Аляксандр Мілінкевіч

«Ёсць два варыянты (наконт перамогі дэмакратыі ў грамадстве), — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч. — У Польшчы гэта было асабліва відавочна. Там было два крылы знакамітай польскай дзесяцімільённай «Салідарнасці».

Меншая частка, жорстка радыкальная, лічыла, што толькі зброя, што нельга размаўляць з тымі, хто мае крывавыя рукі. А другая казала, што каб людзі не загінулі, каб не згубіць незалежнасці (таму што ў іх таксама незалежнасць была пад пагрозай), патрэбныя перамовы.

І да сённяшняга дня наконт гэтага ідзе жорсткая дыскусія ўжо ветэранаў «Салідарнасці». Большасць тады была за круглы стол, нягледзячы на тое, што гэта вельмі цяжка маральна — сядаць насупраць тых, хто страляў і забіваў.

Але яны верылі, што дзеля таго, каб гэта свабода прыйшла, гэта варта зрабіць. І яны селі за круглы стол і дамовіліся. Першыя выбары былі так званыя «дамоўныя», частку людзей у парламент выстаўляла ўлада, частку — «Салідарнасць».

Канешне, гэта не былі сапраўды дэмакратычныя выбары да канца, але спрацавала. Яны збераглі незалежнасць Польшчы і ў яе прыйшла стабільная дэмакратыя.

Таму, калі мы кажам, ці магчымы круглы стол з Лукашэнкам, ці магчымы з ім перамовы, то сёння выглядае, што не. Проста чырвоныя лініі пройдзеныя ў такой ступені, што немагчыма.

Але можа так здарыцца, што, напрыклад, адыдзе са сваёй пасады ці з жыцця Пуцін, і трэба будзе вырашаць лёс Беларусі, зноў з’явіцца акно магчымасцяў.

У гэты момант Лукашэнка будзе непазбежна слабнуць, таму што не будзе побач Расіі, і ён можа настойліва прапанаваць перамовы.

І вось перад Захадам і перад намі ўстане маральны выбар: ці сядаць з такой крывавай, жорсткай, ужо таталітарнай дыктатурай за стол перамоў, ці змагацца за свабоду з узброенымі сіламі Беларусі?

Дарэчы, я ўвесь час паўтараю — санкцыі ніколі ў Беларусі не вызвалялі палітвязняў. Гэта як двусечны меч. Санкцыі могуць прынесці карысць у доўгатэрміновай перспектыве, могуць аслабіць дыктатуру, але ў нашым выпадку яны знішчаюць незалежнасць.

Палітвязняў вызвалялі перамовы, дыялог, калі Лукашэнка быў настолькі аслаблены і напалоханы Расіяй, напрыклад, падчас грузінскага канфлікту, ён ішоў на перамовы і вызваляў усіх палітвязняў.

Гэта не значыць, што санкцыі не трэба ўводзіць. Я так ніколі не казаў і не кажу. Яны бываюць вельмі патрэбныя, але санкцыі — гэта не адзіная зброя, якая ёсць у дэмакратычных сіл».

Аналізуючы беларускія пратэсты мінулых гадоў, палітык падкрэсліў, што не лічыць іх паразай.

«Кожны такі выступ — у 2006, 2010, 2020 годзе — меў вялікае значэнне, нягледзячы на пакуты, арышты, турму, вымушаныя ад’езды з краіны.

Гэта барацьба вельмі складаная. Трэба разумець, што мы не толькі з дыктатуры хочам выйсці, але мы выходзім і з жудаснай апошняй імперыі ў свеце.

Яна стаіць за Лукашэнкам і ўтрымлівае гэтую дыктатуру, бо з ёй лёгка дамовіцца. З дэмакратамі, можа, увогуле было б немагчыма дамовіцца расійскаму рэжыму.

Таму кожны крок для нас надзвычай важны. Была і роспач, і горыч з-за таго, што не выйгралі. Але галоўнае — гэтыя крокі дазвалялі людзям убачыць, што ёсць тыя, хто змагаецца за свабоду, тыя, хто гаворыць праўду, тыя, хто кажа пра наша вяртанне ў Еўропу.

Бо мы не ідзем у Еўропу, а вяртаемся ў яе. Мы паходзім з яе.

І вось кожны наш выхад дадаваў духу, калі казаць пра шырокае грамадства. Людзі ведалі, што яны не ў адзіноце ў маленькім мястэчку, што ёсць і іншыя. І гэта салідарнасць, пачуццё пляча, разуменне, што мы можам і мы зробім, былі надзвычай важнымі.

Рэвалюцыя часцей за ўсё праходзіць у некалькі этапаў. Але ўсё роўна гэта шлях наперад. І для мяне 2020 год стаў кульмінацыяй, таму што ўпершыню мы маем большасць у грамадстве.

Мы — гэта людзі, якія хочуць жыць годна па каштоўнасных еўрапейскіх правілах і адчуваць сябе еўрапейцамі.

Нас большасць, а ў нас ніколі не было большасці, была актыўная, свядомая, такая пасіянарная меншасць. І важна, што наша большасць не змяншаецца.

Я маю велізарную колькасць кантактаў з людзьмі ў Беларусі. І зараз нават больш становіцца тых, каго пакрыўдзілі. Яны думалі, што нейтральныя, а аказалася, пасля пасадак сваякоў, што не.

Апошняе: упершыню ў гады незалежнасці мы маем дэмакратычнага прэзідэнта, абранага ўсім народам. Увесь народ сказаў, што хоча жыць нармальна, і прагаласаваў за Ціханоўскую. Яна ёсць, яна працуе, робіць усё, што можа. Можа, штосьці не атрымліваецца.

Але гэта легітымізацыя дэмакратызацыі шырокай Беларусі. У мінулыя этапы нашых рэвалюцый такога не было. Гэта эвалюцыя. Здаецца, эвалюцыя і рэвалюцыя — розныя працэсы, а атрымліваецца, што рэвалюцыя прыводзіць да эвалюцыі ў галовах людзей.

Таму працэс нават у гэтых умовах вельмі добры. Беларусы не вернуцца ў мінулае, яны хочуць ісці наперад, а ўлада трымаецца за гэта мінулае», — кажа Мілінкевіч.

Чытайце таксама:

Прайшоў ператрус у доме Аляксандра Мілінкевіча

«Ведаю яго 25 гадоў». Мілінкевіч — пра памерлага гарадзенца Дзяніса Швыркіна, чыё сэрца не вытрымала ў эміграцыі

Мілінкевіч выказаўся пра наступствы замены Святланы Ціханоўскай і магчымы яе палітычны лёс пасля 2025 года

Клас
14
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
9