Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

На адным з апошніх мерапрыемстваў кампаніі Meta былі паказаныя новыя функцыі штучнага інтэлекту для рэдагавання выяў і стварэння стыкераў для Instagram.

Новая прылада пад назвай restyle будзе дазваляць карыстальнікам рабіць «рэмікс» сваіх існых фота ў розных стылях. Напрыклад, можна ўвесці дэскрыптар (тэкставую падказку) «акварэль» — і атрымаць абробленую выяву ў стылі малюнка акварэлевай фарбай. Альбо можна ўвесці падрабязнейшую падказку, напрыклад, «калаж з часопісаў і газет, ірваныя краі», і атрымаць новы малюнак у адпаведнай калажнай стылістыцы.

Gif-выява: Meta

Gif-выява: Meta

Кампанія таксама прадэманстравала новы інструмент пад назвай backdrop («фон»), своеасаблівую функцыю зялёнага экрана на базе ШІ. Карыстальнікі могуць уводзіць падказкі накшталт «паставіць мяне перад велічным палярным ззяннем», каб стварыць новую версію вашага фота з адпаведным фонам. Engaget распавядае, што пакуль невядома, калі функцыі «рэстайлінгу» і «фону» будуць даступныя для карыстальнікаў, але ў Meta заявілі, што яны з'явяцца «неўзабаве».

Gif-выява: Meta

Gif-выява: Meta

Выявы, створаныя з дапамогай новых ШІ-інструментаў, будуць мець цэтлікі з пазнакай аб выкарыстанні штучнага інтэлекту для зніжэння верагоднасці таго, што людзі прымуць іх за кантэнт, створаны чалавекам. Meta не падзялілася, як дакладна будуць выглядаць гэтыя цэтлікі, але інфармацыйныя экраны з надпісам image generated by Meta AI раней ужо былі заўважаныя некаторымі карыстальнікамі ў Instagram.

Meta таксама прадэманстравала новыя стыкеры, створаныя з дапамогай ШІ, якія будуць даступныя ў Instagram, WhatsApp, Messenger і Facebook Stories. Функцыя дазваляе карыстальнікам хутка ствараць уласныя стыкеры для сваіх чатаў і гісторый з дапамогай тэкставых падказак. Стыкеры будуць распаўсюджвацца «для выбраных англамоўных карыстальнікаў» праграм кампаніі «цягам наступнага месяца», заявілі ў Meta.

Gif-выява: Meta

Gif-выява: Meta

Гэтыя функцыі з'явіліся пасля таго, як Марк Цукерберг неаднаразова абяцаў, што генератыўныя функцыі штучнага інтэлекту з'явяцца ў кожнай праграме, якая належыць Meta. Акрамя таго, для задавальнення канкрэтных нішавых інтарэсаў кампанія таксама анансавала больш за 25 генератыўных чат-ботаў на базе ШІ, у тым ліку некалькі заснаваных на рэальных знакамітасцях і стваральніках. Гэтыя асобы будуць агучаныя рознымі сучаснымі ўплывовымі людзьмі і знакамітасцямі.

Чытайце таксама:

Google адкрывае для падлеткаў пошук на аснове штучнага інтэлекту

Facebook змяніў свой лагатып. Ці зможаце вы заўважыць розніцу?

Маск заявіў, што Цукерберг адмовіўся ад бою ў Калізеі

Клас
2
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0