Андрэй Макарэвіч Андрей Макаревич Andrey Makarevich

Андрэй Макарэвіч падчас інтэрв'ю. Скрыншот відэа vlobushkin / YouTube

У вялікім інтэрвʼю акрамя абмеркавання тэм, звязаных з творчасцю і жыццём Макарэвіча ў Ізраілі, былі закранутыя пытанні санкцый і вайны.

Як адзначыў Лобушкін, ініцыятарам інтэрвʼю выступіў сам Макарэвіч. Размова запісвалася ў Ізраілі. Падчас яе асобнымі пытаннямі вядучы спрабаваў вывесці Макарэвіча з раўнавагі, схіліць у свой бок. Але музыкант трымаўся цвёрда.

Прыводзім найбольш цікавую і напружаную частку дыялогу.

Хто вінаваты ў санкцыях

— Заходнія ж краіны наклалі санкцыі, — сказаў Лобушкін.

— Праўда? Што ты кажаш! Як думаеш, чаму яны наклалі санкцыі? Проста так, прачнуліся раніцай — давай накладзём санкцыі на лекі, каб Расіі горш жылося? Напэўна, яны нас хочуць са свету звесці. Праўда? Я дзесьці пра гэта чытаў. Увесь свет хоча звесці Расію са свету. Так? — з'едліва адказаў Макарэвіч.

— Ну гэта зразумела, што гэта рэакцыя на бягучыя падзеі.

— Дружа мой, чаго ты ад мяне хочаш пачуць?

— Я проста хачу зразумець. Ну, гэта ж не Дума забараніла лекі.

— Не, гэта не Дума. Гэта адна краіна вераломна напала на іншую і за гэта атрымала па галаве. Толькі атрымалі жыхары, якія рабілі выгляд, што ўсё добра — у нас разумны цар, ён вырашае. Вось ён давырашаўся. А цяпер яны сядзяць без лекаў. А як жа так? А вось так.

— Ну, добра, а чаму з-за гэтага жыхары Расіі не могуць атрымаць лекі?

— Бо гэта іх прэзідэнт прыняў рашэнне. Яны ў адказе за свайго прэзідэнта. Яны ж неяк яго выбіралі. Праўда? У яго ж вялізны рэйтынг. Яго ж вельмі любяць расіяне. Ну і аддыхвайцеся, хлопцы.

— Атрымліваецца, што ўсім трэба зʼязджаць?

— Я не ведаю, што атрымліваецца. Атрымліваецца, што з вайной трэба заканчваць і даўно.

— Атрымліваецца, і тыя, хто не падтрымлівае прэзідэнта, СВА і бягучую сітуацыю, яны ж таксама пакутуюць.

— Таксама пакутуюць. На жаль.

— І тыя, хто зʼехалі, пакутуюць?

— На жаль, так. Так атрымалася, што з-за капрызу аднаго дзядзечкі зламалася жыццё ў пары мільёнаў людзей. Разумееш? А пару сотняў тысяч былі забітыя з-за гэтага капрызу. І гэта працягваецца кожны дзень. Усё добра? Яшчэ раз, хто на каго напаў: Украіна на нас ці Расія на Украіну? Вось хто напаў, той не мае рацыі. І хопіць пі…ць на гэтую тэму! Гэта відавочна. Калі Германія напала на Савецкі Саюз, яна не мела рацыі. Ніхто з гэтым не спрачаецца.

Як павінна скончыцца вайна

— Ты кажаш, што вайна павінна быць скончаная і Украіна павінна вярнуць свае тэрыторыі, — спытаў Лобушкін.

— Я вельмі на гэта спадзяюся, — адказаў Макарэвіч.

— Гэта хіба крок увогуле насустрач прымірэнню?

— Гэта ўмова, а не крок насустрач прымірэнню. У цябе адабралі паўкватэры, а потым прыйшлі і сказалі: давай сябраваць, а то горш будзе. А ты скажаш: не, пачакай, ты мне вярні, калі ласка, тое, што ты адабраў, а там паглядзім, будзем мы з табой сябраваць ці ўвогуле лепш ад цябе трымацца далей. Няўжо не так?

— Уявім гіпатэтычную сітуацыю. Калі б вайну можна было спыніць сёння. У бягучай сітуацыі. Каб перасталі паміраць людзі. Каб скончыўся агонь.

— Я думаю, што Украіна не пагодзіцца. Гэта трэба ў іх пытацца. Я спадзяюся, што так яны не спыняцца. Яны вернуць.

— Ты ж гаворыш, што трэба скончыць вайну.

— Трэба скончыць. Трэба аддаць тое, што захапіў. І скончыць.

Чытайце яшчэ:

Андрэя Макарэвіча абвясцілі «замежным агентам» з-за прапаганды «дэвіянтнай мадэлі паводзін, якая не адпавядае дзяржаўнай палітыцы РФ»

Андрэй Макарэвіч запісаў прывітанне для нашаніўца-палітвязня Андрэя Скурко

Андрэй Макарэвіч: Калі нехта крычыць пра вайну: «Так і трэба!» — я гэтага чалавека проста закрэсліваю

Клас
149
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
16

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?