Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Мытныя пошліны на ўвоз аўтамабіляў у Беларусь складана назваць маленькімі, асабліва калі плаціць мыта без 50% зніжкі згодна са 140-м указам, што на практыцы робіцца рэдка. Бо калі чалавек сам не мае права на льготу, то знаходзіць тых, у каго яна ёсць.

Аўтамабілі падзяляюцца на тры катэгорыі

За машыны, не старэйшыя за тры гады (у тым ліку новыя), пошліна складае 48 або 54% ад кошту. 

Найменшыя тарыфы прымяняюцца для аўто ва ўзросце ад 3 да 5 гадоў. У народзе іх называюць «прахаднымі». Большасць машын, якія едуць да нас з Еўропы і ЗША, падпадае менавіта пад гэтую катэгорыю.

Дзейныя мытныя стаўкі для аўто ва ўзросце ад 3 да 5 гадоў. У выпадку размытнёўкі па льгоце (140-ы ўказ) сума дзеліцца напалову.

Дзейныя мытныя стаўкі для аўто ва ўзросце ад 3 да 5 гадоў. У выпадку размытнёўкі па льгоце (140-ы ўказ) сума дзеліцца напалову.

Для аўтамабіляў, якім ужо споўнілася 5 гадоў, дзейнічаюць павышаныя тарыфы. Але іх таксама прыганяюць, хоць і значна радзей за «прахадныя».

Калі аўтамабіль імпартуецца ў Беларусь з краіны ЕАЭС, то мыта плаціць не трэба.

Але зусім без папаўнення бюджэту не абысціся, бо ўтылізацыйнага збору ніхто не адмяняў. Для легкавікоў ён складае ад 544,5 да 1 225,1 рубля (гэта каля 155—370 еўра).

А што ў краінах ЕС?

Пры куплі аўто ў краінах ЕС плаціць мыта не трэба. То-бок умоўны жыхар Літвы ці Латвіі можа набыць аўто ў любой іншай краіне ЕС, прывезці яго да сябе ў краіну і паставіць на ўлік, не заплаціўшы ані цэнта пошліны. Але ў некаторых асобных краінах ЕС ёсць свае падаткі ці акцызы, якія трэба плаціць пры імпарце аўто. Калі казаць менавіта пра мыта, то ў межах ЕС яно цалкам адсутнічае.

Зусім іншая карціна вымалёўваецца, калі аўто імпартуецца ў ЕС з трэціх краін, напрыклад, з ЗША. Такія аўтамабілі ўжо абкладаюцца мытам. Для ўсіх краін саюза стаўка аднолькавая — 10% ад кошту. Але, апроч пошліны, давядзецца плаціць мясцовы ПДВ. Нават з улікам таго, што купец — фізічная асоба. Стаўка ПДВ у кожнай краіны свая. Напрыклад, у Нямеччыне гэта 19%, у Літве — 21%, а ў Польшчы — 23%.

У адрозненне ад Беларусі, мытная стаўка ў ЕС не залежыць ад аб'ёму рухавіка і года выпуску аўто. Адзіны крытэр, ад якога залежыць мытны плацеж, — кошт аўтамабіля. Аўтамабілі, старэйшыя за 30 гадоў, мытам не абкладаюцца.

Але, нягледзячы на наяўнасць мыта ў 10% і патрэбы плаціць ПДВ, еўрапейцы купляюць патрыманыя аўто са Штатаў, хоць такой папулярнасці, як у Беларусі, імпарт аўто з-за акіяна ў ЕС не мае.

Са Штатаў у ЕС часцей за ўсё вязуць амерыканскія маслкары тыпу Ford Mustang, Dodge Challenger, пікапы і джыпы амерыканскай вытворчасці. 

Што ў выніку?

Каб зразумець, хто заплаціць больш мыта пры імпарце аўто з ЗША, пакупнік з ЕС ці з Беларусі, мы падлічылі некалькі варыянтаў.

Для першага прыкладу возьмем Ford Mustang 2020 года выпуску з рухавіком аб'ёмам 2,3 літра.

Скрыншот з сайта bidfax.info

Скрыншот з сайта bidfax.info

Аўтамабіль, на прыкладзе якога будуць рабіцца разлікі, быў прададзены 1 верасня гэтага года на аўкцыёне ў ЗША за $10 400. З улікам збораў аўкцыёну (каля $900) кошт аўто складае каля $11 300. Яшчэ не менш за 1500 даляраў пойдзе на транспарціроўку аўто ў Еўропу.

У выніку мытная вартасць аўто будзе складаць каля $12 800. Менавіта ад гэтай сумы еўрапейская мытня будзе вылічваць плацеж. То-бок мыта ў ЕС за гэты аўтамабіль складзе 1280 даляраў ЗША.

Але на гэтым плацяжы не скончацца, бо трэба аплаціць ПДВ. Для разліку будзем браць літоўскі 21%, бо гэта акурат сярэдні паказчык паміж Германіяй (19%) і Польшчай (23%). ПДВ налічваецца да цаны размытненага аўто. То-бок ужо з $14 080. Гэта яшчэ 2957 даляраў ЗША ў выглядзе ПДВ.

