Дакумент выданню The Insider перадала крыніца ў Адміністрацыі Пуціна. Падпісантамі скаргі ўказаныя 11 афіцэраў ГРУ, уключаючы намесніка камандзіра часці, які абяцаў вырашыць праблемы высланых з Еўропы персонаў нон-грата, а таксама жонка афіцэра, якая моцна абразілася на недастойную прапанову працы.

Сваю скаргу падпісанты пачалі з крыўдаў на нейкіх «заходніх каментатараў», якія наносяць «значную шкоду дзяржаве і Вайсковай разведцы Расіі»:

«Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч, у апошні час у шэрагу празаходніх і сусветных СМІ з'яўляюцца артыкулы, у якіх абвінавачваюць афіцэраў Галоўнага ўпраўлення Генштаба Расійскай Федэрацыі ў некампетэнцыі і бяздзейнасці, а часам і ў дрымучым непрафесіяналізме. Некаторыя каментатары ў сетцы інтэрнэт дагаварыліся да таго, што сцвярджаюць аб пагалоўным п'янстве і распусце ў кіраўніцтве Вайсковай разведкі Расіі і заведама скажоным інфармаванні камандавання Міністэрства абароны і кіраўнікоў дзяржавы напярэдадні правядзення Спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны.

Уладзімір Уладзіміравіч, гэтыя галаслоўныя фантазіі наносяць значную шкоду нашай дзяржаве, Вайсковай разведцы Расіі і з'яўляюцца свядомымі выдумкамі заходніх каментатараў».

Таксама аўтары скаргі сцвярджаюць, што задоўга да ўварвання Расіі ва Украіну шпіёнам ўдалося высветліць дыслакацыю, колькасць і наяўнасць узбраення ў шматлікіх часцях УСУ, а таксама дабыць мабілізацыйныя і аператыўныя планы УСУ, пункты перабывання і пэўныя хатнія адрасы.

Журналісты адзначаюць, што да лютага 2022-га ГРУ дакладвала ў Крэмль рэальную карціну палітычнай абстаноўкі ва Украіне і ў сваіх данясеннях падкрэслівала, што расійскія танкі ніхто не збіраецца сустракаць з кветкамі. Аднак Пуцін давяраў не разведцы, а свайму куму Віктару Мядзведчуку і беглым былым прэзідэнту Украіны Віктару Януковічу і прэм'еру Мікалаю Азараву, якія сцвярджалі адваротнае.

Віктар Мядзведчук пасля затрымання. Фота Службы бяспекі Украіны.

Віктар Мядзведчук пасля затрымання. Фота Службы бяспекі Украіны.

У сваім лісце высланыя з Еўропы расійскія шпіёны нагадваюць Пуціну пра забітых ва Украіне байцоў са штурмавых брыгад ГРУ, пра якія «дамарослыя СМІ» нібыта не сказалі добрага слова.

The Insider адзначае, што гэта не адпавядае рэчаіснасці. Інфармацыю пра смерці спецназаўцаў ГРУ можна знайсці ў шматлікіх СМІ і Z-каналах. Толькі абставіны гібелі і баёў, якія апісваюць праваенныя крыніцы, не адпавядаюць сапраўдным.

У прыватнасці, 27 лютага 2022 года расійскі спецназ увайшоў у Харкаў, дзе ў іх быў загад «аб'яднацца з прарасійскімі атрадамі апалчэнцаў». Але ніякіх калабарантаў яны не сустрэлі і пачалі блукаць па горадзе ўсляпую. У выніку іх заблакавалі ўкраінскія вайскоўцы. Кінуўшы тэхніку і палову зброі, расіяне схаваліся ў будынку школы, дзе 10 гадзін чакалі падмацавання. У выніку іх расстралялі з танка. 20 расійскіх гэрэушнікаў загінулі, 5 адлавілі мясцовыя жыхары.

У канцы звароту яго аўтары скардзяцца, што іх выгналі з сытай Еўропы. 

«Для многіх афіцэрскіх сем'яў нечаканы ад'езд з дыпламатычных місій стаў асабістай трагедыяй і выклікаў шматлікія праблемы. Нам кажуць: пацярпіце і ўсё ўладзім хуткім часам. Многія жонкі, а ў многіх вышэйшая адукацыя, самі пайшлі працаўладкоўвацца, але прыдатных прафесій і заробкаў проста няма».

Журналісты адзначаюць, што пасля пачатку вайны ва Украіне з Еўропы выслалі 698 расійскіх дыпламатаў — амаль палова з іх афіцэры ГРУ, СЗР і ФСБ. Высланым супрацоўнікам спрабуюць знайсці месцы ў расійскіх амбасадах у Афрыцы, Азіі, Паўднёвай Амерыцы і краінах СНД, але там усё занята і пакідаць наседжаныя месцы ніхто не збіраецца. 

The Insider звязаўся з некаторымі супрацоўнікамі ГРУ, чые прозвішчы ўказаныя ў скарзе, але яны заявілі, што ніякіх калектыўных зваротаў да Пуціна не падпісвалі. А адзін выказаў здагадку, што «гэта каламуцяць ваду не самі афіцэры, а іх жонкі».

Клас
0
Панылы сорам
3
Ха-ха
71
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
5