«У Германіі выдалі нарматыўна-прававы акт, які забараняе плаціць па дамовах саступкі з 01.01.2024, але нямецкія банкі ўжо заварочваюць такія плацяжы. Падазраем, што гэта чарговая мера, як яны лічаць, супраць абыходу санкцый, і такія акты хутка прымуць і іншыя краіны», — паведамілі «Нашай Ніве» суразмоўцы з камерцыйных колаў. 

Што гэта азначае на практыцы? 

«Дапусцім, я літовец, эстонец або іншы еўрапеец з даўнімі камерцыйнымі сувязямі ў Беларусі, якія я не намераны рваць.

Але ёсць праблема — банкі маіх краін проста не плоцяць у Беларусь і не прымаюць адтуль плацяжы, незалежна ад таго, што мой бізнэс не звязаны з ваенкай, энергетыкай, угнаеннямі і гэтак далей. 

Каб вырашыць праблему аплаты, я карыстаюся схемай з саступкай доўгу.

Дапусцім, мне трэба заплаціць за штосьці ў Беларусі, але я плачу іншай еўрапейскай кампаніі, якой павінна трэцяя кампанія з Беларусі. Я плачу еўрапейцам у Еўропе, а іх даўжнікі ў Беларусі плоцяць тым, каму павінен я. 

Мае адносіны з беларускай кампаніяй для банка нябачныя, у прызначэнні плацяжу будзе толькі напісана, што ён выплочваецца ў рамках дамовы заліку, таму што непасрэдна я той еўрапейскай кампаніі нічога ні за што не павінен», — тлумачыць сэнс беларускі бізнэсмен, які з партнёрамі карыстаецца схемай саступкі доўгу. 

«Складана памераць шырыню практыкі. Але яна выкарыстоўваецца, таму што яна простая і танная. 

Калі ты хочаш іначай, то можаш адкрываць рахункі ў іншых юрысдыкцыях, якія з Беларуссю працуюць. Напрыклад, у польскім РКО, або ў Арменіі, Казахстане.

Зноў жа, тут пачынаюцца страты на курсах, танцах з бубнам і гэтак далей. А саступка доўгу — простая і эфектыўная схема», — дадаў іншы наш суразмоўца. 

Калі схема закрыецца і ў іншых еўрапейскіх краінах і там кампаніі не змогуць праводзіць узаемазалікі паміж сабой, што ад гэтага беларускаму бізнэсу? 

«Я разумею, што еўрапейскія банкі цяпер нават у разліках унутры іх краін на многія плацяжы глядзяць з недаверам і схільны бачыць абыход санкцый у тым, што ім адразу не зразумела. А таму страхуюцца на нейкі, хацелася б верыць, час. 

Хаця, як па мне, лавачку глабальна прыкрыць будзе складана, таму што народ стане пісаць іншае прызначэння плацяжу — усіх не правераць.

І змогуць прыдрацца, толькі калі паступіць данос, што насамрэч вось гэтыя дзве кампаніі паміж сабой не маюць адносін, якія дэкларуюць, а грошы, што паміж імі ходзяць, гэта саступкі даўгоў у інтарэсах беларускіх контрагентаў.

Але, адкінуўшы гэтую рызыку, можна прыдумаць сотню варыянтаў, як зрабіць так, каб банк не зразумеў, што адбываецца», — дадаў наш іншы суразмоўца. 

Праблема разлікаў паміж беларускімі і еўрапейскімі кампаніямі абвастраюцца кожны год па палітычных прычынах. 

Нават тыя сферы, якія не закранулі санкцыі за рэпрэсіі і саўдзел у вайне, становяцца таксічнымі для еўрапейскіх банкаў, якія не хочуць разбірацца, легальным ці нелегальным бізнэсам ажыццяўляюцца плацяжы ў бок Беларусі. 

У выніку гэта рэдка дае эфект, таму што кампаніі знаходзяць варыянты, якія праводзіць аплаты праз трэція юрысдыкцыі, але гэта павышае цану тавараў і паслуг, што ўласнікі кампаній перакладваюць на плечы спажыўцоў. 

Чытайце таксама:

Стаўкі па крэдытах у Беларусі выраслі ўпершыню з пачатку года

Хто інвестуе ў беларускія токены

Беларусь пастаўляе ў Расію польскія яблыкі у абход санкцый. Адбываецца гэта з дазволу саміх польскіх пастаўшчыкоў

У Латвіі беларускага бізнэсоўца, якому дапамаглі пасля 2020 года, падазраюць у абыходзе санкцый

Клас
11
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
4