Фота: Thitikorn Suksao / vecteezy.com

 Фота: Thitikorn Suksao / vecteezy.com

CRISPR як медычная вяха

З’явіўся новы метад рэдагавання генаў Casgevy, які нарэшце можа вылечыць серпападобна-клеткавую анемію — паталогію, якая ў асноўным сустракаецца сярод афраамерыканцаў ЗША. Гэтае інавацыйнае лячэнне мадыфікуе ствалавыя клеткі для барацьбы з хваробай на генетычным узроўні.

Навукоўцы выкарысталі крутую тэхніку пад назвай CRISPR, якая дазваляе рэдагаваць ДНК так, быццам гэта дакумент Word. Спатрэбіліся дзесяцігоддзі, каб да гэтага дайсці, але цяпер лекары могуць знайсці і замяніць усе асноўныя генетычныя мутацыі. Гэта вялікая справа.

GLP-1: выклік дыябету і атлусценню

Новыя прэпараты GLP-1, такія як Ozempic і Wegovy, абяцаюць здзейсніць рэвалюцыю ў лячэнні дыябету і атлусцення. Прычым вынайдзеныя яны былі ў сліне пустыннай яшчаркі — як вам такі паварот?

Але эфект лекаў варты таго: яны дапамагаюць людзям выпрацоўваць больш інсуліну і хутчэй адчуваць сябе сытымі.

Некаторыя пацыенты страцілі падчас клінічных выпрабаванняў 15% масы цела і больш. Новыя прэпараты нават нейкім чынам памяншаюць залежнасць ад курэння і азартных гульняў.

 

Магія вялікіх моўных мадэляў

Выпуск GPT-4 ад OpenAI азначае агромністы скачок у тэхналогіі моўных мадэляў з мабільнымі праграмамі, пачынаючы ад дапамогі ў кадаванні і заканчваючы патэнцыйнай дапамогай у здачы медычных і юрыдычных іспытаў.

А гэтай вясной група даследчыкаў у часопісе Science абвясціла, што яны знайшлі спосаб выкарыстоўваць трансфарматарную тэхналогію GPT для прагназавання паслядоўнасцяў бялку на ўзроўні асобных атамаў — то-бок, лепш зразумець «мову» бялкоў у нашых ланцужках. Штучны інтэлект сапраўды развіваецца з хуткасцю святла.

Тэрмаядзерная энергія на цалю бліжэйшая да рэальнасці

Усплёск прагрэсу ў даследаваннях тэрмаядзернага сінтэзу набліжае нас да паўтарэння сонечнага працэсу выпрацоўкі энергіі.

Летась падчас эксперыменту з лазерамі ў фізічнай лабараторыі ў Каліфорніі навукоўцы дасягнулі першай у гісторыі рэакцыі тэрмаядзернага сінтэзу, якая стварыла больш энергіі, чым патрабавалася для яе вытворчасці (калі канкрэтней — у паўтара разу больш).

Праз паўгода даследчыкі той жа лабараторыі амаль удвая павялічылі чыстую колькасць энергіі, калі-небудзь выпрацаванай рэакцыяй тэрмаядзернага сінтэзу.

Новыя тэрмаядзерныя кампаніі Commonwealth Fusion Systems і Helion спрабуюць маштабаваць гэтую тэхналогію. Хто там марыў пра будучыню з чыстай бязмежнай энергіяй? Выглядае, яна ўжо блізка.

Вакцыны супраць малярыі і RSV

Малярыя, якая забрала жыцці больш за 600 000 чалавек у 2022 годзе, з'яўляецца адной з асноўных прычын дзіцячай смяротнасці ў свеце. Але нарэшце з'явіліся эфектыўныя вакцыны супраць малярыі і RSV (рэспіраторны сінцыцыяльны вірус).

Першая вакцына супраць малярыі, якая дасталася мільёнам людзей, мела 80% эфектыўнасці, але ў яе была абмежаваная колькасць. Таму ў 2023 годзе СААЗ парэкамендавала пашырыць пастаўкі і доступ да другой вакцыны супраць малярыі — R21.

Новыя вакцыны супраць RSV патэнцыйна маглі б дапамагчы прадухіліць да 80 000 шпіталізацый дзяцей і да 160 000 шпіталізацый дарослых з RSV штогод.

