Віціс Юрконіс. Скрыншот з відэа

Віціс Юрконіс. Скрыншот з відэа

Паводле звестак Дэпартамента міграцыі Літвы на пачатак жніўня, са студзеня ў атрыманні віз і ДНЖ адмоўлена 910 грамадзянам Беларусі. Іх прызналі пагрозай бяспецы краіны. Дазвол на часовае пражыванне літоўскія ўлады не выдалі 337 беларусам і адмовілі яшчэ 121 грамадзяніну Беларусі ў працягванні ДНЖ. У 205 беларусаў анулявалі дазволы на часовае пражыванне.

«Калі мы гаворым пра нацбяспеку і бяспеку беларусаў у Літве, то галоўнае — не забывацца пра два аспекты, — кажа палітолаг. —

Першы — чалавек з беларускім пашпартам не з'яўляецца па змоўчанні пацярпелым ад рэпрэсій, таксама як не з'яўляецца звязаным з рэжымам.

Статыстыка пакуль паказвае менавіта такую сітуацыю: рашэнні прымаюцца ў індывідуальным парадку.

Другі аспект, і ён не менш важны, — у абыходзе санкцый або розным бізнэсе, які атрымлівае прыбытак ад вайны ва Украіне і рэпрэсій у Беларусі, дакладна ўдзельнічаюць у тым ліку і грамадзяне краін ЕС.

Гэта адказ усім, хто думае, што закрыццё ад дэмакратычнага насельніцтва Беларусі што-небудзь вырашыць — у гэтай барацьбе адсутнічаюць простыя тэхнічныя рашэнні.

Тут патрэбныя індывідуальныя рашэнні, а таксама выразная пазіцыя саміх беларусаў, што час жанглявання і шпагату паміж ЕС і Расіяй прайшоў. І гэта тычыцца як бізнэс-супольнасці, так і шараговага грамадзяніна».

«Дапамога і падтрымка беларускіх дэмакратаў нікуды не дзелася»

«Каля тысячы адмоў у атрыманні віз і ДНЖ — ці шмат гэта? Пры раскладзе ў 60 тысяч беларусаў, якія заехалі ў Літву з пачатку вайны, мне здаецца, гэта ўвогуле невялікая лічба, — адзначае Віціс Юрконіс. — І ці лічыць гэтую лічбу вялікай, ведаючы, які адсотак насельніцтва ў Беларусі служыць у дзяржустановах, колькі людзей працуе на «кашалькоў Лукашэнкі», якія таксама ўдзельнічаюць у абыходзе санкцый, колькі ўдзельнічаюць у злачынствах супраць беларусаў, у парушэннях правоў чалавека і гэтак далей?

У Беларусі прыкладна 1500 палітвязняў, [разумеем, што колькасць палітычных можна памножыць у некалькі разоў]. І мы разумеем, што за кожным з іх ёсць пракурор, следчы, суддзя, оперупаўнаважаныя, шараговыя ахоўнікі, начальнік калоніі і многія іншыя. І думаю, што ніводзін беларус, які выступае за дэмакратычныя каштоўнасці, не будзе адмаўляць, што ўсе гэтыя людзі павінны быць у спісе неўязных не толькі ў Літву, але ўвогуле ў ЕC.

Гэта значыць, толькі па гэтай ацэнцы лічба адмоў магла быць у разы большай».

Ёсць і іншы аспект, нагадвае Віціс Юрконіс. З восені мінулага года беларусам і расіянам для атрымання нацыянальнай візы або ДНЖ неабходна запаўняць анкету, у якой, акрамя адказаў на пытанне, чый Крым і як ён ставіцца да расійскай агрэсіі, чалавек распавядае пра сваё мінулае: ці служыў у войску, ці супрацоўнічаў са спецслужбамі, ці працаваў на дзяржслужбе і г. д.

«Я ўпэўнены, што былі выпадкі, дзе людзі пісалі няпраўду з нагоды свайго мінулага. Думаю, несумленнасць таксама з'яўляецца адным з крытэрыяў адмовы, — кажа палітолаг. — Як і «Крымнаш», — такіх адказаў, наколькі я ведаю, было нямала.

