Інтэр'ер кавярні ў Парыжы

Інтэр'ер кавярні ў Парыжы

Агата, 34 гады, Мінск: «У Еўропе могуць дазволіць сабе быць больш разняволенымі і не так моцна перажываць пра сэрвіс»

«Калі параўноўваць грамадскае харчаванне за мяжой і ў Беларусі, то адразу можна сказаць: у нас меншая разнастайнасць страў і кухняў. Напэўна, даволі ярка прадстаўлена толькі італьянская культура і ежа.

У Еўропе ж у любым горадзе, куды б ты ні прыехаў, заўсёды побач з парай лакальных рэстаранаў будуць азіяцкія месцы, а яшчэ кавяранькі са стравамі з іншых краін.

Што тычыцца сэрвісу, то ў Еўропе, як складваецца ўражанне, ім трохі пляваць на цябе. У мяне не было нейкіх непрыемных гісторый, звязаных з абслугоўваннем у рэстаранах. Але перыядычна, седзячы ў парыжскіх кавярнях, я ўспамінаю мінскіх барыста.

Адчуванне, што супрацоўнікі грамадскага харчавання ў тым жа Парыжы самі разумеюць, наколькі гэта турыстычны горад, таму могуць трохі напляваць на якасць паслуг.

Інтэр'ер кавярні ў Парыжы

Інтэр'ер кавярні ў Парыжы

Я магу зразумець афіцыянтаў. Акрамя мяне, адной турысткі, да іх кожны дзень заходзяць сотні такіх жа незнаёмцаў. Напэўна, нармальна злёгку расслабіцца і ставіцца да ўсіх не так ужо па-асабліваму, як мы прывыклі ў Мінску.

Тое ж самае тычыцца і смаку ежы. Так, у Еўропе смачна, а за французскія булкі я і зусім гатовая душу прадаць. Але нават па тым, як усё прыгатавана, адчуваецца, што мясцовыя рабілі асабліва не напружваючыся.

А вось так выглядаюць мінскія кавярні: Pinky Bandinsky і «Акно»

А вось так выглядаюць мінскія кавярні: Pinky Bandinsky і «Акно»

У Мінску ж, калі ты прыходзіш у нейкі рэстаран або кавярню, любыя, нават самыя простыя, стравы будуць або з цікавай падачай, або з нейкай незвычайнай назвай. Нашы хлопцы і дзяўчаты зробяць усё, каб ты прыйшоў да іх яшчэ раз.

На мой погляд, гэта звязана з тым, што ў Беларусі ў прынцыпе менш людзей прывыклі есці не дома, таму розныя ўстановы так моцна трымаюцца за сваіх кліентаў. У Еўропе, наадварот, абед у кавярні — база. Таму яны і не імкнуцца неяк вылучацца: ведаюць, што да іх усё адно прыйдуць».

Уладзіслаў, 40 гадоў, Мінск: «Розніцы асабліва не адчуваю»

«Я асабліва не заўважаю розніцы ва ўстановах. За апошнія паўгода быў у Варшаве, Вільні, Рыме і Берліне. Адрозненняў еўрапейскага грамадскага харчавання ад мінскага асабліва не адчуў. Хіба што за мяжой былі трохі дзіўныя адчуванні, таму што ўсё на іншай мове, хоць па факце ўсё практычна аднолькавае.

Адзінае, у Беларусі персанал больш імкнецца дагадзіць табе дзеля чаявых. У Еўропе ўзнікае адчуванне, што афіцыянты ўжо стаміліся ад колькасці наведвальнікаў, таму да цябе ім перыядычна няма ніякай справы. Яны проста выконваюць сваю працу — і ўсё.

У Мінску ж, калі ты прыходзіш у кавярню, цябе адразу імкнуцца абслужыць па найвышэйшым разрадзе дзеля чаявых.

У маёй апошняй паездцы ў Італію я звычайна еў у не самых папулярных і турыстычных месцах, але там людзі былі проста прыязнымі па змоўчанні. Там не было адчування, што мяне «аблізваюць» дзеля дадатковага заробку. Вось гэтая еўрапейская прастата вельмі прыцягвае да сябе.

Цэны — тут па-рознаму. Звычайна ў Еўропе, напрыклад, у Вільні, я абедаю за 10—15 еўра. У мінскіх кавярнях абедзеннае меню будзе каштаваць танней, асабліва ўлічваючы сённяшні курс валюты. Звычайна я аддаю каля 25—30 рублёў за асноўную страву ў кавярні».

Наста, 22 гады, Вільня: «Цяпло, якое людзі ў Беларусі не атрымліваюць ад дзяржавы, яны імкнуцца самі даваць на ўзроўні абслугоўвання»

«Мне даволі складана параўноўваць, таму што ў Беларусі і ў Еўропе я звычайна хаджу ў розныя па ўзроўні ўстановы. Калі ў Беларусі я часам бываю ў даволі дарагіх рэстаранах, то за мяжой часцей выбіраю прасцейшыя кавяранькі.

