Мозг і нервовая сістэма Brain and nervous system Мозг и нервная система

Ілюстрацыйнае фота. Getty Images

Блукаючы нерв (лат. Nervus vagus) — пара нерваў, якія служаць каналам двухбаковай сувязі паміж мозгам і сэрцам, лёгкімі і органамі брушной поласці, а таксама такімі структурамі, як стрававод і галасавы апарат.

Блукаючы нерв дапамагае кантраляваць міжвольныя працэсы, у тым ліку дыханне, частату сардэчных скарачэнняў, страваванне і імунныя рэакцыі. Ён таксама з'яўляецца важнай часткай парасімпатычнай нервовай сістэмы, якая кіруе працэсамі «адпачынку і стрававання» і расслабляе цела пасля перыядаў стрэсу або небяспекі.

Як піша The Guardian, яшчэ ў канцы XIX стагоддзя навукоўцы заўважылі, што пераціскаючы галоўную артэрыю шыі, уздоўж якой праходзяць блукаючы нерв, можна прадухіляць прыступы эпілепсіі.

Да гэтай ідэі вярнуліся ў 1980-х, калі першыя электрычныя стымулятары блукаючага нерва імплантавалі ў шыю пацыентаў з эпілепсіяй. Менавіта ў шыі блукаючы нерв найбольш даступны.

Прылада забяспечвае рэгулярныя імпульсы стымуляцыі з рознымі частотамі, якія блакуюць або актывуюць розныя нервовыя валокны, дапамагаючы супакоіць нерэгулярную электрычную актыўнасць мозгу, якая выклікае сутаргі.

Дактары заўважылі, што шматлікія пацыенты, якія атрымлівалі электрастымуляцыю блукаючага нерва (VNS-тэрапію), паведамлялі аб паляпшэнні настрою і памяці ды падвышэнні ўважлівасці. Больш за тое, некаторыя пацыенты з часам змаглі зменшыць колькасць і/ці дозы прэпаратаў.

Сёння VNS-тэрапію ўсё часцей выкарыстоўваюць у якасці альтэрнатывы антыдэпрэсантам у пацыентаў з дэпрэсіяй, рэзістэнтнымі да лячэння. Таксама было выяўлена, што такая працэдура можа дапамагчы пры біяпалярным разладзе, трывожных разладах і хваробе Альцгеймера.

Аднак VNS-тэрапія мае пабочныя эфекты. Сярод іх часавая хрыпата / змены тону голасу, пакашліванне, сверб у горле і ўскладненасць дыхання.

У канцы 1990-х амерыканскі прафесар малекулярнай медыцыны і нейрахірургіі Кевін Трэйсі (Kevin Tracey) і яго калегі адкрылі сувязь паміж нервовай і імуннай сістэмамі з дапамогай блукаючага нерва.

Цэнтр узаемадзеяння — гэта каса (яе яшчэ называюць селязёнка), орган, які адыгрывае вырашальную ролю ў імуннай сістэме. Менавіта адтуль пасылаюцца электрычныя сігналы па блукаючым нерве. Яны выклікаюць вызваленне хімічнага рэчыва пад назвай ацэтылхалін, які прымушае імунныя клеткі выключыць запаленне. Электрычная стымуляцыя блукаючага нерва з дапамогай імплантаванай прылады дазволіла дабіцца таго ж выніку.

Трэйсі адразу ж усвядоміў тэрапеўтычныя наступствы, патраціўшы гады на распрацоўку больш эфектыўных метадаў лячэння запаленчых станаў, такіх як сепсіс, артрыт і хвароба Крона. Цяпер для лекавання гэтых хвароб выкарыстоўваецца VNS-тэрапія, якая дазваляе абыходзіцца без прыёму лекаў. Дастаткова стымулятара ў вобласці шыі. Ёсць і іншыя месцы, у якія ён змяшчаецца.

Як піша электроннае навуковае выданне Horizon, група навукоўцаў з Імперскага каледжа Лондана пад кіраўніцтвам прафесара Крыса Тумазу (Chris Toumazou) распрацавала малюсенькі імплантант, які размясцілі побач з блукаючым нервам у кішэчніку. Ён можа выяўляць гарманальныя змены.

Калі выяўляецца гармон голаду, прылада блакуе нерв, каб гэты сігнал не адпраўляўся ў мозг. Гэта дазваляе кантраляваць апетыт у рэальным часе без неабходнасці сур'ёзнага хірургічнага ўмяшання.

Такі імплантант можа заставацца ў целе чалавека на працягу некалькіх гадоў, як кардыястымулятар, імплантаваны для рэгулявання сэрцабіцця.

Але ёсць і іншыя спосабы стымулявання блукаючага нерва без дадатковых прылад і імплантаў. Напрыклад, стымуляцыі спрыяе масаж задняй паверхні шыі, заняткі ёгай і медытацыя.

Чытайце яшчэ:

Навукоўцы вярнулі да жыцця чалавека, які праляжаў у коме 15 гадоў

Наркотыкі дазваляюць адкрыць ужо закрытыя вокны магчымасцяў для навучання

Цыклічнае дыханне: усяго пяць хвілін на дзень здымаюць стрэс

Клас
14
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?