Яўгенія пераехала ў Адэсу восенню 2021 года. Кажа, што для пераезду ў Еўропу не было візы, а Адэсу яна заўсёды вельмі любіла.

«Калі пачалася вайна, усе кудысьці пабеглі, а я вырашыла, што не хачу больш нікуды бегчы, — так і жыву тут. Працую рыэлтарам».

Жыллё: з пачаткам вайны цэны моцна ўпалі, цяпер паволі растуць

Калі пачалася вайна, цэны на жыллё ў Адэсе вельмі ўпалі і былі самымі нізкімі ва Украіне, бо горад быў прыфрантавым і досыць небяспечным. Першыя месяцы, калі наогул было незразумела, што адбываецца, некаторыя гаспадары не бралі платы са сваіх жыхароў — гэта значыць, тыя жылі абсалютна бясплатна. Паступова арэндная плата вярнулася, але была моцна ніжэйшай, чым да вайны.

Цяпер цэны паціху растуць, хоць я б сказала, што даваеннага ўзроўню ўсё яшчэ не дасягнулі — нават нягледзячы на тое, што гэтым летам адкрылі мора і ў горадзе было вельмі шмат турыстаў.

Так што самае дарагое жыллё ва Украіне — у Кіеве, як заўсёды, і ў заходніх частках, таму што гэтыя раёны аддаленыя ад лініі фронту і там адносна бяспечна.

Варыянты жылля ў Адэсе — самыя розныя: ад новых кватэр у добрых жылых комплексах да памяшканняў у дамах невядомага года пабудовы (нават у тэхпашпарце не пазначаны). Цэны, адпаведна, таксама вельмі розныя: ад 100 да 1000 даляраў, часам большыя.

Я здымаю добрую студыю ў пешай даступнасці ад цэнтра і за 15 хвілін хады ад мора. Гэта сучасны жылы комплекс а-ля наша Новая Баравая са сваёй ахоўнай тэрыторыяй, шлагбаумамі, кансьержам і аховай.

Сама кватэра плошчай 46 «квадратаў» размешчаная на 15-м паверсе з відам на горад. Усярэдзіне ўсё ёсць — ад мэблі да бытавой тэхнікі. У пачатку вайны я плаціла за яе каля 180 даляраў, з гэтага лета — 230 даляраў.

Калі казаць пра кватэры большыя, то, напрыклад, даляраў за 300 можна зняць дыхтоўную трохпакаёўку ў старым фондзе, а за 400 — і ў новым ЖК. Які-небудзь «бабулятнік» можна і за 200 даляраў знайсці.

Адэса, від на горад

Адэса, від на горад

Архітэктура Адэсы

Архітэктура Адэсы

Разбураныя дамы ў Адэсе

Разбураныя дамы ў Адэсе

Адэса, наступствы вайны

Адэса, наступствы вайны

Камуналка: зімой часта адключаюць святло, таму даводзіцца даплочваць за генератар

Самае дарагое — цэнтральнае ацяпленне. Рахункі за яго ў сезон могуць даходзіць да 100 даляраў — і гэта за «аднапакаёўку». У нашым ЖК свая кацельня, таму за камуналку мы плацім няшмат. Улетку ў мяне выходзіць 40-45 даляраў у месяц. Узімку прыкладна столькі ж, таму што святла амаль ніколі няма (смяецца).

З-за пастаянных адключэнняў жыллё ў старым фондзе (звычайна гэта невысокія дамы) нават выйграе. Таму што ў мяне, напрыклад, калі няма святла, то аўтаматычна няма і вады: да 15-га паверха насос проста яе не дапампоўвае. Плюс у старых дамах ёсць газ, так што гатаваць ежу таксама можна ў любы час.

У перыяд адключэнняў электрычнасці вельмі актуальная тэма генератараў. Наколькі я ведаю, у старым фондзе жыхары альбо скідаліся і куплялі сабе вялікі агульны, альбо заводзілі невялікі персанальны.

У нашым ЖК генератары ўстаноўленыя першапачаткова, каб у экстранных выпадках забяспечваць працу ліфтаў: на 25-ы паверх без іх не падымешся. Праўда, працуюць яны ўсяго па 4 гадзіны ў суткі. За гэта мы дадаткова плацім каля 15 даляраў у месяц.

Вуліца Адэсы

Вуліца Адэсы

Праезд: курс даляра вырас, але кошт праезду застаўся ранейшы

З грамадскага транспарту ў Адэсе ёсць трамваі, тралейбусы і невялікія аўтобусы (як нашы маршруткі ў Мінску). Кошт праезду — 8 грыўняў (прыкладна 0,20 даляра), на аўтобусах-маршрутках — 15 грыўняў (каля 0,45 даляра). З пачаткам вайны курс даляра пайшоў уверх, але цэнаў на грамадскі транспарт урад не падымае.

