Скрыншот з відэа з сацсетак

Скрыншот з відэа з сацсетак

На відэа трое мужчын у шэрым мілітары з аўтаматамі, якія гавораць на літоўскай мове з вялікім беларускім акцэнтам. На іх маскі і цёмныя акуляры, твары не відаць зусім. Яны называюць сябе «сапраўднымі беларускімі патрыётамі, якія ўжо тры гады знаходзяцца ў выгнанні». Пад відэа — субцітры на беларускай мове.

У відэа ўтрымліваецца шэраг хлуслівых сцвярджэнняў. На відэа таксама гучаць выпады на адрас Літвы і літоўцаў. 

Згадваецца і «ціск літоўскіх спецыяльных службаў на Вольгу Карач». Адметна, што нядаўна літоўскім дэпутатам на пошту разаслалі пагрозы нібыта ад батальёна «Тэрор». Там па-руску пісалася: «Нам стала вядома, што вы прынялі рашэнне не прадастаўляць палітычнага прытулку нашай кіраўніцы і беларускай праваабаронцы Вользе Карач».

Ваяры «Тэрора» адразу ж абверглі сваю датычнасць да той рассылкі. Дый вядома, што з Карач яны ў напружаных стасунках і кіраўніцай добраахвотнікаў тая ніколі не была.

Цяперашняе відэа з'явілася на акаўнце сацсеткі X (у мінулым — Твітар), які звязаны з літоўскімі нацыяналістамі (або мімікруе пад такі). «Наша Ніва» пакуль не выявіла першакрыніцы гэтага відэа.

«Мы ўвогуле не ведаем, хто гэта», — адказалі «Нашай Ніве» ў прэс-службе Палка Каліноўскага.

Звяртае ўвагу, што нядаўна адна з вайсковых часцей Беларусі шукала спецыяліста з веданнем літоўскай мовы.

***

На думку «Нашай Нівы», мэта гэтай правакацыі, як і ранейшых аналагічных, стварыць у літоўцаў недавер да беларусаў і беларускай эміграцыі ў Літве ў прыватнасці. Калі за гэтым стаяць лукашэнкаўцы, то яны могуць разлічваць падыграць тым нацыяналістычным палітыкам у Літве, якія разыгрываюць антыбеларускую карту. 

Аналізуючы ўстаноўкі інтэрнэт-каментатараў, якія, імаверна, звязаныя з лукашэнкаўскімі спецслужбамі, «Наша Ніва» прыйшла да высновы, што яны маюць некалькі паслядоўных установак. Яны імкнуцца раздзімаць антылітоўскія і антыпольскія пачуцці сярод эмігрантаў з Беларусі. Паралельна яны спрабуюць справакаваць падазрэнні ў палякаў і, асабліва, літоўцаў адносна сапраўдных намераў беларусаў-эмігрантаў і падаюць іх як нахлебнікаў у вачах літоўскай аўдыторыі.

У канчатковым выніку лукашэнкаўцы, выглядае, маюць на мэце справакаваць недавер літоўцаў да беларускай эміграцыі, каб выціснуць яе з Літвы. Для чаго гэта лукашэнкаўцам? Рэч у тым, што новая беларуская дыяспара ў Літве, Польшчы і Украіне застаецца даволі арганізаванай і з'яднанай повязямі з людзьмі ўнутры краіны.

Лукашэнкаўцы бачаць свой інтарэс у тым, каб максімальная колькасць новых эмігрантаў перамясцілася ў краіны, аддаленыя ад Беларусі, дзе яны будуць расцярушаныя, мець менш фізічных кантактаў з суайчыннікамі ўнутры краіны і хутчэй адыдуць ад беларускага парадку дня. Менавіта з рэалізацыяй гэтай стратэгічнай мэты можна звязваць з'яўленне і сённяшняга відэа. 

Калі вы ведаеце на гэтую тэму больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на [email protected]. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста.

Клас
13
Панылы сорам
25
Ха-ха
18
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
86