Аляксандру 34 гады, па першай адукацыі ён слесар механазборачных прац, па другой — банкір. Яшчэ зусім нядаўна ён ганяў па родным горадзе на двух BMW: матацыкле S1000RR і двоечцы ў кузаве F44. Што ж прымусіла маладога чалавека перасесці на дызельны забіты Passat B6, ды яшчэ і займацца яго аднаўленнем?

— Збіраемся пераязджаць. Вырашыў, трэба ж да гэтага моманту на нечым ездзіць… Шукаў танную і практычную машыну. Так, дызельны ўніверсал сапраўды практычная машына, але стан гэтага экзэмпляра быў жудасны. З іншага боку, дзіўна, але машына практычна ўся заставалася ў завадской фарбе, толькі адно крыло было фарбавана. Пад капотам таксама ўсё было роўна. Машына 2007 гада, была ў апошняга ўладальніка 9 гадоў. 

Насамрэч купіў я яе выпадкова: мне знаёмы відэа жартоўнае з тыктока скінуў. Зайшоў на барахолку — аказваецца, прадаецца. Спачатку ў якасці цаны паказалі $3900 па курсе, затым скінулі да $3400. Прыяцель якраз у Мінск ехаў, і я папрасіў яго гэту машыну зірнуць. У першую чаргу мяне цікавіў рухавік. А з кузаўшчынай, вырашыў, дам рады саматугам.

Машына аказалася на хаду, а гаспадар скінуў цану да $2800 — я вырашыў браць. Па дарозе дадому выявіліся праблемы з КПП і задняй падвескай. Але і гэта было некрытычна, бо мой брат — вялікі спецыяліст менавіта ў гэтай тэме.

Усё зрабілі прыкладна за месяц. Крышку багажніка мне аддаў ранейшы гаспадар, дзверы прывезлі з Літвы, капот знайшоў у нас на аўтаразборцы за 50 рублёў. Заднія крылы пераварвалі, пярэднія купляў новыя (тайваньскія) па 130 рублёў за штуку. Плюс неабходныя былі запчасткі для падвескі, іншыя дыскі з пакрышкамі, шпатлёўка, наждачка, грунт, фарба і лак. 

На ўсё спатрэбілася каля 1300 даляраў у эквіваленце. У выніку на гэты Passat выдаткаваў 4100 даляраў па курсе (сама машына і аднаўленне). Натуральна, усё гэта без уліку нашай з братам працы. Аддай я гэты аўтамабіль для аднаўлення ў майстэрню – і цану можна было б памножыць на два. Натуральна, ніякай мэтазгоднасці ў набыцці машыны па такой цане няма. Але і купляў я яе не для заробку. Калі б на ёй можна было нешта наварыць, то даўно б яе забралі менскія перакупшчыкі.

Згнілі менавіта навесныя дэталі і заднія аркі. На парогах хоць і бачныя былі сляды ржы, але скразных дзірак не было. Дно аказалася ў добрым стане, а да ланжэронаў наогул не было пытанняў. Можа, калі б гэтую машыну часцей мылі, то і не згніла б так моцна.

Пакуль прадаваць дакладна не планую. Я ж свой BMW прадаў, з машынай жонкі зрабілі аналагічна. Пакуль у нас гэты VW Passat адзін на дваіх. Ужо перад самым ад'ездам, зразумела, будзем выстаўляць яго на продаж, але здарыцца гэта толькі ў снежні.

Дарэчы, хлопец запісаў відэа ў тыктоку са сваёй новай машынай і стаў ці не самым папулярным уладальнікам машыны Passat: відэа паглядзелі 5,6 млн разоў.

Клас
27
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
6