У цэлым адчуванне, што ў Беларусі становіцца менш нейкіх забягалавак. Замест гэтага лакальныя месцы робяцца больш сеткавымі. Яскравы прыклад — сетка кавярняў Paragraph. Першапачаткова яны адкрыліся ў Брэсце, а затым з'явіліся ў яшчэ некалькіх гарадах Беларусі, у тым ліку і ў Мінску.

У Беларусі, на мой погляд, добрыя ўстановы больш даступныя шырокаму колу людзей. У Еўропе ж вельмі вялікі выбар нейкіх сумнеўных недарагіх кавяранек, якія па большай частцы разлічаныя на турыстаў. Сэрвіс і якасць ежы там будуць адпаведнымі. Зразумела, што ў дарагіх рэстаранах усё будзе на абсалютна іншым узроўні, але іх ты і не пацягнеш па сродках, як у Беларусі.

Я нядаўна была ў Рыме і Парыжы, і мне нічога асабліва не запомнілася з тых устаноў, дзе я была. Там у стандартных месцах асабліва не заганяюцца наконт сэрвісу або падачы. Можа быць, канешне, я неяк не так выбіраю месца, але ўсюды, дзе ела, было «нармальна», не больш за тое. Я нават асабліва нічога не фатаграфавала ў гэтых кавярнях, таму што было занадта звычайна.

Звычайныя столікі рымскай кавярні

Звычайныя столікі рымскай кавярні

Паводле маіх адчуванняў, сэрвіс у Беларусі за апошнія некалькі гадоў стаў у некалькі разоў лепшым. Здаецца, нібыта тыя цяпло і клопат, якія беларусы не могуць атрымаць на дзяржаўным узроўні, яны імкнуцца самі даць у сферы паслуг.

Змены пачалі адбывацца ў 2020 годзе з грамадскага харчавання, як мне здаецца. Тады падчас пратэсных маршаў многія мінскія ўстановы бясплатна раздавалі ежу ўдзельнікам акцый або рабілі зніжкі, выказвалі салідарнасць рознымі іншымі спосабамі. Затым гэтую тэндэнцыю падхапілі барбершопы, салоны прыгажосці і іншыя месцы.

За кошт гэтага, на мой погляд, цяпер беларускі сэрвіс абагнаў еўрапейскі. У Беларусі практычна ва ўсіх класных месцаў ёсць свая інста, дзе яны таксама актыўна прасоўваюць сваю прадукцыю. У Еўропе ж на гэта значна менш звяртаюць увагу, што таксама цяпер дадае ачкоў беларускім месцам».

Ліза, 24 гады, Мінск: «Беларускія бургеры смачнейшыя»

«У падарожжах я часта абедаю ў мясцовых «Макдональдсах». Па-першае, яны ёсць ва ўсіх краінах, куды б я ні прыехала. Па-другое, гэта нешта знаёмае і звыклае, дзе я дакладна ведаю, што мне будзе смачна. Ну, і вайфай адразу падключаецца.

Калі параўноўваць з беларускім Mak.by, то ён асабіста мне падабаецца нашмат больш: бульба не такая салёная, мяса ў бургеры таксама стала больш смачным і як быццам больш сакавітым. Менавіта таму ў плане фаст-фуду мне больш падабаецца тое, што я магу знайсці ў Мінску.

Наконт больш нішавых кавярняў і рэстаранаў я таксама не магу сказаць нешта дрэннае пра беларусаў. Апошнім часам многія ўстановы закрываюцца, на мой погляд, за апошнія пяць гадоў вельмі пракачаўся ўзровень абслугоўвання.

Узяць, да прыкладу, «Вершы», MON NOM — гэта тыя месцы, у якіх ёсць свой уласны стыль, атмасфера. Яны адрозніваюцца адно ад аднаго, у той час як у Еўропе я часта сустракала аднатыпныя месцы, без сваёй індывідуальнасці і почырку.

Што тычыцца ежы, то, вядома, кухня ў еўрапейскіх гарадах істотна адрозніваецца ад таго, што падаюць у Беларусі. Калі я адпачывала з сям'ёй у Іспаніі на беразе мора, то часта брала паэлью. Гэта адна з нацыянальных страў таго рэгіёна і на смак абсалютна не параўнаецца з тым, што падаюць у мінскіх рэстаранах.

Але гэта нармальна, у нас з мора толькі Мінскае — са свежых морапрадуктаў карасі ды жабы».

Чытайце таксама:

Ад 10 да 25 рублёў. Колькі каштуюць сэты з бургерамі і хот-догамі на пляцоўках «Пясочніца», «Лучшая улица» і «Лідбір Двор»

Паглядзіце, як выглядаюць бюджэтныя сталінкі ў самым цэнтры Мінска. Ёсць і за 70 тысяч даляраў

Клас
22
Панылы сорам
13
Ха-ха
10
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
3