Pomegranate

Гранат — гэта сакавітыя, салодкія ягады, багатыя на клятчатку, вітаміны і мінералы і нават утрымліваюць трохі бялку. У іх таксама шмат антыаксідантаў і супрацьзапаленчых злучэнняў, такіх як пунікалагін. Фота: Robbie Goodall / Getty Images

Дзякуючы рэчывам у сваім складзе гранат умацоўвае імунітэт і змяншае запаленні, а таксама нейтралізуе мікраарганізмы, што выклікаюць бактэрыяльныя і грыбковыя інфекцыі. Па словах навукоўцаў, гранат здольны яшчэ і паляпшаць памяць ды павялічваць фізічную трываласць.

Гранатавы сок паніжае ціск, таму гіпатонікам яго лепш не ўжываць. З-за высокага ўзроўню кіслотнасці гранатавы сок таксама супрацьпаказаны тым, хто пакутуе на гастрыт або язву.

Радзіма граната — Паўночная Афрыка і Сярэдняя Азія. Цяпер гэтую расліну вырошчваюць і ў іншых краінах, такіх як Іран, Турцыя, Грузія, Арменія, Азербайджан. Адпаведна, большасць рэцэптаў, у якіх выкарыстоўваецца гранат, — з кухняў гэтых рэгіёнаў. Гранат дадаюць у салаты, мясныя стравы і стравы з кускусу або падсалоджваюць соусы, дэсерты і напоі гранатавай патакай і гранатавым сокам.

Салата з вэнджаных баклажанаў, перцу і грэцкіх арэхаў з гранатам

  • 4 вялікія баклажаны
  • 3 вялікія чырвоныя перцы
  • 50 г грэцкіх арэхаў, здробненых
  • невялікі пучок пятрушкі, буйна нарэзанай
  • 2 вялікія зубкі часнаку, раздушаныя
  • 6 сталовых лыжак аліўкавага алею плюс яшчэ для падачы
  • сок 1 лімона
  • шчопаць молатай карыцы
  • 75 мл гранатавай патакі
  • 100 г зерняў граната
  • хлеб, лаваш ці праснакі для падачы

Як гатаваць:

  1. Абпаліце і абвугліце баклажаны і перац альбо на грылі, альбо проста на полымі газавай пліты. Абвугліце лупіну, пакуль яна не зацвярдзее і не згарыць цалкам.
  2. Пакіньце баклажаны астываць на 20 хвілін. Пакладзіце перцы ў харчовы пакет, завяжыце яго і пакіньце настойвацца на 20 хвілін. Пасля гэтага абвугленая лупіна павінна лёгка саслізнуць з перцаў, пакінуўшы толькі падсмажаную мякаць. Нарэжце яе буйнымі кавалкамі і пакладзіце ў вялікую міску.
  3. Вялікай металічнай лыжкай вычарпайце мякаць баклажанаў і адкіньце яе на сіта, каб зліць лішні сок. Выкіньце абгарэлую лупіну. Мякаць наразаем невялікімі кавалачкамі і дадаём да смажанага перцу. Акуратна перамяшайце, дадайце ў міску грэцкія арэхі, большую частку пятрушкі, часнок, аліўкавы алей, лімонны сок і карыцу з невялікай колькасцю прыпраў і добра перамяшайце да аднастайнасці.
  4. Падавайце сумесь баклажанаў і перцаў раскладзенай на вялікай талерцы. Паліце гранатавай патакай, пасыпце пятрушкай, якая засталася, і зернямі граната, затым дадайце трохі аліўкавага алею. Падавайце з хлебам/праснакамі.

Гарнір з гранатам і кускусам

Яго можна выкарыстоўваць у якасці начынкі або дадатку да курыцы ці індыка.

  • 400 мл агародніннага або курынага булёну
  • шчопаць шафрану
  • жменя гатовых да ўжывання абрыкосаў, нарэзаных саломкай
  • жменя сушаных журавін
  • 50 г масла
  • 200 г кускусу
  • 50 г ачышчаных фісташак, падсмажаных і буйна нарэзаных
  • жменя зерняў граната
  • невялікі пучок кінзы, нарэзаны

Як гатаваць:

  1. Давядзіце агароднінны булён да кіпення на патэльні. Дадайце шафран і абрыкосы (і журавіны, калі выкарыстоўваеце) і перамяшайце. Варыць вельмі асцярожна на працягу 2-3 хвілін.
  2. Пакладзіце кускус, алей і ½ чайнай лыжкі солі ў міску. Уліце кіпячы булён, змяшайце, затым накрыйце харчовай плёнкай. Пакіньце на 5 хвілін, потым узбіце відэльцам і дадайце фісташкі, гранат і кінзу.

Смажаная морква з тахіні і гранатам

  • 16 моркавак, тонкіх, не вялікіх, але і не маленькіх, пачышчаных
  • аліўкавы алей
  • 1 сталовая лыжка насення кмену
  • 2 сталовыя лыжкі тахіні (блізкаўсходняя паста з падсмажанага молатага кунжуту)
  • 2 чайныя лыжкі кунжутнага алею
  • кінза, невялікі пучок, буйна нарэзаны
  • жменя зерняў граната

Як гатаваць:

  1. Нагрэйце духоўку да 190°C. Перамяшайце моркву з 3 сталовымі лыжкамі аліўкавага алею, вялікай колькасцю прыпраў і насеннем кмену. Выкладзіце ў адзін пласт на бляху з антыпрыгарным пакрыццём і запякайце 30 хвілін або да гатоўнасці.
  2. Дастаньце моркву і паліце яе тахіні і кунжутным алеем, пакуль яна гарачая. Пасыпце кінзой і зернямі граната і падавайце.

 

Чытайце таксама:

Гранат ешце з костачкамі

Рэцэпт на выхадныя: новы падыход да звыклай грэчаскай салаты

Просты ёгуртны пірог родам з турэцкай кухні. Рэцэпт і спосаб прыгатавання

Сняданак, дзеля якога хочацца прачнуцца: бліны з сырам і зелянінай

Адкуль узялася мода на боўлы і як самому скласці боўл

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
4