У Польшчы плацяць больш за ўсіх?

Атрымліваецца, што мытная ачыстка «Мустанга», набытага ў ЗША за $11 300, абыдзецца еўрапейцу ў $4240, ці каля 3850 еўра. Прыкладна столькі заплацяць жыхары Літвы, Латвіі, Германіі і іншых краін ЕС, дзе няма ніякіх дадатковых мясцовых плацяжоў, апроч агульнаеўрапейскай пошліны і ПДВ.

А вось палякам пашанцавала менш. У Польшчы існуе акцыз на аўтамабілі. Для аўто з рухавіком аб'ёмам да 2 літраў ён складае 3,1%, а калі звыш 2 літраў — то 18,6%. Плаціць яго трэба ад цаны аўто ў ЗША. У нашым выпадку ад цаны $11 300, а гэта яшчэ $2100, ці амаль 2000 еўра.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Акцыз, дарэчы, палякі вымушаныя плаціць незалежна ад таго, з якой краіны прыехаў аўтамабіль. Нават калі гэта будзе машына, набытая ў межах ЕС, то акцыз усё адно давядзецца плаціць. Таму палякі часцей стараюцца прывозіць машыны з рухавіком да 2 літраў, каб плаціць 3,1% акцызу, а не 18,6.

Калі гэты самы аўтамабіль размытнёўваць у Беларусі, то мыта і ўтылізацыйны збор пацягнуць на 3340 еўра, калі афармляць аўто на льготніка (як звычайна ўсе і робяць), ці на 6445 еўра, калі браць поўны тарыф.

На гэтым прыкладзе бачна, што мытная ачыстка гэтага экзэмпляра ў ЕС і Беларусі абыдзецца прыблізна ў аднолькавую суму. Канешне, калі не браць Польшчу з яе дадатковым акцызам.

Сачыце за лічбамі

Аднак прыклады могуць быць іншымі, што можна пабачыць на іншым Ford Mustang.

Скрыншот з сайта bidfax.info

Скрыншот з сайта bidfax.info

Гэты аўтамабіль таксама днямі быў прададзены на адным з аўкцыёнаў у ЗША. Год выпуску той самы — 2020-ы. Але пад капотам тут ужо рухавік з аб'ёмам не 2,3 літра, а 5,0. Цана з улікам аўкцыённага збору і дастаўкі — каля $15 800.

У выніку сукупны плацеж мыта 10% плюс ПДВ 21% складзе $5230, ці каля 4750 еўра ў Літве.

У Беларусі мыта за аўто ва ўзросце ад 3 да 5 гадоў з рухавіком аб'ёмам 5,0 складае 9000 еўра, і гэта калі размытнёўваць яго на льготніка. Адпаведна поўная стаўка будзе ўжо 18 тысяч еўра.

Такім чынам, з улікам утыльзбору і выкарыстаннем ільготы мытная ачыстка абыдзецца ў 9250 еўра, што амаль у два разы больш, чым у ЕС.

Не ўсё так адназначна

Для параўнання яшчэ возьмем такі аўтамабіль, як Porsche Macan 2020 года выпуску з двухлітровым рухавіком пад капотам, які таксама нядаўна прадалі на аўкцыёне ў ЗША. З улікам аўкцыённага збору кошт аўтамабіля складае каля $27 700, дадаём 1500 на дастаўку — і маем $29 200.

Скрыншот з сайта bidfax.info

Скрыншот з сайта bidfax.info

У ЕС пошліна і ПДВ за такое аўто пацягне на $9670, ці каля 8800 еўра. А калі браць у разлік Польшчу, то яшчэ каля 800 еўра пацягне акцыз (3,1%).

А каб размытніць гэты самы аўтамабіль у Беларусі, вам давядзецца заплаціць усяго 2950 еўра. Гэта амаль у тры разы менш, чым у ЕС. Столькі складае льготная пошліна разам з утылізацыйным зборам.

Але нават з улікам аплаты пошліны па поўным тарыфе выйдзе 5650 еўра. Пры гэтым калі браць да разліку такі самы аўтамабіль, толькі ўжо 2021 года выпуску, то льготная размытнёўка ў Беларусі абыдзецца ўжо ў 6000 еўра, а поўная — у 12 тысяч. А ў ЕС яна застанецца такой самай (8800 еўра), бо там ва ўсіх выпадках мыта разлічваецца ад цаны аўто, а не ад аб'ёма рухавіка.

Чытайце таксама:

Глядзіце і плачце. Колькі маглі б каштаваць аўтамабілі, калі б Беларусь не ўступіла ў Мытны саюз

За колькі перапрадаюць «блатныя» аўтамабільныя нумары? Цэны ўражваюць

Мінская фірма прапануе машыны з Еўропы на замову па нерэальна нізкіх цэнах. У чым падвох?

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
3