«Палячу ў Беларусь»

«Тэрмін дзеяння пашпарта заканчваецца менш як праз чатыры месяцы. Калі бліжэй да канца года не будзе новых паведамленняў або змяненняў — палячу на тыдзень-паўтара ў Беларусь па новы, бо без пашпарта сумнавата. Так, гэта вельмі непрыемна, але пакуль што варыянтаў не бачу.

Пераезду ў Еўропу не разглядаю. Каб падацца на шэнген у Грузіі, патрэбны ДНЖ. Але для яго атрымання ў мяне яшчэ не ўсе ўмовы выкананыя па ІП. Не факт, што паспею, плюс звычайна для шэнгена просяць, здаецца, не менш за 3 ці 6 месяцаў дзеяння пашпарта — таксама не варыянт».

«PBH або міжнародная абарона»

«У мяне пашпарт да снежня 2024 года. Планую альбо рабіць PBH (паўторна, першым, зробленым у Беларусі, не скарыстаўся), альбо падацца на міжнародную абарону ў Польшчы.

На гэты момант ведаю, што ёсць зразумелыя механізмы атрымання «замежных пашпартоў» у Польшчы і Літве. Пакуль не выехаў з Грузіі, шукаю інфу, у якіх краінах, калі паспею зрабіць ДНЖ, можна будзе таксама атрымаць такі дакумент, і як менавіта.

«Можна падацца на ўцекача»

«Пашпарт заканчваецца ў 2025-м. У Беларусь, само сабой зразумела, яго мяняць не паеду. Таму застаецца варыянт альбо чакаць пашпарт Новай Беларусі, альбо падавацца на ўцекача.

Дзе менавіта? У гэты момант яшчэ нічога канкрэтнага не планаваў, да 2025-га, можа, будзе больш інфармацыі ад Кабінета Святланы Ціханоўскай, тады і буду вырашаць. Яшчэ мінімум год ёсць падумаць і прааналізаваць сітуацыю».

«Думаю нарадзіць дзіця ў Бразіліі»

«У мяне пашпарт заканчваецца ў студзені 2027-га, але думаць над варыянтамі пачынаю ўжо цяпер. Адна надзея на праязны дакумент у Польшчы. У Грузіі заставацца ў такой сітуацыі не выпадае, бо можна потым і не выехаць.

Яшчэ апошні час думаю пра варыянт нарадзіць дзіця ў Бразіліі. Мая былая аднагрупніца так зрабіла — і ўжо на дарозе да грамадзянства. Пашпарт нармальнай краіны — найлепшы падарунак на дзень нараджэння дзіцяці».

«Мару пра пашпарт Новай Беларусі» 

«Не так палохае, што пашпарт скончыцца па тэрміне, як тое, што там скончацца старонкі. Бо ганяць машыну на беларускіх нумарах у Турцыю трэба раз на квартал — гэта 4 штампы (паўстаронкі ў ідэальным выпадку).

А што будзе потым, незразумела. Што рабіць, калі ў пашпарце ёсць візы, а пустых старонак няма? Зразумела, што можна паставіць машыну на грузінскія нумары, і тады неабходнасць у рэгулярных паездках адпадзе. Але гэта паўплывае на свабоду перамяшчэння. І тут трэба ставіць на шалі: захаванне старонак або жаданне падарожнічаць і мець шляхі адыходу на аўто.

У Беларусь лішні раз я б не ездзіў. Не ведаю, ці можа дзяржава нешта мне выставіць. Так што актыўна думаю над агучаным вышэй выбарам і мару пра пашпарт Новай Беларусі».

Праваабаронца: «У Грузіі можна падацца на міжнародную абарону»

Раман Кісляк, праваабаронца, намеснік кіраўніка беларускай дыяспары Аджарыі, расказаў, што чуваць з наданнем міжнароднай абароны беларусам у Грузіі. 

«У Грузіі падацца на міжнародную абарону можна. Проста мала хто падаецца — ніякіх бонусаў ад гэтага няма, — тлумачыць суразмоўца. — Штомесячная дапамога (для асоб з гуманітарным статусам) — гэта 45 лары (прыкладна 17 долараў). Медыцынская страхоўка пакрывае толькі экстранныя выпадкі (і яшчэ нараджэнне дзяцей; ведаю выпадкі, калі беларускі нараджалі за кошт грузінскай дзяржавы). Пашпарт (праязны дакумент) адбіраюць. 

З плюсоў — легалізацыя статусу. Так што падаюцца тыя, у каго няма выйсця.

Цяпер сітуацыя мяняецца, і такіх людзей, безумоўна, стане больш. Павялічыцца колькасць зваротаў — павялічыцца магчымасць атрымання статусу. Проста пакуль вельмі мала людзей прайшлі праз гэтую працэдуру, наколькі мне вядома. 

Я асабіста ведаю пра трох людзей, якія падаліся ў 2020-м, і ўсе трое атрымалі адмову ў 2022-м. Але насамрэч такіх кейсаў больш. Са мной кансультаваліся людзі, якія толькі-толькі падаліся тут на міжнародную абарону — разам іх да дзясятка.

Праблема не ў самой падачы або нейкай складанасці. Так, ёсць некаторы дэфіцыт інфармацыі, недакладнасці. Напрыклад, Офіс упаўнаважанага па правах чалавека (амбудсмена) Грузіі распаўсюджвае інфармацыю, што можна падысці ў любую ўстанову і напісаць заяву. Гэта не так, мы правяралі. Падаць заяву на абарону можна толькі ў Дэпартаменце міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў у Тбілісі. Там жа праходзяць і інтэрв’ю.

Што далей? Будзем «нагружаць» грузінскі ўрад заявамі. Мы ўжо спрабуем рознымі спосабамі камунікаваць і вырашаць пытанні, каб падыход змяніўся. Можа, калі колькасць заяўнікаў павялічыцца, то стане зразумела і стаўленне грузінскага ўрада да нас — ці можа ён выдаваць беларусам прытулак».

Чытайце таксама:

Вячорка раскрыў верагодныя тэрміны пачатку выдачы альтэрнатыўных беларускіх пашпартоў і назваў колькасць краін, ужо гатовых іх прызнаць

Заканчваецца беларускі пашпарт. І што цяпер рабіць? Парады адваката

Беларусам, якія жывуць у Грузіі, варта паклапаціцца пра еўрапейскую візу

«Я плачу, муж праклінае ўладу». Беларусы расказваюць, з якімі праблемамі сутыкнуліся пасля новага ўказа Лукашэнкі

Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
4