Дональд Трамп. Sue Ogrocki / AP

Дональд Трамп. Sue Ogrocki / AP

У сваёй першай перадвыбарнай прамове 2024 года прэзідэнт ЗША Джо Байдэн папярэдзіў выбаршчыкаў аб небяспеках, якія пагражаюць краіне ў выпадку вяртання да ўлады свайго верагоднага апанента Дональда Трампа. Байдэн назваў Трампа «фундаментальнай пагрозай амерыканскай дэмакратыі» і нагадаў пра напад на Капітолій, паведамляе Бі-бі-сі.

«Ці працягне дэмакратыя быць святой місіяй Амерыкі, — гэта самае актуальнае пытанне нашага часу (…), у ім уся сутнасць выбараў 2024 года», — падкрэсліў цяперашні прэзідэнт у сваёй эмацыйнай прамове.

Трамп у сваю чаргу рэзка адрэагаваў на яе падчас выступу перад сваімі прыхільнікамі ў штаце Аёва. Ён назваў яе «жаласнай страшылкай» і сказаў, што Байдэн сам — пагроза дэмакратыі.

«Паслужны спіс Байдэна — гэта бесперапынная чарада [праяў] слабасці, некампетэнтнасці, карупцыі і правалаў», — заявіў Трамп.

Трамп — самы імаверны кандыдат на пасаду прэзідэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі — часта паўтарае ілжывае сцвярджэнне аб тым, што выбары 2020 года былі ў яго скрадзеныя.

Былы прэзідэнт нават спрабаваў прадставіць напад 6 студзеня як «выдатны дзень» у сваіх публічных выступах. Ён называў удзельнікаў штурму «патрыётамі» і палітычнымі вязнямі і абяцаў памілаваць іх, калі вернецца ў Белы дом.

Узяўшы пад прыцэл гэтую рыторыку Трампа, Байдэн у сваёй прамове абвінаваціў яго ў спробе «скрасці гісторыю», пры гэтым каля 40 разоў назваўшы свайго суперніка па імені.

«Натоўп Трампа сабраўся не для мірнага пратэсту, а для гвалтоўнага штурму, — сказаў Байдэн. — Яны былі мяцежнікамі, а не патрыётамі. Яны там сабраліся не для таго, каб абараніць Канстытуцыю, а каб знішчыць Канстытуцыю».

«Тых, хто яму супрацьстаіць, ён называе паразітамі. Ён кажа аб атручванні крыві амерыканцаў, паўтараючы тыя ж самыя выразы, якія выкарыстоўваліся ў нацысцкай Германіі», — працягнуў цяперашні прэзідэнт.

Перадвыбарчы штаб Трампа пакуль не адрэагаваў на просьбу аб каментарах.

Джэйсан Мілер, старшы дарадца перадвыбарчага штаба Трампа, напісаў у сябе ў X (былым «твітэры«), што Байдэн «вырашыў не будаваць сваю кампанію на канкрэтных праблемах у 2024 годзе».

«Замест таго, каб дапамагаць тым, хто пакутуе ад «Байдэномікі» або з-за нашай дзіравай паўднёвай мяжы, Байдэн плануе зрабіць урад сваёй зброяй супраць свайго галоўнага палітычнага апанента», — пракаментаваў Мілер.

Байдэн у сваіх выступах зноў і зноў вяртаецца да тэмы захавання дэмакратыі ў ЗША.

У 2020 годзе ў сваёй прэзідэнцкай кампаніі ён пазіцыянаваў сябе як кандыдат, здольны вярнуць Амерыку да нармальнага жыцця. Перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў 2022 года Байдэн назваў іх «бітвай за душу нацыі».

Цяперашняе перадвыбарчае выступленне Байдэна адбылося недалёка ад Нацыянальнага гістарычнага парку Вэлі-Фордж у Пенсільваніі.

Гэтае месца было абрана спецыяльна, каб падкрэсліць высокія стаўкі ў прэзідэнцкай гонцы. Вэлі-Фордж вядомы тым, што там падчас амерыканскай вайны за незалежнасць армія Джорджа Вашынгтона перажыла цяжкую зіму 1777-78 гадоў.

Чытайце таксама:

Вярхоўны суд ЗША вырашыць, ці зможа Трамп балатавацца на пасаду прэзідэнта

Дональд Трамп заявіў, што менавіта яго эпізод у «Адзін дома 2» зрабіў фільм паспяховым

Суд у Каларада забараніў Трампу ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах

Клас
18
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
0