Таксі тут таксама недарагое. У звычайны дзень праехаць па цэнтры — да 2 даляраў. У пятніцу і суботу, калі прыязджае шмат турыстаў, тарыфы, вядома растуць — у 2, а то і ў 3 разы. Тады ўжо і я закочваю вочы і кажу: «Панаехалі…» (Смяецца.) Але ў цэлым я спакойна карыстаюся тут таксі, па кішэні не б'е.

Машыну ў Адэсе не купляю, таму што яе абсалютна няма дзе паркаваць. Плюс пасля пачатку вайны бываюць перабоі з бензінам. Расіяне адразу разбілі ўсе сховішчы, таму нават быў перыяд, калі паліва ў горадзе не было зусім. Цяпер яго дагэтуль прывозяць наземным транспартам.

Шэрынгавыя самакаты тут таксама ёсць. Цэнаў я не ведаю, але сяброўка неяк казала, што на таксі атрымліваецца танней.

Восень у Адэсе, грамадскі транспарт

Восень у Адэсе, грамадскі транспарт

Прадукты: цэны ніжэйшыя, чым у Мінску, і прыкладна як у Варшаве

Нядаўна я была ў Варшаве і магу сказаць, што цэны прадуктаў у Адэсе супастаўныя з польскімі. У параўнанні з Мінскам — моцна таннейшыя.

Памятаю, як толькі прыехала, пайшла ў начную краму, дзе цэны па азначэнні вышэйшыя, — а там ляжыць цвятная капуста танней, чым я купляла ў Мінску на аптовым рынку ў сезон!

Вельмі залежыць ад таго, дзе купляць: ёсць крамы даражэйшыя, ёсць таннейшыя. Самыя нізкія цэны на рынках. Гародніну і садавіну ў Адэсу вязуць з Херсона, але з ураджаем там цяпер праблемы, таму што вызваленую тэрыторыю пастаянна бамбяць, а другая палова вобласці ўсё яшчэ акупаваная. Сёлета сітуацыя лепшая, чым летась, але ўсё роўна некаторыя пазіцыі знайсці складаней — яны сталі прывазнымі.

Практычна ва ўсіх крамах (нават у спальных раёнах) можна знайсці свежае мяса, індычку па цане курыцы, перапёлку, труса, добры выбар рыбы. А яшчэ ў Адэсе не ведаюць, што такое замарожаныя шампіньёны. Яны проста не разумеюць, навошта марозіць прадукт, які і каштуе нядорага, і даступны круглы год.

Вось прыклады цэнаў з самай дарагой сеткі крам «Ля Сільпо»: (то-бок гэта максімальныя цэны ў горадзе):

  • багет — 27,99 грыўні (0,76 даляра),
  • хлеб уласнай выпечкі — ад 6,99 да 24,90 грыўні (ад 0,19 да 0,67 даляра),
  • малако — ад 23,19 да 43,99 грыўні (ад 0,63 да 1,19 даляра),
  • смятана — 40-43 грыўні (1,08-1,16 даляра),
  • мяса перапёлкі — 30,90 грыўні за 100 г (0,84 даляра),
  • розныя часткі труса — ад 21 да 40 грыўняў за 100 г (ад 0,57 да 1,08 даляра),
  • розныя часткі курыцы або пеўня — ад 9 да 34 грыўняў за 100 г (ад 0,24 да 0,92 даляра),
  • розныя віды свініны — ад 17,30 да 29,90 грыўні за 100 г (ад 0,47 да 0,81 даляра),
  • маракуя — 149 грыўняў за штуку (4,04 даляра),
  • гранат — 17,90 грыўні за 100 г (0,48 даляра).

Крама ў Адэсе, выбар садавіны

Крама ў Адэсе, выбар садавіны

Забавы: «Часам глядзіш — як быццам і няма вайны»

У пачатку вайны ў Адэсе закрыліся практычна ўсе кавярні і рэстараны. Некаторыя з іх так і не адкрыліся, іншыя паступова аднавілі працу.

Прыкладна з гэтага года людзі ўжо больш-менш прыстасаваліся да сітуацыі, горад стаў жыць сваім жыццём. І ў апошні час даволі часта сталі адкрывацца новыя ўстановы, крамы. Часам глядзіш — як быццам і няма вайны. Цэны ва ўстановах, дарэчы, моцна ніжэйшыя, чым у тым жа Кіеве.

Летась усе пляжы былі замініраваныя, таму турыстаў было мала. У гэтым сезоне прыязджала вельмі шмат народу — у асноўным з Кіева і заходніх абласцей. Ехалі нават тады, калі ўзарвалі Кахоўскую ГЭС і мора было вельмі бруднае (і закрытае для купання).

Нядаўна Адэса святкавала свой дзень нараджэння. З гэтай нагоды ў гарадскім садзе быў вялікі фестываль піва, канцэрт і іншыя мерапрыемствы. Аднавіліся канцэрты, спектаклі — усе квіткі заўсёды выкупленыя. Пастаноўкі ёсць ужо і па бягучых падзеях.

