Здымак ілюстрацыйны. Фота: samuel morris / vecteezy.com

Здымак ілюстрацыйны. Фота: samuel morris / vecteezy.com

Мінчукі заўважылі ў інстаграме новы акаўнт, у якім за 50 руб. прапаноўвалі «арэнду лісічкі Ары для асабістай фотасесіі». Аўтары аб'явы запэўнівалі, што ліса хатняя і прышчэпленая.

Інфармацыі ў профілі было мала, таму журналісты напісалі ўладальнікам у асабістыя паведамленні і папрасілі адказаць на некалькі пытанняў. Уладальнікі акаўнта ад каментароў CityDog.io, аднак, адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што «такога не любяць» і што профіль у працэсе афармлення.

Праўда, пры гэтым дадалі, што лісічка з гадавальніка, прышчэпленая і з дакументамі: «Утрымліваецца ў добрых умовах, бо ў нас сям'я ветэрынараў».

Далей журналісты вырашылі ўзяць каментар у экаактывістаў і даведацца, ці нармальна ўтрымліваць лісу дома і наколькі наогул этычна ладзіць фотасесіі з жывёламі. Ды яшчэ і ў арэнду іх здаваць.

Пакуль чакалі адказы на свае пытанні, выявілася, што той самы профіль з лісой быў выдалены. Імя акаўнта ў тыктоку, спасылка на які была паказаная ў шапцы профілю, таксама было зменена, а сама старонка з публічнай стала прыватнай.

Экаактывістка і менеджарка «Зялёнага тэлефона» пракаментавала сітуацыю так:

— Па-першае, не варта трымаць лісу дома.

Гэта не свойская жывёла, і таму трымаць яе ў такіх жа ўмовах, як ката ці сабаку, нельга. Да таго ж, ёсць заканадаўства, якое таксама гэтага не дазваляе.

Калі верыць напісанаму, лісу не злавілі ў лесе, а ўзялі ў гадавальніку, што ўжо лепш. Але ўсё роўна патрэбныя ўмовы для таго, каб жывёла магла жыць нармальна і нікуды не збегчы, бо ліса — жывёліна дзікая, яна можа несці рызыку для чалавека.

Напрыклад, у пастанове Мінпрыроды ад 27 лютага 2007 года №16 «Аб устанаўленні патрабаванняў да ўтрымання і (або) развядзення дзікіх жывёл у няволі, а таксама іншых патрабаванняў па ахове аб’ектаў жывёльнага свету» ёсць пункт 1.3, у якім адзначана, што «ўмовы ўтрымання дзікіх жывёл павінны забяспечваць іх біялагічныя, краявідныя, фізіялагічныя і індывідуальныя патрабаванні, а таксама выключаць самаадвольнае выйсце дзікіх жывёл з месцаў іх утрымання».

Зразумела, што простая кватэра забяспечыць усе гэтыя патрабаванні не можа.

У тым жа дакуменце адзначана, што «дзікія жывёлы павінны ўтрымлівацца ў вальерах, клетках, басейнах, акварыумах і (або) іншых памяшканнях для ўтрымання дзікіх жывёл у няволі (далей, калі не пазначана іншае, — памяшканні), нормы плошчы, аб’ёму, вышыні і глыбіні якіх не могуць быць меншыя, чым мінімальныя нормы памяшканняў для ўтрымання дзікіх жывёл згодна з дадаткам».

Больш за тое, у памяшканнях павінна быць адпаведнае абсталяванне, збудаванні і прыстасаванні, якія забяспечваюць жыццядзейнасць дзікіх жывёл у няволі і ўлічваюць індывідуальныя асаблівасці віду, а таксама ўтрымліваць грунт (пясок, гліна, камяні рознай велічыні і іншае) ці субстрат рознай шчыльнасці (торф, мох, драўняная стружка і іншае).

Тэмпература паветра, вільготнасць, вентыляцыя, узровень асвятлення і іншыя фактары ў памяшканнях павінны адпавядаць біялагічным і фізіялагічным патрэбам дзікіх жывёл канкрэтнага віду.

Па-другое, ліса звыкаецца да жыцця з чалавекам.

Таму выпусціць яе на волю ўжо таксама не атрымаецца — жывёла проста загіне.

І па-трэцяе, не варта рабіць з лісой фотасесіі. 

У гэтай сітуацыі жывёла выкарыстоўваецца дзеля забавы чалавека — і гэта ўжо не ок. Не варта садзейнічаць культуры, у якой жывёлы — гэта рабы (ці слугі) чалавека. Гэта такія ж істоты, як і мы. Нельга выкарыстоўваць іх у нейкіх сваіх мэтах, нават дзеля «станоўчых эмоцый» іншых.

Фотасесіі — гэта непрыдатныя для жывёлы ўмовы. Нават у заапарках у лісы ёсць магчымасць кудысьці адысці. Перад камерай жа ўсё кантралюецца чалавекам, жывёлу трымаюць пэўны час на здымачнай пляцоўцы ці яшчэ дзесьці. Для лісы гэта стрэс з пэўнымі наступствамі: хваробы альбо магчымая агрэсіўнасць (калі ўладальнікі, канешне, не колюць усялякія заспакаяльныя, што яшчэ горш).

Для чалавека такое фатаграфаванне таксама можа быць небяспечным. Ліса прышчэпленая, але ж зноў-такі гэта дзікая жывёліна, якая наўрад ці звыклая да людзей. А ў сітуацыі стрэсу яна можа паводзіць сябе па-рознаму, у тым ліку і ўкусіць.

Чытайце таксама:

Помніце першыя беларускія грошы «зайчыкі»? Аказваецца, аўтар перамаляваў іх з энцыклапедыі пра жывёл. Тут яшчэ шмат цікавых фактаў пра беларускія рублі

Куды пайсці ў апошнія выхадныя лета 25—27 жніўня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
3