Ніна Мэтаер. Фота: Euronews

Ніна Мэтаер. Фота: Euronews

Тытул «Найлепшы кандытар у свеце ў 2023 годзе» 35-гадовая францужанка Ніна Мэтаер атрымала на выставе Міжнароднага аб’яднання пекараў і кандытараў у Мюнхене. Пра гэта піша Euronews.

Ніна нарадзілася ў горадзе Ля-Рашэль на захадзе Францыі, вучылася ў прэстыжнай кулінарнай школе Ferrandi ў Парыжы, якая лічыцца адной з самых аўтарытэтных школ кулінарнага мастацтва ў свеце і пачынае сваю гісторыю ў 1920 годзе.

Пасля атрымання адукацыі Мэтаер працавала ў рэстаране Le Meurice, а ў 2015 годзе далучылася да каманды шэф-кухара Жана-Франсуа П’ежа, які хацеў атрымаць дзве зоркі Мішлен для свайго Grand Restaurant. Ніна Мэтаер працавала там на пасадзе шэф-кандытаркі, а праз год рэстаран атрымаў-такі запаветныя мішленаўскія зоркі.

Узнагарода «Найлепшы кандытар у свеце ў 2023 годзе» не першая ў скарбонцы кандытаркі. У 2016-м Ніна атрымала званне «Шэф-кандытар года» па версіі папулярнага кулінарнага часопіса Le Chef, а ў 2017-м такое ж званне прысвоіў ёй рэстаранны гід Gault et Millau, які спаборнічае па ўплывовасці з сусветна вядомым Мішлен.

У сваім інстаграме Ніна выказала падзякі сваім настаўнікам і калегам па працы.

«Гэта ўзнагарода важная для мяне таму, што мая кар’ера пачалася з выпечкі. Я радая прадстаўляць Францыю і ўносіць свой уклад у павышэнне якасці працы пекараў і кандытараў па ўсім свеце», — напісала жанчына.

Міжнароднае аб’яднанне пекараў і кандытараў, на выставе якога Мэтаер атрымала ўзнагароду, было створана ў 1931 годзе. З тых часоў арганізацыя падтрымлівае розныя асацыяцыі хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, а таксама прасоўвае працу кандытараў і пекараў у свеце.

Чытайце таксама:

Слойкі з сырам бры і журавінамі. Рэцэпт

Ірландзец тэсціруе беларускія сталоўкі. Вось якой з іх прапаноўвае даць мішленаўскую зорку 

«Гэта расчараванне года, на выпадак ядзернай вайны». Як прайшла дэгустацыя новага печыва ад «Слодычы» з моднага цяпер сухога малака

Клас
12
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0