Кошт квіткоў у тэатр — прыкладна ад 2,5 да 15 даляраў, на канцэрт — ад 15 да 30 даляраў максімум. Адзінае, да гэтага часу дзейнічае каменданцкая гадзіна: у 22:00 уся музыка ў горадзе павінна быць выключаная, у 23:00 — усе ўстановы зачыненыя, а з 24:00 да 5:00 усе павінны быць па дамах. Да нядаўняга часу ўстановы зачыняліся да 22:00, а за парушэнні штрафавалі.

Я яшчэ хаджу ў добры басейн з дзвюма саўнамі. Безлімітны абанемент на месяц туды каштуе 50 даляраў.

Музеі, мастацкія выставы тут таксама ёсць, але Адэса — ні разу не культурная сталіца. Гэта курортны горад, куды людзі прыязджаюць адпачываць, весяліцца, смачна есці і выпіваць. Адзінае, што ў клубы цяпер не паходзіш, таму што дыскатэка да 22:00 — так сабе гісторыя (смяецца).

Тэрасы ў Адэсе, кактэйль на вуліцы

Тэрасы ў Адэсе, кактэйль на вуліцы

Фантан у Адэсе

Фантан у Адэсе

Адзін і той жа пляж летам 2022-га (з забараняльнай таблічкай) і 2023-га (з людзьмі)

Адзін і той жа пляж летам 2022-га (з забараняльнай таблічкай) і 2023-га (з людзьмі)

А што там з дэпартацыяй беларусаў з Украіны?

Насамрэч уся гэтая гісторыя з дэпартацыяй была вельмі надуманай — проста людзі не разабраліся ў законах. Па правілах, калі ты парушыў тэрмін знаходжання, ты абавязаны выехаць з краіны і зноўку заехаць на іншых падставах. Але праблема была ў тым, што назад беларусаў маглі ўжо не ўпусціць, — і многія казалі, што іх дэпартавалі, хоць па факце гэта не так.

Плюс пасля пачатку вайны да чэрвеня 2022 года беларусаў не прымалі ў міграцыйнай службе, з-за чаго многія перабралі тэрмін знаходжання, — гэта была асноўная праблема. І дагэтуль, на жаль, многія жывуць ва Украіне нелегальна.

Набярэжная ў Адэсе, скульптуры

Набярэжная ў Адэсе, скульптуры

А як сітуацыя з абстрэламі?

Да ўсяго прывыкаеш. Раней я наогул не звяртала ўвагі на паветраныя трывогі і спакойна спала дома. Адзін раз, праўда, вельмі спалохалася, калі ракета прыляцела ў суседні дом за 300 метраў ад мяне. Я прачнулася ад успышкі, якая асвяціла маю кватэру, ва ўпэўненасці, што выб'е ўсе мае вокны ў падлогу. Балазе вокны аказаліся добрымі і выстаялі — шкло пасыпалася толькі ў старым фондзе.

Але і пасля гэтага спалоху я проста стала спускацца ў бамбасховішча — і тое не кожны раз. Цяпер вельмі добра наладжанае інфармаванне аб абстрэлах, ёсць шмат тэлеграм-каналаў, у якіх з'яўляецца актуальная інфармацыя, які снарад і дзе ляціць. Дзякуючы гэтаму можна не рэагаваць на ўсе трывогі запар — а толькі на тыя, якія тычацца непасрэдна твайго раёна.

Адзіны мінус — гэта балістыка, якая вылятае і практычна адразу прылятае. Я паспяваю толькі ўстаць, дайсці да ліфта — і ўжо дзесьці выбух. Так што я асабліва і не паруся, галоўнае — адысці ад вокнаў. Цяпер мы ўжо навучыліся па гуку адрозніваць, як далёка СПА. І калі гэта дзесьці за пяць кіламетраў ад цябе — ну і добра.

Прыкладна тыдзень таму я прачнулася ад таго, што каля мяне праляцела ракета, — вось гэта таксама было страшна. Хоць ёсць такое правіла, што ракета ляціць хутчэй за хуткасць гуку, таму калі яна ляціць на цябе, то ты яе не пачуеш. А калі чуеш гук, значыць, яна ўжо праляцела міма. Але ад ведання такога, шчыра кажучы, не лягчэй.

Ну, а ў цэлым няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Таму я не строю нейкіх доўгатэрміновых планаў. Цяпер я ў Адэсе, мне тут падабаецца. А як далей будзе, ніхто не ведае.

Я нават у нейкай ступені ўдзячная падзеям у Беларусі, праз якія давялося пакінуць краіну. Яны нам паказалі, што мы не дрэвы, не прывязаныя да аднаго месца, а ў любы момант можам з'ехаць, асімілявацца і добра сябе адчуваць.

Чытайце таксама:

Нехта еў семкі, адну выкінуў — і яна апынулася ў мінскім музеі. Гэта як? Паглядзіце самі

Як сказаць чалавеку, што ад яго кепска пахне? А калі ў яго пляма на задніцы? Саромныя пытанні і зразумелыя адказы пра этыкет

Клас
28
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
5