Кангрэс даследчыкаў Беларусі Congress of Belarusian Researchers Конгресс исследователей Беларуси

Падчас уручэння прэмій 

Другі дзень працы Кангрэса быў багаты на навуковыя дыскусіі. Побач з дастаткова традыцыйнымі праблемамі, якія не раз рабіліся тэмамі абмеркавання на навуковых мерапрыемствах, такімі як сучасныя канцэпцыі нацыянальнай адукацыі, парламентарызм у ВКЛ, пытанні захавання традыцыйнай культуры і гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, месца беларускай літаратуры ў свеце, былі абмеркаваныя пытанні, выкліканыя сучасным парадкам дня: дыскамфорт грамадскай думкі ў Беларусі, узаемадзеянне дыяспары і метраполіі, успрыманне Беларусі заходнімі суседзямі, беларускае мастацтва турбулентнага часу, вайна і трансфармацыя медыяіерархій, як наладзіць беларуска-украінскі дыялог для ўзаемапаразумення.

Тэмай іншага круглага стала было пытанне аб тым, «што трэба змяніць у прадукаванні ведаў аб Беларусі ў міжнароднай акадэміі?» Яго ўдзельнікамі сталі ў большасці сваёй выхадцы з Беларусі, якія ўжо дастаткова працяглы час жывуць за мяжой і займаюцца там навукай.

Але найбольшую цікаўнасць выклікаў круглы стол «Гісторыкі Беларусі і актуальныя выклікі». Яго арганізатарам выступіла Нямецкае таварыства па даследаванні Усходняй Еўропы, праект Форум гістарычных даследаванняў Беларусі ў кааперацыі з akno/ science at risk. Больш за тры дзясяткі ўдзельнікаў абмяркоўвалі сітуацыю, у якой знаходзяцца даследчыкі ўнутры краіны і ў вымушанай эміграцыі, якія формы падтрымкі і кааперацыі існуюць, і што рабіць самім навукоўцам.

Акрамя гэтага былі прэзентаваныя вынікі даследавання «Міграцыя з Беларусі ў краіны ЕС (Эстонія, Германія, Латвія, Літва, Польшча, Бельгія, Чэхія): да і пасля 2020 года».

На вялікі жаль, усе мерапрыемствы адбываліся паралельна з прэзентацыямі выданняў. Сярод якіх — «Рэспубліка Беларусь (1990—1996): ад парламенцкай рэспублікі да аўтарытарнага рэжыму» (Кракаў, 2022), пераклад са старажытнагабрэйскай мовы Песні Песняў (Прага, 2022), першы том «Гісторыі рознічнага гандлю ў Беларусі» (Прага, 2023), альманах «CTRL+S. Спадчына як выпрабаванне».(ЕГУ) і чарговае выданне «Беларускага штогодніка» (Вільня, 2023). Як можна заўважыць, усе выданні пабачылі свет за межамі Беларусі.

Лаўрэаты Прэміі Кангрэса

Гісторыя (манаграфіі)

Таццяна Астроўская. Культура і супраціў. Iнтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968-1988). Беласток: Вясна, 2022.

Гісторыя (артыкулы)

Андрэй Чарнякевіч. «Быць канфідэнтам»: штодзённае жыцце інфарматара польскай службы бяспекі ў паўночна-ўсходніх ваяводствах ІІ Рэчы Паспалітай (1921—1939) // Homo Historicus. 2022, № 8, с. 178-199.

Гуманітарныя навукі (артыкулы)

Алеся Серада. ‘Died from Debeeration’: The Case of the First Belarusian Political Game // Studies in Eastern European Cinema, 2022, 14(1), 8—24.

У намінацыі гуманітарныя навукі (манаграфіі) у гэтым годзе конкурс не праводзіўся.

Сацыяльна-палітычныя навукі (артыкулы)

Пётр Рудкоўскі. Is There a Demand for Autocracy in Belarusian Society? // Journal of Belarusian Studies, 2022, 12(1-2), 35-62.

Заўтра Кангрэс завершыць сваю працу.

Чытайце яшчэ:

Названыя пераможцы прэміі Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў — 2019

Літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча распачынае новы сезон

Распачаўся чарговы прыём заявак на прэмію Гедройця

Клас
12
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1