Іван Янкоўскі ў ролі «Адыдаса». Кадр з серыяла

Іван Янкоўскі ў ролі «Адыдаса». Кадр з серыяла

Серыял мае высокі рэйтынг на кінасайтах. На «Кінапошуку» ён атрымаў ад гледачоў 9 балаў і 4-е месца з серыялаў усіх часоў (уступіўшы толькі «Ва ўсе цяжкія», «Сямнаццаці імгненням вясны» і «Гульні тронаў»).

Тэма моладзевых груповак была гарачай у гады скону Савецкага Саюза і жыва абмяркоўвалася ў СМІ. Рамантызацыяй падобных сацыяльных з’яваў грашыў расійскі кінематограф пазней, здымаючы серыялы тыпу «Брыгады». Але мінулі позднесавецкія часы, мінулі дзевяностыя, многія патэнцыяльныя гопнікі ўжо не ходзяць па вуліцах і завіслі ў інтэрнэце. Савецкі Саюз у расійскім масавым кіно апошніх часоў выглядае збольшага гэткай «Россией, которую мы потеряли 2», сонечным далёка, дзе замест хрусту булкі было ўжо марозіва па 20 капеек.

І таму ў чымсьці нечаканы серыял, дзе позні СССР паказаны быццам у атмасферы кіно позніх 80-х — бязладдзя і сацыяльнай дэпрэсіі.

Першы сезон яшчэ не скончыўся, а ў СМІ пішуць, што расійскія падлеткі пачалі гуртавацца ў банды на ўзор паказаных у серыяле. У Татарстане школьнікі, напрыклад, пачалі дзяліць тэрыторыю на «зоны адказнасці».

Калі глядзіш «Слова пацана», не ствараецца ўражанне, што бандыцкая вуліца там рамантызуецца — якраз наадварот. Але, як гэта часта бывае з таленавітымі творамі, што трапляюць у той самы сацыяльны нерв у той самы момант, аўтарская задумка і лёс твора пачынаюць жыць асобна.

Харашыст Андрэй, які вырашыў далучыцца да банды. Кадр з серыяла

Харашыст Андрэй, які вырашыў далучыцца да банды. Кадр з серыяла

Па-першае, серыял чапляе шматлікімі адсылкамі да тагачасных васьмідзесяцкіх фільмаў. Хоць такія паліто, якое носіць Андрэй (харашыст, які вырашыў далучыцца да групоўкі, каб не быць «чушпанам»), у канцы васьмідзесятых ужо амаль не насілі, але глядач згадвае вядомую постаць героя фільма «Плюмбум, ці Небяспечная гульня». А сцэна, калі ўжо «вулічны» Андрэй выпадкова апынуўся ў тусоўцы «прыстойных», якія яго не прымаюць, вельмі нагадвае ключавую сцэну шахназараўскага «Кур’ера».

У фільме хапае адсылак, што чапляюць і маладзейшых гледачоў. Напрыклад, Марат па знешнасці, унутранных перакананнях і паводзінах — гэткі адаптаваны Томас Шэлбі з «Вострых казыркоў» (або Джасцін Бібер, але тут толькі знешняе падабенства).

Марат і Андрэй. Кадр з серыяла

Марат і Андрэй. Кадр з серыяла

На адну з галоўных роляў — «Адыдаса», старэйшага брата Марата і верхавода прыдуманай банды «Універсам» — рэжысёр Жора Крыжоўнікаў (вядомы па фільмах «Горка!» і «Тэлефануйце ДыКапрыа») паклікаў Івана Янкоўскага. Бацьку яго грае Сяргей Буруноў. А маладую міліцыянтку Ірыну Сяргеўну — беларуская мадэль і актрыса Анастасія Красоўская (яна здымалася ў кліпе Цімы Беларускіх «Вітамінка»).

