«Я не бомж і не алкаголік, я чалавек Адраджэння»

— Мікалай, а як вас правільна назваць? Кажуць, вы і архітэктар, і музыка, і перакладчык, і нават мільянер… Што з гэтага — праўда?

— Усяго патрошку, — усміхаецца мужчына. — Сказаў бы, што я — чалавек Адраджэння. 

Пакуль Мікалай пазіруе каля «Кафэ дэ Пары», спрабую наўскідку вызначыць яго ўзрост, што аказалася няпроста. У мужчыны сівыя валасы і барада, пры гэтым ён хутка ходзіць і бадзёра падымаецца па лесвіцах. Таму задаю прамое пытанне і атрымліваю адказ пасля некаторай паўзы (герой ці то ўспамінае, ці то лічыць): яму 66 гадоў. 

 

Бараду Мікалай носіць ужо вельмі даўно. Кажа, што вырашыў не галіцца пасля атрымання воінскага звання. Каб падтрымліваць у парадку прычоску, ходзіць у цырульні ў якасці мадэлі. Так стрыжка абыходзіцца яму бясплатна.

 

Нягледзячы на прахалодны кастрычніцкі вечар, куртку Мікалай не зашпільвае наглуха. Прыкмячаем, што сёння ён у пінжаку і кашулі, хоць казаў, што займаўся дачнымі справамі. З класічнага ладу выбіваюцца толькі джынсы. А на плячы любімая клецістая торба, да якой было так шмат пытанняў у карыстальнікаў сацсетак.

 

— Чамусьці многія лічаць гэтую торбу чымсьці жахлівым, — здзіўляецца герой. — А што ў ёй дрэннага? Вось сёння мне аддалі банку варэння, і я яе сюды паклаў, аджа інакш чалавек бы яе выкінуў. Усе гэтыя знешнія рэчы мяне зусім не хвалююць. Я не бомж, не алкаголік. Калі камусьці так здаецца, то і хай.

 

«Многія не падазравалі, што я ўмею граць»

Мы ідзем у бок праспекта Незалежнасці, і Мікалай з энтузіязмам разважае пра архітэктуру горада. Напрыклад, яму падабаецца Дом урада, гэты будынак ён называе шэдэўрам канструктывізму. Аказваецца, «з дыплома» мінчанін — архітэктар, але па спецыяльнасці ніколі не працаваў. Сябе без сціпласці лічыць таленавітым спецыялістам, проста не змог рэалізавацца ў гэтай сферы.

 

Падчас прагулкі мы паспяваем пагаварыць не толькі пра біяграфію Мікалая. Ён разважае пра кітайскую мову, беларускую літаратуру, дэкарацыі для кіно, матрыярхат, інстытут шлюбу і карысць пешых прагулак. Але як бы мужчына ні захапляўся, размова вяртаецца да музыкі.

— Падчас вучобы ў політэхнічным інстытуце ніхто не падазраваў, што я ўмею граць на піяніна. Бо ў студэнцкі паход яго з сабой не возьмеш — не гітара і не баян, — разважае Мікалай. — А граць я навучыўся яшчэ ў школе. Наогул, слых у мяне не абсалютны, зусім звычайны. Затое я ведаю тэорыю музыкі, магу адрозніць адну мелодыю ад іншай. Мяне здзіўляе, чаму так мала людзей граюць на інструментах, гэта ж вельмі проста!

Раней дома ў Мікалая стаялі тры піяніна: на адным ён вучыўся граць, другое купіў сам, а трэцяе падарылі. Праўда, з-за рамонту прыйшлося адправіць усе інструменты на часовае захоўванне па розных адрасах. Мікалай паціскае плячыма і з сумам кажа, што вярнуць дадому ніводны інструмент ён так і не змог.

Тым часам мы падыходзім да музея кіно. Па словах мужчыны, сюды ён калісьці аддаў адзін са сваіх інструментаў, і на ім ён мог бы сыграць для нас. Але ў залу нас у той вечар не пусцілі: з меркаванняў бяспекі. Мікалая гэта ніколькі не бянтэжыць, і праз хвіліну ён паказвае новы маршрут. Цяпер мы ідзем у моднае кафэ Zavtraki на Інтэрнацыянальнай, дзе дакладна ёсць піяніна.

«Грошай за ігру не прашу: нязручна»

Праходзім міма гасцініцы «Еўропа» і спыняемся, каб зрабіць некалькі здымкаў. Інструмент, на якім летам тут часта граў Мікалай, ужо прыбралі — мабыць, на зімоўку. Мужчына кажа, што, калі яго зноў паставяць у наступным годзе, ён з радасцю сюды вернецца і будзе забаўляць менчукоў.

 

— Тут інструмент стаяў у вольным доступе. Я даведаўся пра гэта выпадкова: у гасцініцы было мерапрыемства. Нейкая дзяўчына да мяне спрабавала нешта граць, але гэта было слаба і прымітыўна. І я спытаў: «А можна мне?» Як толькі сяду за піяніна — усё, мяне ўжо не спыніш. 

