У чарговым выпуску ютуб-канала «Няпростая гісторыя» Андрэй Казакевіч і Аляксей Ластоўскі, якія з'яўляюцца суарганізатарамі Кангрэса даследчыкаў Беларусі, паразважалі пра прэмію Кангрэса і вызначылі відавочныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі.

Пра што пісалі беларускія гісторыкі

Андрэй Казакевіч распавядае, што за 10 гадоў (без уліку прэміі гэтага года) існавання прэміі ў шорт-ліст было ўключана 52 манаграфіі і 40 аўтараў. Былі аўтары, кнігі якіх патраплялі ў шорт-лісты нават тры разы. Гэта Андрэй Чарнякевіч, Аляксандр Гужалоўскі і Вольга Іванова. Каля сямі чалавек траплялі туды двойчы. Але саму прэмію ніхто двойчы атрымаць не змог.

Калі паглядзець статыстыку, то 16 публікацый датычаць сацыяльна-палітычнай гісторыі. Разам з тым вялікая доля публікацый па гісторыі паўсядзённасці, праблеме культуры памяці. І гэта сведчыць, што беларускія даследчыкі знаходзяцца ў кантэксце тых праблем, якія выходзяць на пярэдні план у сусветнай гістарыяграфіі.

«Уплыў сучасных тэндэнцый ёсць. Сегмент гісторыі паўсядзённасці, гісторыі сексуальнасці, сямʼі і гэтак далей становіцца вельмі заўважным прынамсі сярод тых кніг, якія ўвайшлі ў шорт-ліст. Тая ж тэндэнцыя назіраецца і сярод тых кніг, што атрымалі прэмію. З дзесяці кніг толькі тры напісаныя па палітычнай гісторыі. Іншыя закранаюць такія рэчы, як культура, ідэнтычнасць, біяграфіі», — адзначае Андрэй Казакевіч.

Археалагізацыя гістарычнай веды

Але ў той жа час, як заўважае Ластоўскі, у шорт-лісце ўвогуле не былі прадстаўленыя кнігі па археалогіі. Але тут пытанне ў тым, «ці лічыць археалогію часткай гістарычнай веды, ці гэта асобнае поле. Часам здараюцца такія дыскусіі: калі ў радзе адны гісторыкі, ці могуць яны адзначыць працу археолагаў».

Аляксей Ластоўскі і Андрэй Казакевіч Alyaksei Lastovskyi and Andrei Kazakevich Алексей Ластовский и Андрей Казакевич

Аляксей Ластоўскі і Андрэй Казакевіч. Скрыншот відэа NiaGist / YouTube

Але з другога боку, як лічыць Аляксей Ластоўскі, назіраецца другая тэндэнцыя — археалагізацыі гістарычнай веды.

«Калі паглядзець, то зараз дырэктар Інстытуту гісторыі — прафесійны археолаг Вадзім Лакіза. Мы можам заўважыць, што ўся публічная дзейнасць Інстытута гісторыі апошнім часам зводзіцца да археалагічных знаходак. Вельмі раскручваецца даследаванне комплексу на Менцы, якое фактычна пад патранатам беларускага ўрада. Але такая дзейнасць не вядзе да зʼяўлення публікацый, якія б былі камусьці цікавымі па-за колам археолагаў».

Ластоўскі нагадвае, што, нягледзячы на распаўсюджаны погляд аб тым, што археалогія далёкая ад палітыкі, у 1980-я гады менавіта кола археолагаў было найбольш палітычна нонкарфармісцкім. Можна згадаць такія постаці, як Георгій Штыхаў, Міхась Чарняўскі, Зянон Пазняк, Міхась Ткачоў.

«Але цяпер мы бачым, што археолагі не становяцца лідарамі нацыянальна арыентаванай гістарыяграфіі. Хутчэй паўстала такое поле даследаванняў, якое кантралюецца дзяржавай, і выкарыстоўваецца для дзяржаўных ідэалагічных дыскурсаў», — адзначае Ластоўскі.

Палітызацыя тэмы вайны

Па словах Ластоўскага, сярод пераможцаў адсутнічаюць публікацыі пра Другую сусветную вайну і іх мала ў шорт-лістах. І гэта дзіўна, калі казаць пра тую ўвагу, якая надаецца беларускай дзяржавай даследаванню ці ўшанаванню памяці пра вайну.