Андрэй і міліцыянтка Ірына Сяргееўна, у якую ён закахаўся. Кадр з серыяла

Андрэй і міліцыянтка Ірына Сяргееўна, у якую ён закахаўся. Кадр з серыяла

Серыял чапляе дэталёвай прапрацоўкай тагачаснага савецкага быту, але часам дакладнасць прыносіцца ў ахвяру дзеля кантрастнасці і расстаноўкі акцэнтаў. Так, у канцы васьмідзесятых у сёмых-восьмых класах ужо саромеліся піянерскага гальштука — адзнакі дзіцячага ўзросту — і не насілі яго. Таму быў узамен распрацаваны значок «старшы піянер», які дазваляў адчуць сябе больш дарослым перад уступленнем у камсамол.

Але чатырнацццацігадовыя героі ў фільме дысцыплінавана носяць гальштук у школе. Белы фартушок Айгуль таксама недарэчны, таму што гэта не паўсядзённая школьная форма: іх даставалі з шафы рэдка і толькі на святы. А ўжо старшыня школьнай камсамольскай ячэйкі — увогуле персанаж анекдатычны. Такіх дурняў не было ў канцы васьмідзесятых: гэта быў час суцэльнага цынізму да афіцыйнай ідэалогіі. Але гэтыя штрыхі дапамагаюць стварыць кантраст паміж паралельнымі рэчаіснасцямі ў дэградуючым грамадстве. Афіцыйнай, дзе фарбуюць траву на «Тытаніку», і рэальнай, у якой жывуць людзі.

У фільме добра паказана, чаму моладзь далучаецца да бандаў: каб абараніць сябе і сваіх блізкіх, бо дзяржаўныя інстытуты на гэта няздольныя.

Тут можна згадаць Лацінскую Амерыку, дзе банды заўсёды былі жывучыя, у многім таму, што яны так выконвалі функцыю сацыяльнай абароны сваіх, як ніхто не выконваў. І гэта ілюструе слёзавыціскальная сцэна, калі маці Андрэя дзякуе хлопцам за страчаную мехавую шапку. І Марат перад мянтамі крычыць, што вуліца заступіцца за яго, а тыя, хто звонку — не. І піянерка Айгуль, калі трапляе ў сапраўды небяспечныя сітуацыі, лапоча: «Я з універсамаўскімі».

Усе паралелі выпадковыя? Жыхары Растова не віталі вагнераўцаў? Глыбінная Расія ў маўчанні не спадзявалася, што «гэтыя, нашы» нарэшце нешта пераламаюць у бок справядлівага?

Кадр з серыяла

Кадр з серыяла

І яшчэ: многія ж адчуваюць у Расіі, што цяперашняя вайна несправядлівая і злачынная. Але на пэўным этапе зноў выплыла дыхатомія «свой-чужы». Я павінен быць са сваімі, нават калі яны няправыя. І таму Андрэй малоціць у бальнічным ложку безабароннага забойцу. А міліцыянтцы, якая гідзіцца такога ўчынку, — у лепшым выпадку камень у акно. Таму што «сіла ў праўдзе», як яе разумеюць «нашы» і «иногда не до законов». 

Серыял, які, здаецца ж, пра падлеткаў, пазначаны як 18+. Там шмат непрыкрытага гвалту і крыві. Але сучаснікі на фоне вайны да гэтага прызвычаіліся. Канапавыя патрыёты з розных бакоў лёгка рэпосцяць сцэны, як забіваюць з коптараў «ворагаў». І ўсё звыкла. Але тут эмацыянальна чапляе, таму што ты ведаеш гісторыю герояў, якія ўжо сталі сваімі. І яны не добрыя і нават не абсалютна злыя, яны проста ўжо свае, і ўсё. Я з універсамаўскімі — падсвядома адчувае прыязны глядач, жывучы у бязладдзі і бесчасоўі.

Клас
13
Панылы сорам
48
Ха-ха
9
Ого
8
Сумна
4
Абуральна
47