«Безбілетнікаў кантралёр папрасіў выйсці на наступным прыпынку без усялякага штрафу»

«Верасень — не найлепшы месяц для адпачынку ў Эміратах, — расказвае Ганна. — Але ў гэты час адносна недарагія квіткі на самалёт. На дваіх туды-назад яны абышліся ў 1300 даляраў, у сезон цэны вышэйшыя. Іншыя прывабныя для нас напрамкі накшталт Кітая, Японіі і Паўднёвай Карэі пачыналіся ад 3000 даляраў».

Прыляцеўшы ў Дубай (палёт з Мінска прамым рэйсам займае 6 гадзін 20 хвілін), бабруйцы вырашылі спачатку адпачыць у Абу-Дабі.

«Таксі туды з аэрапорта каштуе мінімум 90 даляраў, таму гэты варыянт адразу адкінулі. Вырашылі ехаць з аўтастанцыі, адправіліся туды на метро. Гэта зручна — на станцыю можна ўвайсці проста з тэрмінала.

Для паездак купляеш спецыяльную картку, ёсць аднаразовыя і шматразовыя, іх можна папаўняць. Паездка абышлася ў шэсць дырхамаў на дваіх (1,6 даляра), кошт залежыць ад адлегласці.

З аўтастанцыі на аўтобусе, які ідзе дзве гадзіны, прыехалі ў Абу-Дабі, заплаціўшы па 8 даляраў за квіток. Да гатэля даехалі на аўтобусе за 2 дырхамы, таксама трэба было купіць карту для паездак і папаўняць яе.

У аўтобусе, дарэчы, бачылі кантралёра. Безбілетнікаў ён проста папрасіў выйсці на наступным прыпынку без усялякага штрафу».

«Адзенне пасля дзесяці хвілін на дварэ можна выціскаць»

«Першае ўражанне ад вады Персідскага заліва было з прысмакам расчаравання. Зайшлі ў ваду, а яна такая цёплая, як у ванне. А на спякоце так хацелася асвяжыцца!

У верасні ў Эміратах 40-градусная спякота, якая адчуваецца як 50-градусная. Адзенне пасля дзесяці хвілін на дварэ можна выціскаць. Таму мы потым хадзілі на мора толькі раненька, а ў самае пекла купаліся ў басейне гатэля. Там вада, дарэчы, была прахалоднай.

Людзей ні каля басейна, ні каля мора не было. Затое на пляжы стаяла аж пяць будак ратавальнікаў — усё для нас дваіх», — смяецца Ганна.

Нягледзячы на спякоту, муж і жонка — аматары хадзіць мінімум 10 тысяч крокаў за дзень — шмат гулялі. Ездзілі ў мастацкі музей Луўр Абу-Дабі, дзе выстаўляюцца шэдэўры знакамітых аўтараў:

«Акрамя работ Леанарда да Вінчы, Ван Гога і Гагена, знайшлі там пяць карцін Марка Шагала. Было вельмі прыемна. Кошт уваходнага білета для такога месца прымальны — 20 даляраў».

Луўр Абу-Дабі. Верасень 2023 года

Луўр Абу-Дабі. Верасень 2023 года

«Есці на вуліцы і ў грамадскім транспарце нельга»

Гатэль у Абу-Дабі бабруйцы выбралі просты. Нумар каштаваў 65 даляраў за ноч са сняданкамі. На абед часта куплялі садавіну, есці ад спёкі асабліва не хацелася. Вячэралі ў сеткавых установах, у «Макдональдсе»:

«Вячэра каштавала на дваіх прыкладна 20 даляраў. Есці на вуліцы і ў грамадскім транспарце нельга, толькі ў спецыяльна адведзеных месцах. А ў транспарце нельга нават піць ваду».

Вячэралі бабруйцы ў сеткавых установах, у «Макдональдсе»

Вячэралі бабруйцы ў сеткавых установах, у «Макдональдсе»

Пабыўшы тыдзень у Абу-Дабі, нашы героі пераехалі ў Дубай — яшчэ на тыдзень. Там нумар у гатэлі каштаваў 75 даляраў за ноч, сняданкі таксама былі ўключаныя.