Аднак мяне больш бянтэжыць вось што. Дзе беларускія журналісты, якія расследавалі б і казалі пра канкрэтныя выпадкі нявыдачы ДНЖ? Таму што пры 60 тысячах выдадзеных дазволаў на пражыванне казаць пра тысячу адмоў, што ўсіх беларусаў нібыта «забанілі» і збіраюцца высылаць, — гэта як мінімум выглядае перакручваннем рэальнасці і скажэннем фактаў.

Пры гэтым на ўсіх узроўнях у Літве гучала і працягвае гучаць, што наша дапамога і падтрымка беларускіх дэмакратаў нікуды не дзелася.

Людзі, якія пацярпелі ад рэжыму, — праваабаронцы, актывісты, незалежныя медыя — даволі выразна вымераная група. І на іх, нават калі кажуць пра будучыя і патэнцыйныя абмежаванні для беларусаў, гэта не паўплывае наогул ніяк.

Аднак асноўная частка беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве, прыехала ў краіну не па палітычных, а па эканамічных прычынах — дальнабойнікі, будаўнікі, IT-спецыялісты і многія іншыя».

І тут, кажа Віціс Юрконіс, хацелася б пачуць меркаванні беларускіх незалежных экспертаў, эканамістаў, палітолагаў, а таксама палітыкаў: дзе самі беларусы праводзяць чырвоную лінію? Калі ў цябе бацька ці маці працуюць у КДБ або ў судзе, калі сваякі занятыя дзесьці ў вайсковай вытворчасці — гэта ОК ці не? Ці ўпускаць такога чалавека ў Літву, ці адмаўляць? Дзе правесці мяжу?

«Калі чалавек працаваў на рэжым да верасня 2020 года — гэта адна сітуацыя, да лета 2021-га, да пасадкі самалёта RyanAir, — іншая, да сакавіка 2022-га — трэці парог, а калі працуе дагэтуль? Мне здаецца, самім беларусам трэба адказаць на гэтыя пытанні і публічна пра гэта заявіць.

Таму што калі пакінуць выбар іншым — літоўцам, ці палякам, ці латышам, — то, напэўна, будзе абраны самы строгі варыянт, зыходзячы з меркаванняў бяспекі».

«Казаць, што каліноўцы абяляюць усіх грамадзян Беларусі, няправільна»

Такі ж падыход, адзначае палітолаг, тычыцца службы ў войску. У Літве яшчэ задоўга да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну вырашылі, што адзін толькі прызыўны ўзрост просьбітаў не з'яўляецца дастатковым крытэрыем для суправаджэння па лініі праваабаронцаў і выдачы гуманітарных віз/ДНЖ. Тыя, хто сцвярджае інакш: маўляў, дастаткова быць адмоўнікам, каб цябе прынялі ў ЕС, — уводзяць людзей у зман.

«Статыстыка паказвае, што ў Беларусі, на жаль, нямала людзей прытрымліваюцца пракрамлёўскіх поглядаў і падтрымліваюць вайну супраць Украіны. І як з гэтым быць, трэба вырашыць самім беларусам.

Вядома, мы бачым і тых, хто дапамагае Украіне і процідзейнічае крамлёўскаму ўплыву ў краіне, і цалкам іх падтрымліваем, — але казаць пра тое, што хлопцы-каліноўцы, што ваююць ва Украіне, абяляюць усіх грамадзян, няправільна. Таму што калі «ўсіх» — значыць, і рэжым таксама? Хоць, безумоўна, полк Каліноўскага, добраахвотнікі і валанцёры, якія дапамагаюць Украіне, дадаюць палітычнай вагі беларускім дэмсілам, якія заяўляюць аб падтрымцы ўкраінцаў і звязваюць перамогу Украіны са зменай раскладу сіл ва ўсім рэгіёне, таксама і ў Беларусі.

«Але з іншага боку, ёсць як мінімум некалькі сотняў беларусаў, якія проста напісалі ў анкеце, што лічаць Крым расійскім і падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны, — і гэта таксама паказчык, што кожны кейс трэба разглядаць індывідуальна.

І калі журналісты ці палітыкі кажуць пра «ўсіх беларусаў», то трэба казаць канкрэтна: можа быць, справа не толькі ў тым, што чалавек калісьці дзесяць гадоў таму служыў у войску, але ёсць і яшчэ нешта?

