём сказаў ім, дзе тэлефон, і назваў паролі. Сілавікі забралі вінчэстары і SSD-дыскі, і, пакуль былі ў кватэры, знайшлі на прыладах хлопца фотаздымкі з 2020 года: на адным ён стаяў у счэпцы, а на другім паказваў сярэдні палец АМАПу. За гэта білі мацней, распавядае падлетак.

«Крычалі: «Мы цябе на 10 гадоў пасадзім», пагражалі, білі кухоннымі апалонікамі. Шукалі сімволіку, яе не было».

Арцём кажа, што сілавікі прыехалі з білінгам ягонага тэлефона — яны ведалі, калі падлетак быў каля стэлы і станцыі метро «Пушкінская».

Страх, што звольняць бацькоў. Пратэсты

На акцыі пратэсту Арцём разам з сябрамі пайшоў праз некалькі дзён пасля выбараў — да гэтага яго не адпускалі бацькі. Але пасля відэа, дзе сілавікі білі і затрымлівалі пратэстоўцаў, ён вырашыў выйсці на вуліцу.

«Я проста паказаў бацькам сваю пазіцыю, што яны не могуць мне нічога забараняць. Гэта мой выбар, маё рашэнне. Яны не маглі нічога з гэтым зрабіць. Вялікае кола маіх зносін галасавала дакладна не за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. А атрымалася, што за яго прагаласавала ледзь не ўся краіна — неяк гэта было нахабна».

Арцём хадзіў на нядзельныя акцыі да лістапада, а потым стала вельмі небяспечна.

«Больш за ўсё быў страх праз тое, што зловяць, і бацькоў звольняць з працы. Страшна было ісці, усведамляючы, што табе 17, а не 18. Хоць і пакаранне павінна быць мякчэйшым, але ты больш баішся за наступствы для бацькоў і блізкіх».

«Прысядай, адціскайся і кажы: «Я люблю Беларусь, я люблю Лукашэнку». ГУБАЗ

Пасля ператрусу Арцёма адвезлі ў ГУБАЗ — з ім запісалі «пакаяннае» відэа і зноў білі.

«Казалі: «Прысядай, адціскайся і кажы: «Я люблю Беларусь, я люблю Лукашэнку, я люблю ГУБАЗ». Лілі з чайніка ваду на дупу, б…ць, на галаву кудысьці. Не кіпень — такая была, цёплая вада. Адбілі вельмі моцна ногі, проста ў калені дало. Праз месяцы тры ў мяне ўсё прайшло».

З ГУБАЗа Арцёма адвезлі ў РАУС, завялі ў кабінет і паклалі на падлогу, не здымаючы кайданкі. «Потым оперы мяне паднялі, далі гарбаты папіць», — успамінае падлетак.

Супрацоўнікі ГУБАЗ сказалі, што хлопца адправяць на суткі. Міліцыянт шукаў у тэлефоне Арцёма падставу для «адміністратыўкі» і выявіў «экстрэмісцкі» тыкток, які падлетак адправіў сваёй дзяўчыне.

«[Да суда] я поўныя 72 гадзіны адседзеў у РАУС у «малпоўніку» без ежы. Проста з бамжамі піў ваду. Яе можна было набіраць з бутэлек, якія не ведаю колькі гадоў ужо стаяць. Оперы спецыяльна выклікалі да сябе ў кабінет, шакаладку маглі даць проста так. Ім проста шкада было мяне, напэўна, бо там рэальна жэсць».

За тыкток Арцём атрымаў 13 сутак.

«Тух — ты ужо ўстаеш пад гімн Беларусі». Крыміналка

Пасля сутак Арцёма адвезлі да следчага: крымінальная справа, зноў ІЧУ і пяць месяцаў пад следствам у СІЗА ў Жодзіне. «Свінскае стаўленне ўсюды. [Але] оперы ў РАУС былі нармальныя», — кажа падлетак.

У следчым ізалятары было лягчэй — не даводзілася часта кантактаваць з супрацоўнікамі. Хлопец прывык да перадузятага стаўлення праз «прафулік» і адаптаваўся да таго, як уладкавана СІЗА. Арцём стараўся быць «цішэйшым», каб не атрымаць парушэнне і не патрапіць у карцар.

