Фота: тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтра «Вясна» 

Фота: тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтра «Вясна» 

Напісанае спачатку на англійскай мове і разлічанае ў першую чаргу на замежнага чытача, перапрацаванае даследаванне «Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968—1988)» летась выйшла ў Беластоку на беларускай мове як навукова-папулярнае выданне.

Галоўнымі героямі кнігі з'яўляюцца дзеячы культуры і мастацтва Беларусі на фоне сацыяльна-палітычных рэалій «развітага сацыялізму» пачынаючы ад Пражскай вясны 1968 года і заканчваючы «восенню народаў» 1988 года.

Аўтарка распавядае пра новую пасляваенную інтэлігенцыю і спрабуе зразумець, чаму пасля радыкальных узрушэнняў (вайны і сталінскіх рэпрэсій) у, здавалася б, добра эканамічна развітай рэспубліцы ў мірных і дастаткова камфортных умовах былі людзі, якія мыслілі інакш.

Графіці ў Віцебску ў другой палове 2020-га. Фота: Павел Вур, sputnik.by.

Графіці ў Віцебску ў другой палове 2020-га. Фота: Павел Вур, sputnik.by.

Астроўская даводзіць, што галоўным каменем сутыкнення паміж інтэлігенцыяй Беларусі і ўладамі ў той час была незадаволенасць савецкай моўнай і нацыянальнай палітыкай. Акрамя гэтага, важным пунктам разладу з савецкай уладай стаў пераслед рэлігіі.

Менавіта інтэлігенцыя тонка адчувала небяспеку для народнай культуры афіцыйнай палітыкі савецкіх уладаў і выступала ў падтрымку беларускай мовы ды фальклорных традыцый, абуралася знішчэннем сакральнай архітэктуры.

Але пазіцыі прадстаўнікоў іншадумства былі рознымі. Яны распасціраліся ад канструктыўнага (ці інстытуцыйнага) іншадумства, абмежаванага крытыкай савецкай культурнай палітыкі, да апанентаў сістэмы, адданых радыкальнай праграме культурнай, эканамічнай і палітычнай эмансіпацыі.

Таццяна Астроўская заўважае, што вельмі складана падзяліць інтэлігенцыю Беларусі таго часу на два суперніцкія лагеры — нонканфармістаў і калабарантаў, змагароў і прыстасаванцаў, функцыянераў камуністычнай партыі і апанентаў партыйнай манаполіі, прыхільнікаў русіфікацыі і «нацыянальна свядомых». Бо гэтыя, здавалася б, процілеглыя ролі суіснавалі ў адным часе і прасторы, даючы прыклады разнастайных варыяцый.

Сярод такіх — Максім Танк і Ніл Гілевіч. Першы, зʼяўляючыся членам ЦК КПБ і старшынёй прэзідыума Саюзу пісьменнікаў БССР трымаўся высокіх маральных стандартаў і, сярод іншага, падтрымліваў Ларысу Геніюш. Другі таксама зʼяўляўся камуністам і чыноўнікам, але пры гэтым быў апантаным абаронцам беларускай мовы і ўвайшоў у гісторыю самвыдату як аўтар сатырычнай паэмы «Сказ пра Лысую гару».

Астроўская заўважае, што шматлікія прыклады вагання паміж супрацай і супрацівам, якое падаецца характэрным для беларускай інтэлігенцыі, можна знайсці і ва ўсім сацыялістычным блоку. Іх разгляд дазваляе па-новаму зірнуць на іншадумства, якое «трэба разумець не толькі як комплекс пратэсных дзей, але і як сам працэс перамоў і прыняцця рашэнняў, убудаваных у сістэму ўзаемаадносін паміж інтэлігенцыяй і ўладай, а таксама паміж прадстаўнікамі розных груп інтэлігенцыі».

Астроўская сцвярджае, што ў савецкай Беларусі сярод інтэлігенцыі выспявала альтэрнатыўнае паняцце нацыянальнай культуры, якое «было сфармуляванае (хай часам толькі паступова і асцярожна) збольшага не падпольнымі дысідэнцкімі коламі, а інтэлектуаламі, якія былі даволі паспяхова ўбудаваныя ў іерархію савецкага пісьменніцкага цэха і функцыянавалі амаль выключна ўнутры яго».

Аўтарка сканцэнтравала сваю ўвагу на пісьменніцкай супольнасці і іншадумстве ў яе асяроддзі. Гэта яна абгрунтоўвае спецыфічнай пазіцыяй пісьменніка ў грамадстве, які меў значна большую аўдыторыю, чым хто-небудзь яшчэ. Асобная частка выдання прысвечана канкрэтным асобам — Максіму Танку, Валянціну Тарасу, Васілю Быкаву, Уладзіміру Караткевічу, Ларысе Геніюш, Алесю Адамовічу (пра яго дзейнасць распавядаецца ў раздзеле «Выклікі ядзернаму веку»), а таксама моладзевым абʼяднанням «Майстроўня» і «Тутэйшыя».

Па словах даследчыцы, «у савецкай Беларусі ў эпоху Л. Брэжнева галасы незадаволенасці нагадвалі выспы ў моры канфармізму. Аднак у канцы 1980-х носьбіты гэтых галасоў былі пачутыя, і больш за тое, яны аказаліся на чале пераўтварэнняў, якія закранулі як культуру, так і грамадства ў цэлым».

Выпрацаваная ідэя нацыянальнай культуры стала тым падмуркам, які абʼяднаў беларускую інтэлігенцыю ў канцы 1988 года і прывёў да стварэння першай праваабарончай арганізацыі — «Мартыралога Беларусі», з якой пазней утварылася палітычная партыя — Беларускі Народны Фронт за Перабудову «Адраджэнне».