Напрыклад, калі ён прыехаў на гуманітарных падставах, але катаецца туды-сюды праз мяжу — ёсць пытанні. Па анкеце я чуў пару выпадкаў, калі людзі казалі аб тэхнічнай памылцы. Але гучыць дзіўна. Яшчэ больш дзіўна, калі дальнабойнікі кажуць: маўляў, мы асцерагаемся «ўцечкі» гэтых анкет у Беларусь, таму так адказалі. А не асцерагаецеся працаваць у лагістычных кампаніях, якія дапамагаюць рэжыму абыходзіць санкцыі, тут як бы ўсё ў парадку?

Магчыма, не ўсе людзі прывыклі рэфлексаваць і думаць пра наступствы сваіх дзеянняў. Хоць не сакрэт:

калі ты купляеш машыну ва ўмоўнай Нямеччыне і вязеш яе на продаж у Маскву, ты дапамагаеш абыходзіць санкцыі, дапамагаеш багатым расійскім таварышам і Крамлю весці вайну. І хай гэта кропля ў моры, але такіх выпадкаў нямала».

«Важна, каб барацьба працягвалася»

Для таго, каб мінімізаваць іх, мяркуе Віціс Юрконіс, беларускаму грамадству трэба ўключыць механізмы самарэгулявання:

«Нескладана стаць на мяжы і паглядзець, машыны з якімі нумарамі едуць, інтэрв'юіраваць людзей — калі відавочныя палітычныя матывы, не асвятляць гэтых кейсаў, каб не нашкодзіць, а вось

калі чалавек едзе пяць разоў на тыдзень туды і назад, зразумела, што ў плане рэпрэсій нічога ён не баіцца, і тады варта распытаць: чым ён займаецца, як атрымаў візу і г. д. На гэтую тэму можна сабраць матэрыялу на дзясяткі, калі не на сотні расследаванняў.

Нагадаю, што такія ж пытанні ёсць і да грамадзян еўрапейскіх краін. Мы ведаем, што ёсць літоўскія кампаніі, якія наймаюць беларусаў і ўдзельнічаюць у абыходзе санкцый — ідуць разбіральніцтвы на гэты конт. Ці ёсць у нас мэр Коўна, які дагэтуль мае дзейны бізнэс у Расіі — яму задаюць вельмі шмат непрыемных пытанняў, аказваюць публічны ціск. Адкрытае грамадства так дзейнічае.

І мне здаецца, тым беларусам, хто цяпер знаходзіцца ў бяспецы і карыстаецца выгодамі гэтага адкрытага грамадства, таксама важна казаць пра канкрэтныя кейсы, не абагульняць і не сеяць панікі.

Ніхто не збіраецца выганяць беларусаў з Літвы, і тая салідарнасць, якая была ў 2020 годзе, нікуды не знікла. Але тое, каб яна не меншала, на мой погляд, залежыць і ад саміх беларусаў.

Калі амаль паўгода практычна любыя тэмы ў беларускіх медыя адносна Літвы або рэакцыі ў літоўскіх медыя тычацца толькі віз і абмежаванняў, а не таго, як беларусы працягваюць сваю барацьбу, — у некаторых складваецца ўражанне, што гаворка толькі пра патрабаванні да Літвы. А вельмі важна распавядаць пра тое, што барацьба працягваецца, хай і ў падпольным выглядзе, што ўзаемападтрымка захоўваецца.

Хацелася б адкрытага дыялогу на гэты конт. І не толькі ад палітыкаў. Ёсць следчыя цэнтры, ёсць незалежныя журналісты, праваабаронцы, былыя палітвязні, якія дапамагаюць у дакументацыі рэпрэсій, — усе супольна могуць «санкцыянаваць» саўдзельнікаў рэжыму, называць пайменна і суддзяў, і бізнэсоўцаў, каб не было гэтага пачуцця беспакаранасці.

Чытайце таксама:

У выпадку закрыцця межаў уезд у Літву забароняць не ўсім

На літоўска-беларускай мяжы ў Лаварышках тых, хто едзе з Беларусі, абнюхвае і абшуквае сабака. І атрымлівае за гэта пачастунак

Наўседа наведаў літоўска-беларускую мяжу: «сітуацыя з непрадказальным суседам застаецца напружанай»

У Літве папрасілі прэзідэнта не выганяць з краіны беларускіх дальнабойнікаў

Клас
34
Панылы сорам
16
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
15