«Я быў паслухмяны. Адтуль [з карцара] людзі выходзяць, іх проста трасе. Я разумеў, што там з глузду з’еду, лепш захаваць сваё ментальнае здароўе».

Гэта ўсё сістэма. Тух — ты ўжо ўстаеш пад гімн Беларусі, шыхтуешся, засцілаеш за сабой акуратненька, голішся кожную гадзіну. «Прадольныя» кожныя 10 хвілін заходзяць і глядзяць, што робіцца.

Калі нехта ляжыць, ён адразу дубасіць па дзвярах і кажа, што нельга ляжаць. Калі паўтараецца — табе парушэнне. А палітычным могуць даць парушэнне без папярэджання. Тры парушэнні — ідзеш у карцар на дзён пяць. Пры мне чуваку далі пяць сутак за тое, што ён Біблію чытаў ноччу.

«Два глыткі — за людское і злодзейскае». Парадкі ў СІЗА

«Калі мяне прывезлі ў СІЗА на Валадарскага, мы ў адным ангары стаялі, чакалі размеркавання. Назвалі маё імя, прозвішча. Падыходжу, і гэты мусар кажа такі: «Пацан, табе колькі гадоў? Табе васямнаццаць ёсць?» Я кажу: «Так, ёсць». — «Добра, ідзі сюды».

Старэйшыя сукамернікі ўзялі Арцёма «пад крыло» — «навучылі» дысцыпліне, парадку і нават размовам. Жыццё ў СІЗА аказалася зусім не падобным да таго, што паказваюць у кіно, расказвае хлопец.

«Нейкія рэчы [турэмныя паняцці] выконваліся, але яны былі разумныя. Рукі трэба было заўсёды мыць, посуд прыбіраць за сабой — гэта нармальна. Калі на парашы нешта ўпала — усё, гэтым ты не можаш карыстацца. Нейкіх проста жорсткіх рэчаў не было».

Мы пілі чыфір па два глыткі — мне патлумачылі, што гэта «за людское і злодзейскае». Я з гэтага ўгараў, мне было прыкольна. Там усе п’юць па два глыткі і перадаюць па коле.

У следчым ізалятары Арцём стаў «дарожнікам». Ён адказваў за сувязь паміж камерамі па «дарогах» з плеценых нітак, па якіх можна перадаваць запіскі, фотаздымкі і нават прадукты.

Хлопца часта «кілішавалі» — перакідвалі з адной камеры ў іншую. Часам гэта адбывалася некалькі разоў на месяц і выклікала «жорсткі дэпрэсняк».

«Ты ўжо зжываешся з чувакамі, вы пасябравалі такія: «Ёў, мы будзем жыць разам, тусавацца, клас». І тут цябе проста перакідваюць да нейкіх іншых чувакоў, гэта жэсць. Але дзякуючы гэтаму я пазнаёміўся з вельмі вялікім колам людзей».

«Мандавошка» і Стывен Кінг. Дні ў камеры

У СІЗА Арцём сустракаў сваіх аднагодкаў, асуджаных па палітыцы. «Вельмі шмат слёз бачыў у маладых палітычных хлопцаў, якія проста такія далікатныя. Вельмі вялікі ціск быў, пачынаючы ад ЦІПа», — расказвае ён.

Сукамернікі падтрымлівалі адзін аднаго, Арцём стараўся «заўсёды быць вясёлым і не паказваць суму». У камеры шмат чыталі і гулялі ў настольныя гульні, якія рабілі самі.

«Былі вясёлыя моманты, мы разганяліся, як маглі. Маглі гуляць у мандавошку — хто прайграе, той у майтках вершы чытае, песні спявае. Забаўляліся як маглі, але не было жорсткага турэмнага, тыпу «пікі тачоныя». Усё было нармальна ўсюды, тым больш да маладых добра ставіліся».

Самымі папулярнымі былі кнігі Стывена Кінга — іх атрымлівалі ад сваякоў, а пасля чытання абменьваліся з суседзямі. У бібліятэцы СІЗА можна было ўзяць «усякую псіхалагічную дзіч».

«Быў чувак, які проста звар’яцеў з кніжкай Вадзіма Зеланда «Трансёрфінг рэальнасці». Ён мог стаяць, курыць — я бачу, што ён хоча падкурыць, а няма запалак. Я яму кіну запалкі, і ён такі: «О, чувакі! Я проста падумаў, што хачу запалкі, і яны прыляцелі». А ў гэтай кнізе якраз разганяецца, што калі ты захочаш, то так і будзе. Гэта смешна было, але ён вельмі паверыў у гэтую кнігу. Можа, яму гэта дапамагло».

