Фота: Martin Dim / Getty Images

Фота: Martin Dim / Getty Images

Усё больш брытанцаў п'юць каву замест гарбаты — традыцыйнага англійскага напою, паказала даследаванне спажывецкага рынку Statista Global Consumer Survey, піша Бі-бі-сі.

63% рэспандэнтаў сказалі, што рэгулярна п'юць каву, а 59% — што гарбату (праўда, частка з іх п'е і тое, і другое). У апытанні ўзялі ўдзел 2400 чалавек.

Па даных Kantar, за год да сакавіка 2023 года супермаркеты прадалі амаль удвая больш упаковак кавы, чым гарбаты — 533 млн супраць 287 млн.

Five O'clock не модна?

«Гарбата становіцца старамодным напоем. Яна ўсё яшчэ распаўсюджана ў краіне, але кубак кавы дадае крыху больш экстазу», — тлумачыць вынікі даследавання эксперт у галіне гастраноміі Эйдзі Сміт.

«Ва ўжыванні кавы значна больш нюансаў. Разнастайнасць варыянтаў падрыхтоўкі, падачы і гама смакаў дапамаглі ёй заняць вельмі высокае месца ў нашых перавагах. Што можа параўнацца з мастацтвам падачы латэ ў свеце гарбаты? Мастацтва запаркі чайнага пакеціка? Я так не думаю», — кажа Сміт.

Кававыя гіганты, як, напрыклад, кампанія Nespresso ахвотна падхапілі высновы экспертаў. Па іх словах, людзі ўжо даўно не запрашаюць адно аднаго сустрэцца за кубкам гарбаты — ці то будзе сяброўская, ці то дзелавая сустрэча, звычайна завуць на каву.

Аднак многія брытанцы, якія пакінулі каментары на тэму, упэўненыя, што перавага кавы звязана з яе больш адчувальным танізавальным эфектам, які так неабходны ва ўмовах сучаснага рытму жыцця.

На іх думку, апошнія даныя Statista Global Consumer Survey ніяк не паказваюць на крушэнне брытанскай традыцыі, бо ў цэнтры англійскага чаявання не толькі і не столькі сам напой, але ў большай ступені гісторыя і культурныя асаблівасці нацыі.

Чытайце таксама:

Гэты напой падтрымае імунітэт і дапаможа заснуць

Тое, як мы трымаем кубак, раскрывае асаблівасці нашага характару

«Не ведаеш — не бяры, першае правіла траўніка». Якая на смак беларуская гарбата? 

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
1