Ластоўскі лічыць, што існуе праектаванне на праблематыку сучасных даследаванняў пра вайну таго, што было ў цэнтры ўвагі ў савецкія часы. Але калі ўзяць найбольш важныя тэмы, то заўважная цікавая тэндэнцыя. Так, па тэме Хатыні найбольш грунтоўнай публікацыяй зʼяўляецца даследаванне шведскага гісторыка Андэрса Рудлінга. Па Брэсцкай крэпасці — даследаванні нямецкага гісторыка Крысціяна Ганцэра. Нямецкія гісторыкі напісалі найбольш значныя працы і па гісторыі партызанскага руху. Нават па даследаванні Трасцянца ў фарватары знаходзяцца нямецкія гісторыкі.

«Гэта вядзе да таго, што зараз, фактычна, усе даследаванні, якія метадалагічна абгрунтаваныя і прызнаюцца супольнасцю, робяцца па-за межамі Беларусі», — адзначае Ластоўскі.

Такая сітуацыя тлумачыцца тым, па словах Казакевіча, што тэма Другой сусветнай вайны вельмі палітызаваная: «Напісаўшы крыху не тое, можна ўсё згубіць».

Ластоўскі дадае, што ў сучасных умовах гістарычная веда пра Другую сусветную вайну вызначаецца пракуратурай:

«Яна вызначае, што і як трэба пісаць пра гісторыю. І там мы бачым вельмі шмат нацяжак і фальсіфікацый з боку Генеральнай пракуратуры. Тады як гэта можа сумяшчацца з прафесійным дыялогам, крытыкай крыніц? У тым падыходзе, што выкарыстоўвае Генеральная пракуратура, гэта не працуе».

На погляд Казакевіча, гэты выпадак — добры прыклад палітызацыі цэлага сегмента ў гістарычнай навуцы.

Што цікавіць гісторыкаў

Андрэй Казакевіч заўважае, што сучасныя гісторыкі амаль не пішуць пра паслясавецкі перыяд. У шорт-лістах было дзве ці тры такія працы. Хіба што гэта звязана з тым, што гэтая тэма палітычна складаная і ідэалагічна ўбудаваная ў сучасную беларускую дзяржаву.

На погляд Аляксея Ластоўскага, улюбёнай тэматыкай беларускіх гісторыкаў зʼяўляецца Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, палітычная гісторыя.

Андрэй Казакевіч адзначае, што грунтуючыся на аналізе шорт-лістоў, больш за 40% даследаванняў прысвечана перыяду да канца XVIII стагоддзя. Пра XX стагоддзе — менш за 37%.

У той час, як у заходняй гістарычнай навуцы, як распавядае Аляксей Ластоўскі, зусім па-іншаму. З гісторыі Сярэднявечча і ранняга Новага часу цікаўнасць перамяшчаецца на XX стагоддзе, якое цяпер дамінуе ў даследаваннях.

Сітуацыю ў Беларусі Ластоўскі тлумачыць тым, што «беларуская дзяржава актыўна ўмешваецца ў рэгуляцыю некаторых палёў гістарычнай веды. І тады практычным выхадам становіцца іх пазбягаць, калі ты хочаш працаваць, напрыклад, у БДУ ці Інстытуце гісторыі».

Казакевіч дадае, што калі чалавек хоча заставацца навукоўцам, пісаць тое, што думае, то тады даследаванне перыяду ВКЛ можа стаць добрым варыянтам.

Яшчэ адной прыкметай беларускай гістарыяграфіі зʼяўляецца паглыбленне ў вузкую тэматыку. Як гаворыць Ластоўскі, «стандартам лічыцца добрае веданне канкрэтнага перыяду, паглыбленне ў крыніцы. Але гэта зноў жа зусім іншы падыход ад таго, што папулярна, напрыклад, зараз у англамоўных публікацыях.

Там распаўсюджаны сінтэзны аналіз вялікай колькасці публікацый, параўнальны аналіз. Даследчыкі працуюць не з крыніцамі, а з тым, што зрабілі іншыя гісторыкі. У выніку атрымліваюцца абагульненні. Напрыклад, гісторыя таго, як апрацоўвалася і прадавалася кава, ці гісторыя гандлю рабамі».