 Штучны інтэлект-забойца

Іншы бок штучнага інтэлекту выяўляецца, калі ён выкарыстоўваецца ў ваенным кантэксце, ад бамбардзіровак да кіравання беспілотнікамі супраць варожых дзяржаў. Тут штучны інтэлект нярэдка грае ролю забойцы.

Напрыклад, згодна з паведамленнямі ў The Guardian, Армія абароны Ізраіля кожны дзень выкарыстоўвае Habsora, платформу для стварэння мішэняў штучнага інтэлекту, для атрымання дзясяткаў мэтавых рэкамендацый на аснове назапашаных разведданых, якія могуць ідэнтыфікаваць прыватныя дамы асоб, што падазраюцца ў супрацоўніцтве з ХАМАС або Ісламскім Джыхадам.

 

Выкарыстанне цяпла Зямлі для атрымання энергіі

Якіх толькі новых спосабаў здабывання энергіі не прыдумаюць навукоўцы. Цяпер яны ўзяліся за натуральнае падземнае цяпло Зямлі.

Традыцыйныя геатэрмальныя станцыі выкарыстоўваюць пару з тэрмальных крыніц для вытворчасці электрычнасці. Дык вось, некаторыя стартапы цяпер выкарыстоўваюць фрэкінг (гідраўлічны разрыў пластоў), разбіваючы гарачыя камяні ў глыбінях глебы і запампоўваючы туды ваду, каб стварыць штучныя гарачыя пункты і карыстацца з энергіі, што ў іх выпрацоўваецца. Менавіта гэта робіць кампанія Fervo ў штаце Невада для сілкавання цэнтраў апрацоўкі даных Google.

І яшчэ інжынеры нядаўна адкрылі глыбока прыхаваныя вялізныя залежы вадароду, якія могуць выпрацоўваць чыстую энергію пры спальванні, і з адкідаў пры гэтым будзе… толькі вада! Гэта не прыродны газ, які мы ведаем, а свежы чысты вадарод.

Мяркуецца, што ў глыбінях Зямлі дастаткова энергіі, каб забяспечыць энергіяй чалавецтва на тысячы гадоў наперад.

 

Бактэрыі, якія змагаюцца з ракам

Навукоўцы стварылі «фарбу» для твару, якая змагаецца з ракам! Даследчыкі вырашылі паэксперыментаваць са сканструяванымі скурнымі бактэрыямі, якія валодаюць здольнасцю змагацца з пухлінамі. Яны ўзялі звычайныя скурныя бактэрыі, сканструявалі іх так, каб тыя пераносілі кавалачкі ракавай пухліны, і пацерлі імі мышэй. Неўзабаве мышы выпрацавалі адмысловыя элементы для атакі пухліны. То-бок даследчыкі вынайшлі своеасаблівую вакцыну— але такую, якая падаецца праз скуру, а не праз іголкі.

Такім чынам, аднойчы мы зможам вылечыць рак або атрымаць вакцыны, проста наносячы крэмы! 

Прэпарат «сабачага даўгалецця»

Адной з прыкметных распрацовак з'яўляецца новы прэпарат біятэхналагічнай кампаніі Loyal для буйных пародаў сабак, якія ў сярэднім паміраюць маладзейшымі, чым маленькія сабакі. Зніжаючы ўзровень гармону IGF-1, які, як мяркуюць, паскарае старэнне, прэпарат накіраваны на павышэнне адчувальнасці да інсуліну і падаўжэнне жыцця ў такіх пародаў, як догі.

Нягледзячы на тое, што да прымянення прэпарата на людзях яшчэ далёка, ён з'яўляецца важнай вяхой на шляху развіцця медыцыны супраць агульных біялагічных механізмаў старэння.

Чытайце таксама:

Нейрапсіхолаг расказаў аб карысці гультайства на Новы год

За грошы на касмічныя і сацыялагічныя даследаванні Акадэміі навук пабудуюць бульбасховішча

Па свеце распаўсюджваецца вірус, які пераўтварае жывёлаў у «зомбі». Ёсць рызыка перадачы хваробы людзям

Клас
34
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
5