Хатнюю бібліятэку Іосіф Іосіфавіч збірае большую палову свайго жыцця — больш за 40 гадоў.

«Па характары я вельмі цікаўны, ад гэтага і з'явілася маё захапленне кнігамі, — тлумачыць мужчына. — І так захапіўся, што перастаць купляць кнігі ўжо стала немагчыма. Жартам я сябе называю кніжным наркаманам».

Цяпер у хатняй бібліятэцы пенсіянера налічваецца больш за 12 650 кніг і часопісаў. Кнігі ў ягонай чатырохпакаёвай кватэры на кожным кроку. Усе пакоі занятыя паліцамі і шафамі з кнігамі.

«Кніг няма толькі ў спальні жонкі і на кухні, — адзначае Абрамовіч. — Адзін пакой адведзены строга пад хатнюю бібліятэку. А на балконе размяшчаецца архіў».

Фота: bar24

Фота: bar24

«За некаторымі «паляваў» 5-6 гадоў»

Па словах Іосіфа Іосіфавіча, большасць кніг ён набыў у букіністычных крамах Мінска, частку — у Баранавічах. Кажа, што не збірае творы нейкай адной канкрэтнай тэматыкі ці рарытэтныя, для яго важна, каб кніга была цікавая.

«Бывае, гутару з людзьмі, і яны раяць кнігу. Я запісваю і шукаю. Знайшоў — выкрасліў», — тлумачыць пенсіянер.

Так што ў яго бібліятэцы ёсць творы на розную тэматыку. Напрыклад, пра мастакоў — каля 250 кніг, ёсць 200-томная серыя кніг «Бібліятэкі сусветнай літаратуры», нават каля 100 кніг пра кнігі.

«Шмат пра каханне, пра сям'ю. І пра сэкс ёсць маляўнічыя альбомы, — дзеліцца Іосіф Іосіфавіч. — У мяне растуць дзве ўнучкі, вырастуць, хай чытаюць, з літаратуры хай ведаюць усё».

За некаторымі са сваіх кніг, адзначае мужчына, ён «паляваў» па 5-6 гадоў. Даўжэй за ўсё шукаў раман «Рачныя затокі» — каля 10 гадоў.

«Калі доўга шукаю кнігу і нарэшце знаходжу — гэта свята на сэрцы. Ад радасці як дзіця, хоць скачы», — смяецца Іосіф Іосіфавіч.

Фота: bar24

Фота: bar24

«Паехаў у санаторый — абышоў усе кнігарні»

Мужчына кажа, што з любой паездкі вяртаецца дадому з папаўненнем у сваю бібліятэку.

«Памятаю, у Бабруйск паехаў, у санаторый, абышоў усе кнігарні. Дадому прыехаў, як цыган з базару. Мяне там у кнігарні ўжо пазнавалі і казалі: «А-а-а! Курортнік з Баранавічаў». Я там столькі кніг купіў, што ледзь прывёз, — з усмешкай успамінае Іосіф Іосіфавіч.

І хоць кнігі — нялёгкі груз, цяжару, па словах пенсіянера, калі ён едзе дадому з торбамі ў двух руках або велізарным заплечнікам за спіной, не адчувае.

«У мяне такі добры настрой, што я цягну гэтыя дзве сумкі з кнігамі і ў свае 76 гадоў не адчуваю цяжару», — кажа пенсіянер-кнігалюб.

Фота: bar24

Фота: bar24

«Каб не на шкоду сямейнаму бюджэту»

Іосіф Іосіфавіч запэўнівае, што купляў кнігі не на шкоду сямейнаму бюджэту. Для таго, каб папаўняць сваю бібліятэку, мужчына працаваў на дзвюх і нават трох працах. Стараўся, каб сям'я не цярпела ад ягонага захаплення. Плюс пакупкі рабіў у букіністычных крамах, дзе кошт ніжэйшы і дзе за 100 рублёў, кажа мужчына, ён прымудраўся да 30 кніг купіць.

Самая дарагая па цане кніга ў хатняй бібліятэцы Абрамовічаў — аб будаўніцтве Храма Усіх Святых і яго гісторыі.

«Купіў у Мінску. Каштавала яна 60 рублёў. Даражэйшых у мяне кніг няма», — адзначае мужчына.

Жонка, Клаўдзія Віктараўна, хоць часам і адчытвае Іосіфа Іосіфавіча, што ён з паездак з «такім цяжарам» вяртаецца, але падтрымлівае яго захапленне.

«Усе кнігі дарагія і блізкія»

Па словах пенсіянера, вылучыць нейкую самую любімую кнігу ён не можа, бо ўсе яму «дарагія і блізкія, усе розныя і вельмі цікавыя».

Ёсць у Іосіфа Іосіфавіча спецыяльны сшытак, куды запісаны план на куплю кніг у 2023-2025 гадах. Цяпер там знаходзіцца каля 70 твораў, якія ён збіраецца яшчэ дакупіць. Таксама ў планах пенсіянера напісаць біяграфічную кнігу пра сябе і сваю сям'ю.

«Я веру, што кніга была, ёсць і будзе, і застанецца ў нашым жыцці. Інтэрнэт, камп'ютар — усё добра. Можа, яшчэ нешта прыдумаюць. Але кнігі застануцца», — рэзюмуе ён.

Чытайце таксама:

«Паўтарыць свой жа шэдэўр кропля ў кроплю проста немагчыма». Беларуска робіць салодкія букеты, якія не адрозніш ад сапраўдных

«Раскручваем чакры». Віляйчанка практыкуе стаянне на цвіках

«Вы проста афігееце, што ў нас такое ёсць». Сябры-фатографы стварылі кнігу аб прыгажосці беларускай прыроды

Клас
24
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
2