Такую сітуацыю нельга назваць дрэннай для беларускай гістарычнай навукі, але, лічыць Ластоўскі, яна прывядзе да таго, што абагульняльныя даследаванні будуць за нас пісаць іншыя. Можна згадаць працы Цімаці Снайдэра, Нормана Дэвіса. «І мы цяпер можам сказаць, што пра гісторыю Беларусі на Захадзе ведаюць не з прац беларускіх гісторыкаў».

Іншыя тэндэнцыі

Яшчэ адна тэндэнцыя, пра якую сведчыць аналіз шорт-лістоў прэміі Кангрэса, тычыцца мовы даследаванняў.

«Беларуская гістарыяграфія застаецца адной з тых дысцыплін, дзе па-ранейшаму дамінуе беларуская мова. А іх ужо не так шмат. Фактычна гэта яшчэ беларуская філалогія і беларускае літаратуразнаўства», —

гаворыць Ластоўскі і адзначае адмоўныя бакі гэтага — фактычна ўся аўдыторыя такіх даследаванняў знаходзіцца ў Беларусі, а самі даследчыкі вельмі слаба валодаюць англійскай мовай, што не дазваляе ім быць уключанымі ў сусветныя навуковыя працэсы.

Яшчэ адна тэндэнцыя заключаецца ў тым, што працы беларускіх гісторыкаў усё больш пачынаюць выдавацца па-за межамі краіны. На думку Ластоўскага, гэтая тэндэнцыя будзе ўзмацняцца, бо з-за росту ідэалагічнага ціску ўсё складаней будзе выдаваць кнігі па гісторыі Беларусі ўнутры Беларусі. І гэта прывядзе да змены мовы выданняў.

Перспектывы беларускай гістарычнай навукі

Сёння, як адзначае Ластоўскі, існуе шэраг выклікаў: «Мы маем узмоцнены ідэалагічны кантроль з боку дзяржавы, вялікую колькасць гісторыкаў, якія выехалі за мяжу, абмежаваныя магчымасці публікавацца. У бліжэйшы час, на маю думку, будзе змяншэнне колькасці навуковых публікацый.

Між іншым гэта звязана і з тым, што гісторыкі, якія выехалі за мяжу, займаюцца іншымі справамі. Ім трэба выжываць, а не пісаць манаграфіі. І гэта відавочная праблема. У выніку будзе скарачацца колькасць аўтараў і тэкстаў. З другога боку будзе нарастаць ізаляцыя тых гісторыкаў, якія па-ранейшаму застаюцца ў Беларусі, ад скарачэння кантактаў да забароны ўдзелу ў канферэнцыях па-за межамі Беларусі і Расіі. А ўдзел у канферэнцыях — гэта магчымасць дыялогу. Таму, сітуацыя выглядае сурʼёзнай і крытычнай.

Да таго ж мы бачым, што падтрымкі з боку міжнароднай супольнасці ў гэтым накірунку таксама вельмі мала, паколькі там іншыя прыярытэты — грамадзянская актыўнасць і падобныя рэчы».

«У мяне такое адчуванне, што мы зараз знаходзімся ў цэнтры катастрофы для беларускай гістарычнай навукі. Яна складаецца з вялікай колькасці выклікаў. Мы не ведаем, чым гэта ўсё завершыцца. Будзем спадзявацца на лепшае, але тое, што адбудзецца сурʼёзнае перафарматаванне ўсяго поля, відавочна. І яно ўжо адбываецца», — адзначае Андрэй Казакевіч.

Раскол гісторыкаў

Па словах Аляксея Ластоўскага, цяпер назіраецца раскол у беларускай гістарычнай навуцы. «Напрыклад, у канцы 90-х — пачатку 2000-х можна было размаўляць пра ідэалагічны падзел паміж гісторыкамі на пралукашэнкаўскіх і незалежных. Паступова да другой паловы 2010-х гадоў гэты падзел стаў не такі востры і актуальны. Гэта хутчэй была супольнасць, якая існавала па агульных правілах, брала ўдзел у практычна адных і тых жа канферэнцыях, чытала і цытавала адзін другога. І расколу не было бачна.

Зараз мы бачым, што ўсё беларускае грамадства становіцца палітычна падзеленым. Мы кажам пра хвалі эміграцыі. І тое ж самае, напэўна, можам сказаць і пра беларускіх гісторыкаў. Многія з іх былі вымушаныя звольніцца, ці іх звольнілі. Многія з іх пакінулі краіну і зараз знаходзяцца ў іншых краінах, іншых інстытуцыях».

