Сяргей Спарыш. Фота: «Радыё Свабода»

Сяргей Спарыш. Фота: «Радыё Свабода»

Ізалятар, праца на ачыстцы дратоў, самаадукацыя. Вось што было вядома пра паплечніка Мікалая Статкевіча, актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша, які яшчэ ў чэрвені 2020 года трапіў за краты і праз год апынуўся ў калоніі № 22 пад Івацэвічамі, дзе адбывае пакаранне ў 6 гадоў пазбаўлення волі. Дасведчаная крыніца расказала «Свабодзе» пра змены ў жыцці вядомага палітвязня за кратамі.

«Працаваў на абдзіранні дратоў, а цяпер вучыцца на маляра-тынкара», — паведаміў суразмоўца. Да зняволення Сяргей Спарыш працаваў зваршчыкам на Менскім заводзе колавых цягачоў, куды ўладкаваўся, калі пакінуў кансерваторыю. Там ён вучыўся на кампазітара і напісаў сімфонію, але расчараваўся ў музыцы і ўладкаваўся на завод. Каб быць, як ён казаў, «бліжэй да народу».

Пра цяперашні настрой Сяргея крыніца кажа гэтак:

«Трымаецца, застаецца ў добрым гуморы, настрой нармальны. Шмат чытае і піша. Ужо не адзін год піша вялікую працу па гісторыі. Яшчэ працягвае вывучаць французскую і ўдасканальвае нямецкую мову. Вынік добры, калі меркаваць па тым, што ён прачытаў «Замак« Кафкі на мове арыгіналу, то-бок па-нямецку».

Паводле крыніцы, Сяргею Спарышу ўдаецца перадаваць замоўленыя кнігі, хоць «часам бандэролі яму не выдаюць».

«Прыкметна схуднеў. Асабліва на здароўе не скардзіцца, але ў яго праблемы з зубамі, якія там вырашыць складана. Яму даходзяць прадуктовыя пасылкі, таму мае магчымасць падсілкавацца», — расказала крыніца.

Паводле крыніцы, сувязь з Сяргеем Спарышом нерэгулярная.

«Бывае, што доўга няма званкоў і лістоў, але потым маўчанне перарываецца. Вось нядаўна быў кароткі званок».

Яшчэ да 2020 года актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша шмат разоў затрымлівалі на апазіцыйных акцыях. Яго затрымалі за паўтара месяца да выбараў, 25 чэрвеня 2020 года.

У 2021 годзе яго судзілі па так званай справе тэлеграм-канала «Армия с народом» і прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку 191-га (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў). Агулам прысудзілі шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Гэты артыкул быў выстаўлены актывісту за крытычныя выказванні ў адрас старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, якую шмат хто лічыць адказнай за фальсіфікацыі выбараў у Беларусі. Сваёй віны ні па адным з абвінавачанняў Сяргей Спарыш не прызнаў. Беларускія праваабаронцы прызналі Спарыша палітвязнем.

Чытайце таксама:

Міколу Статкевіча працягваюць ламаць

Палітвязень-журналіст Алесь Любянчук пакутуе ў калоніі ад хваробы хрыбта

«Праца на лесапілцы цяжкая, моцна схуднеў, куртка вісіць як парашут». Пра што палітзняволены журналіст Андрэй Кузнечык піша з калоніі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0