Як кажа Мікалай, ён настолькі пагружаецца ў ігру, што не заўважае натоўпу вакол сябе. Аказваецца, граць на публіцы яму не вельмі падабаецца, але даводзіцца дзеля практыкі. Грошай за выступы ён не просіць, банкі для дробязі побач з інструментам не ставіць. І ўсё ж публіка знаходзіць спосабы яму аддзячыць. 

— Апладысменты могуць адцягваць ад ігры, а вось калі чалавек адарваў ад сябе нейкую суму, значыць, музыка яму рэальна падабаецца. Неяк за пару гадзін слухачы накідалі мне каля 520 рублёў. Падымаю сваю торбу, а яна нейкая занадта цяжкая. Там былі нават турэцкія ліры! Але сам я грошай за ігру не прашу: мне няёмка.

Пытаемся пра тое, якія творы вулічнаму музыканту падабаецца граць. Паводле яго, рэпертуар велізарны. Сярод любімых кампазітараў ён называе Аляксандру Пахмутаву. Мікалая ўражвае, што такі дар дастаўся жанчыне, бо большасць вядомых кампазітараў — мужчыны. Яшчэ ў спісе фаварытаў «Песняры», а «Бітлз» ён наогул прыраўноўвае да класікі.

 

— Наогул, добра, калі 10% класікі — гэта добрая музыка. Усё астатняе — такое ж смецце, як і многае ў сучаснай эстрадзе. Тую ж оперу часта слухаюць дзеля адной-дзвюх арый. Ёсць опера «Ісус Хрыстос — суперзорка», вось яна ад пачатку да канца геніяльная! Памятаю, паслухаў яе ўпершыню на старой вялікай стэрэасістэме — не заўважыў, як прайшло некалькі гадзін.

Цікава, што грае Мікалай без нот. Калі яму падабаецца кампазіцыя, то ён садзіцца і падбірае ноты на слых. Галоўная складанасць — успомніць матыў, які спадабаўся.

 

«Па памеры даходу я ўсё ж мастак»

І вось мы прыходзім у кафэ на Інтэрнацыянальнай. Мікалай пакідае торбу каля лесвіцы, падымаецца і садзіцца за інструмент. Некалькі разоў ён паварочваецца ў наш бок і пытаецца, маўляў, што мы б хацелі пачуць? Мы ж даем яму поўную свабоду і проста атрымліваем асалоду ад жывой музыкай. Персанал і госці кафэ, падобна, уражаныя не менш за нас. Сёння гэта не адзіны канцэрт ад Мікалая: позна ўвечары ён пойдзе граць у «Корпус 8».

— Буду граць гадзін у 10-11 вечара. Народу ў гэты час там звычайна няма, і я нікому не замінаю. Учора вось прыйшоў, а там нейкая выстава фатаграфій у стылі ню. Мне яна не вельмі спадабалася: я люблю, каб на фота былі твары, інакш гэта проста нейкія кавалкі целаў.

Культурныя падзеі Мікалай наведвае нон-стоп. Праўда, яны далёка не заўсёды ўражваюць нашага героя: пашанцуе, калі вартая будзе адна з дзесяці. Нам ён асабліва рэкамендуе наведаць цэнтр японскай культуры. Так мы пераходзім да яшчэ адной легенды пра Мікалая Пруднікава, якая сцвярджае, што ён перакладчык з японскай. Мову ён сапраўды вывучыў, прычым самастойна пры дапамозе слоўнікаў. Аказваецца, ён нават пераклаў кнігу вершаў з японскай на рускую. У пацверджанне гэтага суразмоўца дастае кнігу і з гонарам яе паказвае.

 

Цікава, што нават у пашпарце свой подпіс ён паставіў у выглядзе іерогліфа. Праўда, Мікалай прызнаецца, што апошнім часам моўнай практыкі стала нашмат менш. Значна больш яму падабаецца граць на піяніна.

— Сустрэць мяне можна ў музеі кіно, «Восьмым корпусе», бібліятэках — усюды, дзе ёсць піяніна. Вельмі рэкамендую «Музычнай салон» — сам там часам выступаю. Неяк граў папуры з «Ісус Хрыстос — суперзорка», потым нават ролік выклалі ў інтэрнэт, — распавядае мужчына. — Граю на такіх мерапрыемствах бясплатна: мне ж не шкада.

 

Ходзяць чуткі, што Мікалай ніколі не працаваў. Але і гэта ён абвяргае: кажа, што ў яго працоўнай кніжцы запісаў шмат. Ужо пасля інтэрвʼю ён удакладніць наконт заробку ў СМС: «Па памеры даходу я ўсё ж мастак». Жыве мужчына адзін, жанаты ніколі не быў і асабліва шкадуе, што ў яго няма дзяцей. Са сваякоў застаўся толькі пляменнік, але сувязі з ім Мікалай не падтрымлівае.

Ад знешняга свету Мікалай не хаваецца. Днямі, напрыклад, будзе ўдзельнічаць у фотасесіі — запрасіў і нас прыехаць паглядзець. Так што, калі ўбачыце яго фота на рэкламных плакатах моднага брэнда, — не здзіўляйцеся. А пры сустрэчы можаце не саромецца і павітацца: Мікалай дакладна вам адкажа.

Клас
54
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
11
Абуральна
5