Аляксей Ластоўскі дзеліцца сваім назіраннем, што прыкладна палова аўтараў твораў, якія ўваходзілі ў шорт-лісты прэміі Кангрэса даследчыкаў Беларусі, зʼехала з краіны. І па большай частцы — у Польшчу, якая стала краінай-прытулкам для гісторыкаў з Беларусі.

Такая сітуацыя, як адзначае Андрэй Казакевіч, упершыню ў сучаснай беларускай гісторыі сведчыць аб глыбокім і суцэльным расколе ў супольнасці беларускіх гісторыкаў — відавочна наяўнасць дзвюх аўтаномных супольнасцей — даследчыкаў, якія зʼехалі, і тых, хто застаўся і працягвае працаваць у дзяржаўных інстытуцыях. І вялікае пытанне, наколькі паміж імі будзе адбывацца камунікацыя.

Па словах Ластоўскага, праблема хутчэй не ў камунікацыі, а ў тым, ці могуць у Беларусі публікаваць нейкага аўтара, які зʼехаў з Беларусі: «Пакуль што я бачу, што публікуюць. Напрыклад, калі выходзяць зборнікі канферэнцый, то там публікуюць нават тых гісторыкаў, якія ўжо даўно ў спісе нядобранадзейных».

Але ў далейшым, як лічыць Ластоўскі, нас чакаюць яшчэ большыя ідэалагічныя чысткі. І застаецца пытанне, якім чынам захоўваць прафесійныя стандарты. Гэта рэальны выклік для ўсё дысцыпліны. І магчыма, што прэмія Кангрэса — адзін з стрыжняў, які дазваляе трымаць рамкі навукі як нешта агульнапрынятае».

Андрэй Казакевіч лічыць, што «ёсць адчуванне, што адбудзецца інстытуцыялізацыя гэтага падзелу. Калі не адбудуцца ніякія сурʼёзныя змены ў бліжэйшы час, тая супольнасць гісторыкаў, што засталася ўнутры краіны, будзе самастойнай супольнасцю са сваёй іерархіяй, правіламі. Яны будуць чытаць крыху іншыя тэксты, на іншых мовах, супрацоўнічаць з рускімі, казахамі, можа, кітайцамі. І гэта будзе зусім не тое, што будзе адбывацца ў еўрапейскіх краінах.

Для гэтай часткі гісторыкаў будуць два асноўныя выклікі — русіфікацыя і палітызацыя. І пытанне ў тым, наколькі супольнасць унутры краіны зможа гэтаму супрацьдзейнічаць.

Калі гаварыць пра тых, хто выехаў, для іх самы значны выклік — стварэнне супольнасці. Навукоўцы параскіданыя па розных краінах. І я назіраю фрагментацыю. Людзі пачынаюць урастаць у тыя інстытуцыі, у якія яны патрапілі, губляць цікаўнасць адзін да аднаго, і нават да Беларусі.

Мы бачым спробы абʼяднаць беларускіх гісторыкаў. Але на дадзены момант мы не маем нават ніводнай прафесійнай асацыяцыі тых прафесійных гісторыкаў, якія знаходзяцца за мяжой. Фактычна няма пляцовак, дзе б яны маглі сабрацца і размаўляць.

Магчыма, Кангрэс даследчыкаў Беларусі — адна з нешматлікіх такіх пляцовак. Няма даследчых фондаў, якія б фінансавалі і вызначалі прыярытэты для гэтай супольнасці. І такога хутчэй за ўсё не будзе. І ўсе гісторыкі сутыкаюцца з тым, што прыярытэты вызначаюцца фактычна ўрадамі тых краін, куды яны патрапілі. І Беларусь там дакладна не прыярытэт».

«Праблемаў шмат, але будзем спадзявацца на лепшае», — рэзюміруе Андрэй Казакевіч.

Чытайце яшчэ:

«Сітуацыя страшная». Якая будучыня Кангрэса даследчыкаў Беларусі?

«Дылема нашых беларускіх археолагаў — адкуль пачынаўся Мінск». Што знайшлі на раскопках каля Менкі?

Вядомы хімік склаў партрэт рэпрэсаванага навукоўца. Некаторыя высновы нечаканыя

Клас
19
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
8
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?