Самому Арцёму дапамагла Біблія, з дапамогай прыпавесцяў хлопец разбіраў жыццёвыя сітуацыі, абмяркоўваў праблемы з іншымі вернікамі і падтрымліваў іх. Падлетак пасябраваў з вернікам-замежнікам, які гаварыў толькі на ангельскай.

«Мы на ангельскай кантачылі, у мяне моцна падняўся ўзровень. Мы з ім у Бога разам верылі, хадзілі, маліліся. Прыкольна было.

Я проста аддаўся веры ў той момант. Не ведаю, як гэта апісаць. Дух быў павышаны. Цяпер я аддаліўся ад гэтага, але ўсё роўна часам звяртаюся да Бога. Вядома, без фанатызму».

Падтрымкай для Арцёма была і сям’я — лісты прыходзілі нават ад сваякоў, з якімі ён не знаёмы. З мамай хлопцу ўдалося пагаварыць толькі на кароткім спатканні ў СІЗА.

«Мы не размаўлялі пра тое, чаму так адбылося [чаму на Арцёма завялі крымінальную справу]. Проста размаўлялі — як у яе справы, як у мяне. Ні з кім я не абмяркоўваў гэтую сітуацыю, бацькі проста неяк абыходзілі яе».

«Ты цяпер малы, малым і выйдзеш». Суд і ад’езд

Сукамернікі і супрацоўнікі СІЗА казалі Арцёму, што прысуд не будзе строгім. «Ты цяпер малы, малым і выйдзеш», — перадае іх словы падлетак. Перад судом канваіры сказалі хлопцу, што ён паедзе дадому.

«Суд у пятніцу, запытваюць 2 гады пазбаўлення. А ў панядзелак мне даюць хатнюю хімію, я выходжу з клеткі, і канваір такі: «Бачыш, я ж казаў».

Калі б я ведаў, што так усё атрымаецца, я з гэтага ўсяго выціснуў бы больш добрага досведу. Я проста вельмі шмат нерваў аддаў. Баяўся, што ў лагер паеду. Мне 19 гадоў, які лагер? Увогуле жэсць».

Пракурор падаў пратэст на прысуд — хацеў, каб Арцёма адправілі ў калонію. Але да чарговага суда ён паспеў з’ехаць у Літву.

«Я зразумеў, што хачу жыць свабодна, не хачу баяцца і аглядацца. Я з’ехаў, папрасіў прытулак і атрымаў бежанства. У мяне ўсё чыкі-пукі».

Арцём жыве і працуе ў Вільні. Хлопец кажа, што сумуе па Беларусі, але пасля года ў Літве называе ўмовы ў роднай краіне «занадта жорсткімі». Ён збіраецца падвучыць ангельскую і пераехаць «кудысьці ў англамоўную краіну».

Хлопец распавядае, што досвед зняволення даў яму шмат знаёмстваў, самастойнасць і «плюс да некаторых характарыстык», але прынёс псіхалагічныя траўмы і праблемы са здароўем.

«Гэта непрыемна. Я адседзеў незразумела навошта. Стараюся аптымістычна на гэта ўсё глядзець, каб было лягчэй».

На локцях у Арцёма развіўся псарыяз — цалкам ад яго не пазбавіцца, але можна выйсці ў рэмісію.

«Я да дэрматолага хадзіў, мне выпісалі мазі прыкольныя, заспакаяльныя. З гэтым жыць можна, гэта ніяк не перашкаджае. Проста крыўдна, што само захворванне ёсць. І ўсё гэта праз месцы пазбаўлення волі, праз Лукашэнку».

Чытайце таксама:

«Я веру ў сілу напісанага». Як беларуска дапамагае лістам трапіць у Беларусь да палітвязняў

Алег Кулеша: «Спыняцца нельга. Бо ў беларускіх вязніцах і сёння, і заўтра людзі ўстануць ранкам і будуць грэбці снег»

«Піша вельмі бадзёрыя лісты». Што вядома пра зняволенага дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых

Клас
18
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
38
Абуральна
47