Акрамя гэтага, аўтарка паспрабавала стварыць прыкладны сацыяльны партрэт інтэлектуалаў таго часу. Аналіз паказаў, што большасць інтэлігенцыі мела вышэйшую адукацыю (універсітэцкую або інстытуцкую) і паходзіла з сялянскіх сем’яў. Другую па велічыні групу складалі спадчынныя інтэлігенты, якія нарадзіліся і/або выраслі ў гарадах. Менавіта яны «вялі рэй» у 1980-х гадах.

Нечаканым зʼяўляецца вынік аналізу, які паказвае, што большасць інтэлектуалаў, якія вызначалі нонкафармісцкія дыскурсы ў савецкай Беларусі, паходзілі з тэрыторый, якія да 1939 года ўваходзілі ў склад БССР.

Хаця, здавалася б, такіх настрояў трэба было б чакаць ад насельніцтва Заходняй Беларусі, якая патрапіла пад савецкую ўладу на 18 гадоў пазней. Аўтарка тлумачыць гэта тым, што «жыхарам Заходняй Беларусі часта даводзілася даказваць сваю палітычную прыхільнасць, а перспектывы кар’еры для іх часта былі абмежаванымі».

Справа налева: Васіль Быкаў, былая палітзняволеная Ларыса Геніюш, былы партызан Аляксей Карпюк і Данута Бічэль-Загнетава. Фота Юркі Голуба

Справа налева: Васіль Быкаў, былая палітзняволеная Ларыса Геніюш, былы партызан Аляксей Карпюк і Данута Бічэль-Загнетава. Фота Юркі Голуба

На наш погляд, найбольш цікавай зʼяўляецца частка, у якой распавядаецца гісторыя самвыдату ў БССР. Даследчыца звяла звесткі пра яго ў асобную табліцу, з якой можна даведацца не толькі пра месца выдання, але і пра аўтараў, тэмы і актуальнае месца захоўвання.

Правёўшы аналіз зместу выданняў, Астроўская сцвярджае, што падпольныя выдавецтвы і альтэрнатыўныя ідэі ў савецкай Беларусі, нягледзячы на іх адносны дэфіцыт, дазволілі распрацаваць альтэрнатыўныя культурныя і палітычныя праграмы, падрыхтаваўшы глебу для інтэлектуальных абмеркаванняў і росквіту вальнадумства падчас і пасля перабудовы.

Аўтарка распавядае пра кантэкст і ўмовы ўзнікнення нарыса Міколы Ермаловіча «Па слядах аднаго міфа», брашуры Зянона Пазняка «Положение в Беларуси. 1974 год», якую яна называе першай палітычнай праграмай, а таксама самы вядомы літаратурны твор самвыдату — «Сказ пра Лысую гару».

Цікавым фактам, на які звяртае ўвагу Астроўская, зʼяўляецца месца выпуску першага нелегальнага перыядычнага выдання на беларускай мове — часопіса «Блакітны ліхтар». Ім быў адзін з самых «небеларускіх» гарадоў БССР — Наваполацк.

Чытач таксама даведваецца, што Мікола Ермаловіч выконваў задачу цэлага падпольнага выдавецтва, выпускаючы (пры дапамозе мастака Яўгена Куліка) у 1974—1975 гадах штотыднёвы лісток «Гутаркі». А Сяргей Дубавец на электрычнай машынцы ў рэдакцыі газеты, якая знаходзілася на тэрыторыі Мінскага аператыўнага палка, друкаваў у 1979—1980 гадах часопіс «Люстра дзён».

Аналіз, праведзены аўтаркай, паказаў, што эмігранцкія і савецкія беларускія інтэлектуалы не былі цалкам адарванымі адны ад адных, як магло б падацца з увагі на «халодную вайну». Перапіска і ўспаміны пісьменнікаў-эмігрантаў паказваюць, што яны былі вельмі добра знаёмыя з тым, што публікавалася ў савецкай Беларусі, і часта давалі хуткія адказы ў прэсе. А беларуская супольнасць у Польшчы стала своеасаблівым перавалачным пунктам, праз які можна было атрымліваць публікацыі з абодвух бакоў мяжы.

Прыкладам служыць гісторыя з «Письмом русскому другу» гісторыка і літаратуразнаўцы Алеся Каўкі, які, з'яўляючыся супрацоўнікам пасольства СССР у Польшчы, змог перадаць свой тэкст для публікацыі на Захад. Каўка таксама паспрыяў (разам з Юрыем Туронкам) перапраўцы на Захад даследавання Алега Бембеля «Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс».

У той жа час Астроўская сцвярджае, што многія афіцыйныя выданні былі не менш важныя для падрыву савецкай сістэмы, чым некаторыя самвыдаты. Праўда, у выпадку Беларусі гэта адносіцца толькі да самага апошняга года, якім ахоплена даследаванне, і звязана з аслабленнем цэнзурных патрабаванняў.

У канцы заўважым, што калісьці, яшчэ ў 1990-я гады, у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі спрабавалі напісаць шматтомную гісторыю беларускай інтэлігенцыі. Але, як паказала жыццё, гэтая тэма нашмат складанейшая за гісторыю сялянства ці гісторыю беларускай дзяржаўнасці. Пакуль застаецца толькі марыць, што такое даследаванне будзе калі-небудзь рэалізавана. 

Чытайце яшчэ:

У Каўнасе адбылася прэзентацыя кнігі Таццяны Астроўскай пра культуру і супраціў у БССР 

Кантора Томаса Кука ў Стоўбцах: якім быў турызм у Заходняй Беларусі

Холад, голад і зараза: захапляльнае падарожжа ў свет беларуса сярэдзіны XIX стагоддзя 

Клас
23
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?