Выступленне пракурора Дзмітрыя Лук'янава. Фота: тэлеграм Унутраных войскаў МУС

Выступленне пракурора Дзмітрыя Лук'янава. Фота: тэлеграм Унутраных войскаў МУС

Сёння з навабранцамі вайсковай часці 5448 правялі занятак па ідэалагічнай падрыхтоўцы, на якім выступіў пракурор Ленінскага раёна горада Мінска старшы саветнік юстыцыі Дзмітрый Лук'янаў.

Тэмай стала расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа — які, нагадаем, пракуратуру зацікавіў толькі пасля 2020 года. 

На экране падчас выступу пракурора дэманстравалася здымкі целаў, знішчаных нацыстамі, подпіс пад імі сцвярджаў, што ў канцлагеры «Трасцянец» было знішчана 546 000 чалавек.

Але надпіс на помніку, пастаўленым на гэтым месцы за савецкім часам, гаворыць пра тое, што «нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі, закатавалі, спалілі 201 500 чалавек — мірных грамадзян, партызан, ваеннапалонных Савецкай арміі».

Атрымліваецца розніца амаль удвая. Адкуль жа ўзялася новая лічба? Яна апошнім часам перыядычна ўсплывае ў друку, але звычайна без спасылкі на крыніцу.

Надпіс на савецкім помніку ў Трасцянцы. Фота: Wikimedia Commons

Надпіс на савецкім помніку ў Трасцянцы. Фота: Wikimedia Commons

Першай яе, відаць, назвала ў 1995 годзе гісторык Ала Ванькевіч, супрацоўніца Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Лічба 546 тыс. чалавек загінулых у Трасцянцы абапіраецца на дакументы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі і Мінскай абласной камісіі садзейнічання рабоце НДК за ліпень 1944 года, калі Мінск быў толькі вызвалены ад нацыстаў. Копіі рукапісаў дакументаў прыблізных вынікаў першых аглядаў і расследаванняў злачынстваў акупантаў у Трасцянцы сёння захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці і ў фондах Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У іх прыводзяцца наступныя звесткі:

«Камісія, улічваючы паказанні сведак, колькасць і памеры магіл, колькасць трупаў і аб'ём попелу і костак у магілах, лічыць, што паводле самых мінімальных падлікаў у раёне лагера Трасцянец фашысцкімі людаедамі знішчана 546 тыс. чалавек …».

Але ў канчатковы тэкст гэтага акта той жа камісіі ад 13 жніўня 1944 года, пасля глыбейшага аналізу атрыманых матэрыялаў, прыводзіліся больш рэалістычныя лічбы знішчаных ва ўсіх месцах, звязаных з дзейнасцю Трасцянца з 1941 па 1944 год, — 201 500 чалавек.

Важна падкрэсліць, што дакладна вызначыць колькасць загінулых было немагчыма, бо нацысты знішчалі сляды сваіх злачынстваў, а практыка спалення целаў пакідае мала інфармацыі для ўзнаўлення рэальнай карціны. Такім чынам і 201 500, і 546 000 ахвяраў — ацэначныя значэнні. 

Выступленне пракурора Дзмітрыя Лук'янава. Фота: тэлеграм Унутраных войскаў МУС

Выступленне пракурора Дзмітрыя Лук'янава. Фота: тэлеграм Унутраных войскаў МУС

Каб змяніць, удакладніць гэтую лічбу, трэба правесці нейкія новыя навуковыя даследаванні. Пра такія даследаванні ў апошнія гады не вядома.

Брама Памяці ў Трасцянцы. Фота: Wikimedia Commons

Брама Памяці ў Трасцянцы. Фота: Wikimedia Commons

З вясны 2021 года, калі завялі крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа, прапаганда імкнулася падкрэсліць сувязь тых мільёнаў беларусаў, якія пратэставалі ў 2020 годзе супраць фальсіфікацыі выбараў і парушэнняў законнасці ў краіне, з калабарацыянісцкімі фарміраваннямі часоў вайны.

Нават на вокладку кнігі «Генацыд беларускага народа» быў маніпулятыўна змешчаны фотаздымак з ночы пасля выбараў. Фотапараўнанні часоў акупацыі з часамі мірных пратэстаў ёсць і на яе старонках.

Па-першае, у 2020-м не было ні вайны, ні замежнага ўварвання, а выбухнулі мірныя і бяззбройныя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і дыктатуры.

Па-другое, нельга звальваць віну на нацысцкія злачынствы на беларусаў. Дагэтуль ніводнага пацвярджэння сцвярджэнням пра масавае знішчэння мірнага насельніцтва пад бела-чырвона-белым сцягам прадстаўлена не было, калі не лічыць фотаздымка злачынства з усім іншага рэгіёна, які гісторык Ігар Марзалюк выдаў за расстрэл людзей беларускімі калабарацыяністамі.

У ліпені Генеральная пракуратура Беларусі апублікавала спіс меркаваных нацысцкіх злачынцаў, які проста былі ўзятыя з актаў 1944—1945 гадоў раённых камісій НДК. Калі меркаваць па выкладзеных спісах, пракуратуры так і не ўдалося выявіць ніводнага беларуса, а тым больш нейкага фарміравання пад нацыянальным сцягам, датычнага да нацысцкіх злачынстваў. Але гэта не замінае ім працягваць сцвярджаць адваротнае.

Клас
2
Панылы сорам
13
Ха-ха
7
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?