Ці варта чакаць змен?

На парламенцкіх выбарах у Польшчы кансерватыўна-нацыяналістычная партыя «Закон і справядлівасць» (PiS), якая была ва ўладзе з 2015 года, набрала на выбарах найбольш галасоў (35,38%). Але наўрад ці яна здолее сфарміраваць урад. Чакаецца, што ўрад узначаліць «Грамадзянская кааліцыя», бо да яе далучыцца іншая апазіцыя.

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч адзначае, што хоць склад новай урадавай кааліцыі ў нейкім сэнсе будзе ўплываць на адносіны паміж Варшавай і Мінскам, гэта не прывядзе да нейкіх прынцыповых змен у двухбаковых адносінах.

«Складанасці, якія сёння існуюць, абумоўленыя даволі глыбокімі фундаментальнымі прычынамі, таму на іх мала ўплываюць палітычныя партыі, якія будуць узначальваць новы ўрад», — лічыць Карбалевіч.

Валер Карбалевіч. Фота: «Наша Ніва»

Валер Карбалевіч. Фота: «Наша Ніва»

Пры гэтым, на думку палітолага, сам канец выбарчай кампаніі можа нейкім чынам паўплываць на адносіны паміж краінамі, бо палітыкам больш не трэба будзе аглядацца на пазіцыю электарату.

«Ім больш не трэба рэагаваць на тыя ці іншыя дзеянні з аглядам на выбарчую кампанію. Таму менавіта сам факт завяршэння электаральнай кампаніі можа больш уплываць на адносіны і паводзіны, чым тое, якая складзецца ўрадавая кааліцыя».

Што перамога апазіцыі азначае для беларускай дыяспары?

Што тычыцца перамен у стаўленні да беларускай дыяспары і дэмакратычных сілаў Беларусі, то, на думку эксперта, ніякіх грунтоўных змен тут чакаць таксама не варта.

«Польшча лаяльна ставіцца да беларускай дыяспары, магчыма, яна з'яўляецца нават самай лаяльнай сярод краін ЕС. Таму наўрад ці стварэнне новай урадавай кааліцыі можа неяк на гэта паўплываць».

Валер Карбалевіч лічыць, што змены сіл ва ўрадзе ў першую чаргу могуць прывезці да нармалізацыі адносін паміж Варшавай і Бруселем.

«Будзе менш канфліктных пунктаў. Дзеянні ва ўсіх сферах могуць стаць больш сінхроннымі», — мяркуе Карбалевіч.

Таксама аналітык выказвае здагадку, што пасля выбараў сцішыцца і публічная палеміка, якая была паміж Варшавай і Кіевам, бо новая кааліцыя ва ўрадзе больш арыентуецца на агульную пазіцыю краін Захаду.

Пры гэтым, на думку Карбалевіча, гэта не будзе азначаць, што падтрымка Украіны зможа стаць больш моцнай.

«Аб'ём дапамогі як збоку Польшчы, так і іншых краін Захаду мае ліміты магчымасцяў. Тым больш, калі цяпер пачалася вайна на Блізкім Усходзе. Таму па аб'ектыўных прычынах аб'ём дапамогі пашырацца не будзе. І гэты чыннік больш важны, чым жаданне ці імкненне павялічыць тую дапамогу ў незалежнасці ад таго, будуць гэта старыя ці новыя кіраўнічыя эліты», — адзначае эксперт.

Таму, на думку палітолага, змены ва ўрадзе ў першую чаргу будуць уплываць на змены ва ўнутранай палітыцы Польшчы, а не ў знешняй.

Чаму рэферэндум праваліўся?

Паралельна з выбарамі ў парламент, на якіх была зафіксаваная рэкордная яўка, у Польшчы праходзіў рэферэндум, які праваліўся праз тое, што ўдзел у ім прынялі менш за 50% выбаршчыкаў. 

Адно з чатырох пытанняў, вынесеных на плебісцыт, тычылася Беларусі. Дакладней, агароджы на мяжы паміж краінамі.

Агароджа на мяжы з Беларуссю. Фота: AP Photo / Michal Dyjuk, File

Агароджа на мяжы з Беларуссю. Фота: AP Photo / Michal Dyjuk, File

Нізкую цікавасць да рэферэндуму палітычны аглядальнік тлумачыць тым, што ён быў абсалютна штучным. І прыдуманы партыяй PiS дзеля таго, каб заахвоціць і мабілізаваць свой электарат.

«Гэта было відавочным для ўсіх, таму амаль усе апазіцыйныя партыі фактычна выступілі супраць гэтага рэферэндуму. Можна казаць, што ў ім і ўдзельнічаў толькі «пісаўскі» электарат, таму і вынікі адпаведныя.

Калі казаць пра пытанне агароджы на мяжы з Беларуссю, то яно наогул штучнае і нелагічнае, бо агароджа ўжо фактычна пабудаваная. Пытанне было арыентаванае на тое, каб заахвоціць больш людзей падтрымліваць PiS.

Таму большасць выбаршчыкаў зразумела штучнасць і палітызаванасць такіх пытанняў, звязаных менавіта з выбарамі, а не з рэальнымі праблемамі, якія існуюць у польскім грамадстве», — лічыць палітолаг.

Чытайце таксама: 

Ці выкарыстае Лукашэнка змену ўлады ў Польшчы, каб перазагрузіць адносіны з Варшавай? Пабачым па адным простым кроку

«Азаронкаўшчына — гэта найвышэйшая форма лукашызму». «Ток» з Валерыем Карбалевічам

Клас
23
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
5