Ад спёкі, як і большасць мясцовых ды турыстаў, ратаваліся ў Dubai Mall — самым вялікім гандлёва-забаўляльным цэнтры ў свеце, дзе знаходзіцца 1200 крам, велізарны акіянарыум, лядовы каток і нават кавалачак вуліцы, які накрываецца перасоўным дахам:

«Ісці ў мол ад метро, за пяць хвілін ад якога мы жылі, трэба было 15 хвілін. Ад спёкі пад канец шляху мы былі мокрыя да бялізны. Прыйшлі — а там столькі народу! Як жа яны туды дайшлі, здзіўляліся мы. Няўжо ўсе прыехалі на таксі? А аказалася, што ад метро да мола вядзе спецыяльны тунэль з вокнамі і кандыцыянерам. Але пра яго мы даведаліся праз некалькі прагулак».

Каб купіць алкаголь, патрэбны пашпарт

Пляжы ў Дубаі таксама былі бязлюднымі, але вада ўжо халаднейшай. Цэны на прадукты аказаліся вышэйшымі, праезд даражэйшым. Алкагольныя крамы працавалі інакш, чым у Абу-Дабі, — патрэбны быў пашпарт.

Абу-Дабі. Верасень 2023 года

Абу-Дабі. Верасень 2023 года

Птушкі ў звярынцы лётаюць проста над галовамі наведвальнікаў

Птушкі ў звярынцы лётаюць проста над галовамі наведвальнікаў

У пошуках уражанняў бабруйцы ездзілі ў цікавыя для турыстаў месцы:

«Пабывалі на экскурсіі ў пустыні з гідам-палесцінцам, які ўжо 47 гадоў жыве ў Дубаі. Спецыяльна ўзялі экскурсію на англійскай, каб папрактыкаваць мову. Пакаталіся на квадрацыклах, паглядзелі забаўляльную праграму і павячэралі. Заплацілі за гэта 200 даляраў.

Вельмі спадабаўся крыты звярынец у Дубаі. Жывёл нельга чапаць і карміць, яны жывуць свабодна, птушкі лётаюць над галавой».

Падводзячы вынік, Ганна кажа, што яшчэ раз адпачываць у Эміратах ёй наўрад ці захочацца:

«Мы доўга збіралі на гэтую паездку, і многае спадабалася. Нават, прабачце, грамадскія прыбіральні — для турыста гэта важны момант. Іх шмат, прычым бясплатных. У Еўропе такога не ўбачыш.

Але спякота вымотвае. Да яе мы адаптаваліся за некалькі дзён да палёту дадому. Можа, у кастрычніку, калі пачынаецца сезон, было б камфортней. Але цэны на квіткі і гатэлі ў гэты час вышэйшыя. Мы на ўсё падарожжа — ад квіткоў да сувеніраў — і так выдаткавалі каля трох тысяч даляраў. У кастрычніку ў гэтую суму ніяк не ўкласціся».

Дубай. Верасень 2023 года

Дубай. Верасень 2023 года

Абу-Дабі. Верасень 2023 года

Абу-Дабі. Верасень 2023 года

Дубай. Верасень 2023 года

Дубай. Верасень 2023 года

Чытайце таксама: 

«Можна было за 200 даляраў зняць вілу з басейнам ля акіяна і жыць, як мільянер». Беларус расказаў пра плюсы і мінусы жыцця на востраве Балі

«На шэзлонгу можна пакінуць сумку — ніхто не кране». Беларускі расказалі, чаму ім падабаецца адпачынак і жыццё ў Албаніі

«Пасля пачатку вайны цэны на жыллё ўпалі, а на прадукты — выраслі». Беларуска расказала, як цяпер жывецца ў Адэсе і колькі гэта каштуе

«З аэрапорта прыйшлося выбірацца на лодцы». Беларуска правяла некалькі месяцаў у Сьера-Леонэ і расказвае, што там і як

Клас
24
Панылы сорам
7
Ха-ха
3
Ого
9
Сумна
4
Абуральна
6