Лукашэнка і Сі Цзіньпін. Фота: БелТА

Лукашэнка і Сі Цзіньпін. Фота: БелТА

«Сітуацыя абсалютна не задавальняе Кітай»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч адзначае, што візіт Лукашэнкі ў Паднябесную быў незапланаваны.

«Ён сам не хаваў, што гэта быў надзвычайны, аператыўны візіт. Пра сустрэчу прасіў менавіта беларускі бок і так атрымалася, што кітайскі бок пагадзіўся на яе менавіта тады, калі Лукашэнка знаходзіўся ў Дубаі», — кажа палітолаг.

Карбалевіч адзначае, што візіт у Кітай быў нечаканым нават для Лукашэнкі, таму беларускія ўлады гэтага не адмаўлялі, а сам Лукашэнка дзякаваў Сі Цзіньпіну, што той пагадзіўся яго прыняць.

Валер Карбалевіч. Фота: «Наша Ніва»

Валер Карбалевіч. Фота: «Наша Ніва»

На сустрэчы з Сі Цзіньпінам Лукашэнка мог абмяркоўваць пытанні транзіту кітайскіх грузаў праз Беларусь.

«Беларусь цікавая для Кітая перш за ўсё як транзітны хаб на шляху ў ЕС. Па стане на 2019 год, праз нашу краіну ішло каля 80-90% грузаў, якія пастаўляліся з Кітая ў краіны Еўропы», — адзначае Карбалевіч.

Таксама, на думку палітолага, на гэтай сустрэчы маглі абмяркоўвацца пытанні працы сумеснага беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».

«Ідэя была такой, што кітайскія кампаніі, атрымаўшы вялікія падатковыя льготы, будуць выпускаць прадукцыю, якая будзе ніжэйшай па сабекошце, а значыць больш канкурэнтаздольнай. Гэтая прадукцыя мусіла ісці ў Еўропу, якая разглядалася галоўным рынкам.

Для таго, каб гэтая мадэль запрацавала, неабходныя добрыя адносіны паміж Беларуссю і ЕС. У рэальнасці атрымалася ўсё наадварот. Адносіны сапсаваліся, супраць Беларусі ўведзены эканамічныя санкцыі, у адказ на створаны рэжымам мігранцкі крызіс закрылі шэраг пунктаў пропуску».

На думку Карбалевіча, такая сітуацыя абсалютна не задавальняе Кітай. Адсутнасць Лукашэнкі на форуме «Адзін пояс, адзін шлях» ён называе дэманстрацыяй гэтага незадавальнення з боку Кітая.

«Беларусь фактычна страціла той транзітны статус, які з’яўляецца важным эканамічным і палітычным капіталам. Таму, як я разумею, беларускі бок вельмі моцна прасіў кітайскае кіраўніцтва, каб гэта сустрэча адбылася, каб нешта растлумачыць або нешта паабяцаць».

Пры гэтым Карбалевіч цяжка ўяўляе, што Лукашэнка мог паабяцаць Сі Цзіньпіну, а галоўнае якім чынам ён можа наладзіць стасункі з ЕС, каб Беларусь зноў магла стаць тым лагістычным хабам, дзеля якога і пачалася гісторыя беларуска-кітайскага сяброўства.

«Лукашэнка сам прасіў Сі Цзіньпіна, каб такая сустрэча адбылася»

Палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі таксама лічыць візіт Лукашэнкі ў Кітай у першыя дні снежня незапланаваным.

Аляксандр Класкоўскі. Фота: «Наша Ніва»

Аляксандр Класкоўскі. Фота: «Наша Ніва»

«На нядаўняй нарадзе па знешнепалітычных пытаннях ён казаў пра меркаваныя візіты ў Эміраты, Турцыю, Экватарыяльную Гвінею, але пра паездку ў Кітай гаворкі не было. Іншы момант, які ўказвае на незапланаванасць гэтага візіту — сам факт вылету ў Кітай з Эміратаў», — кажа эксперт.

Кароткая працягласць і рабочы статус візіту падкрэсліваюць той факт, што ён не быў запланаваны, разважае Класкоўскі.

Пры гэтым ён адзначае: шмат якія моманты паказваюць на тое, што Лукашэнка сам прасіў Сі Цзіньпіна, каб такая сустрэча адбылася.

«Лукашэнка рассыпаўся перад Сі ў кампліментах, выказваў падзяку за аператыўнасць, за тое, што Сі Цзіньпін знайшоў час для гэтай сустрэчы. З гэтага можна прыйсці да высновы, што Лукашэнка прасіў гэтай аўдыенцыі, таму калі яму далі сігнал, то ён сарваўся з саміту ў Эміратах і паляцеў у Кітай».

Лукашэнка падчас саміту ў Дубаі. Фота: AP/Rafiq Maqbool

Лукашэнка падчас саміту ў Дубаі. Фота: AP/Rafiq Maqbool

Асноўнай версіяй, чаму такая сустрэча адбылася, Класкоўскі называе адсутнасць Лукашэнкі на форуме «Адзін пояс, адзін шлях» і незадаволенасць Кітая тым, што Лукашэнка сваркамі з суседнімі краінамі ЕС паставіў пад удар кітайскія транзітныя інтарэсы. Праз гэта яму трэба было сустрэцца з кітайскім лідарам, каб растлумачыць свае пазіцыі і агучыць аргументы, чаму склалася такая сітуацыя.

«Верагодна, ён мог абяцаць, што будзе намагацца разрадзіць сітуацыю, каб яна прынамсі не пагоршылася. Магчыма, падчас візіту ў Пекін ён даводзіў Сі, што ў яго на носе перадвыбарчая кампанія, што ён пакуль не можа адкручваць гайкі і рабіць нейкія сур’ёзныя крокі ў стасунках з ЕС.

Але нешта ўжо робіць. З таго, што мы можам назіраць сёння, гэта тое, як зменшыўся міграцыйны ціск на мяжы».

«Магчыма, ён пойдзе на вызваленне Анджэя Пачобута»

Паколькі Кітай для Лукашэнкі сапраўды з’яўляецца вельмі важным эканамічным і геапалітычным партнёрам, то ён можа пайсці на нейкія крокі, каб палепшыць сітуацыю.

«Напэўна, Лукашэнка як мінімум пастараецца не абвастраць міграцыйную праблему, магчыма, ён пойдзе на вызваленне Анджэя Пачобута, паколькі ў адказ Польшча абяцала адкрыць адзін з памежных пунктаў пропуску», — кажа аналітык.

Але чакаць больш сур’ёзных, сістэмных крокаў не варта.

«Для гэтага трэба пачаць адкручваць гайкі, выпускаць палітвязняў, праводзіць свабодныя выбары. Натуральна, што Лукашэнка зрабіць гэтага не можа. Таму калі нейкія крокі ў кірунку лібералізацыі і будуць зробленыя, то толькі пасля выбараў. Аднак гэта будуць вельмі абмежаваныя крокі», — лічыць аналітык.

Чытайце таксама:

Лукашэнка актыўна прасоўвае Беларусь на афрыканскім кантыненце. Але ці зацікаўлена Афрыка ў Беларусі? Тлумачыць эканаміст

Клас
14
Панылы сорам
4
Ха-ха
8
Ого
7
Сумна
7
Абуральна
26

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?