60-годдзе пдпісання Рымскага дагавора 60-летие подписания Римского договора 60th anniversary of signing of the Treaty of Rome

Удзельнікі мітынгу ў гонар 60-годдзя падпісання Рымскага дагавора ў Берліне, 25 сакавіка 2017 г. Фота: AP Photo / Markus Schreiber

Ханс Кунднані — навуковы супрацоўнік Chatham House, аўтар кніг «Парадокс германскай моцы» (The Paradox of German Power) і «Еўрабеласць: культура, імперыя і раса ў еўрапейскім праекце».

Аўтар адзначае, што ягоны бацька быў індыйцам, а маці — галандкай. Сам ён нарадзіўся і вырас у Вялікабрытаніі. У 2009 годзе Кунднані пачаў працаваць у Еўрапейскай радзе па міжнародных адносінах (ECFR) і лічыў сябе «праеўрапейцам». З таго часу змянілася яго бачанне ЕС. Цяпер Кунднані спрабуе давесці, што «патрэбная іншая Еўропа, адрозная ад той, што мы маем цяпер».

Ханс Кунднані сцвярджае, што Еўрапейскі саюз часта разглядаецца як касмапалітычная адмова ад гвалтоўнага нацыяналізму. Тым не менш у ідэі Еўропы доўгая і праблематычная гісторыя: у Сярэднія вякі яна была сінонімам хрысціянства; у сучасную эпоху яна стала асацыявацца з «беласцю» — ідэяй Еўропы як расавага і культурнага праекта, заснаванага на белай ідэнтычнасці.

На думку аўтара, наратывы еўрапейскай інтэграцыі падкрэсліваюць урокі Другой сусветнай вайны і Халакосту, але не ўрокі каланіяльнай гісторыі. ЕС — гэта не толькі свет, але і сіла, і грамадзянскія ідэі Еўропы выцясняюцца этнічнымі і культурнымі.

Пасля крызісу бежанцаў 2015 года «беласць» стала яшчэ больш важнай для еўрапейскай ідэнтычнасці. І гэта новы трывожны паварот у доўгім цывілізацыйным праекце Еўропы, лічыць даследчык.

Ханс Кунднані сцвярджае, што найлепшы спосаб зразумець ЕС — думаць пра яго з пункту гледжання рэгіяналізму, аналагічнага нацыяналізму, а не касмапалітызму, як гэта ўяўляюць сабе многія «праеўрапейцы». Толькі такім чынам можна лепш зразумець напружанасць унутры еўрапейскага праекта.

Прапануем вашай увазе ўрывак з кнігі «Еўрабеласць: культура, імперыя і раса ў еўрапейскім праекце», які публікуе The Gardian.

Каб прасунуцца далей у разуменні падабенстваў і адрозненняў паміж еўрапейскім нацыяналізмам і еўрапейскім рэгіяналізмам і такім чынам падумаць над тым, што менавіта ўяўляе сабой супольнасць Еўропа, неабходна больш падрабязна вывучыць працэс фармавання ідэнтычнасці ў кожным канкрэтным выпадку.

Так як самі «праеўрапейцы» вераць у важнасць умацавання еўрапейскай ідэнтычнасці, іх спробы стварыць «наратыў» для ЕС часта міфалагізуюць яго, каб стварыць «карыснае мінулае», а не паглыбіць наша разуменне гэтага.

У прыватнасці, існуе тэндэнцыя думаць аб фармаванні еўрапейскай ідэнтычнасці на аснове ідэалізаванага і спрошчанага погляду на яе гісторыю. Еўропу часта паказваюць як закрытую сістэму — іншымі словамі, як рэгіён, які мае сваю ўласную самадастатковую гісторыю, асобную ад гісторыі іншых рэгіёнаў.

Гэта зводзіць еўрапейскую гісторыю да лінейнай гісторыі, якая ідзе ад Старажытнай Грэцыі і Рыма праз хрысціянства, Адраджэнне, эпоху Асветы і, нарэшце, да ЕС. Такі падыход сцірае глыбокія ўзаемасувязі з іншымі гісторыямі. Сярод іх як шматлікія знешнія ўплывы на Еўропу, асабліва з боку Афрыкі і Блізкага Усходу (прысутнасць не-Еўропы ў Еўропе), так і ўзаемадзеянні еўрапейцаў з астатнім светам за геаграфічнымі межамі Еўропы (гэта значыць прысутнасць Еўропы ўнутры не-Еўропы).

З пункту гледжання фарміравання ідэнтычнасці, уяўленне аб Еўропе як аб закрытай сістэме такім чынам зацямняе ролю іншых груп.

Брытанскі тэарэтык культуры Сцюарт Хол піша, што ідэнтычнасць «фарміруецца праз адрозненне: яны такія, якія яны ёсць, праз усё тое, чым яны не з'яўляюцца, праз тое, чаго ім не хапае». Гэта асабліва правільна для Еўропы, якая «пастаянна ў розны час рознымі спосабамі і ў адносінах да розных «іншых» спрабавала вызначыць, чым яна ёсць — сваю ідэнтычнасць, сімвалічна маркіруючы сваё адрозненне ад «іх».

Еўрапейская ідэнтычнасць і больш шырокае ўяўленне аб Захадзе былі сфарміраваныя «не толькі ўнутранымі працэсамі, якія паступова ператваралі заходнееўрапейскія краіны ў асаблівую форму грамадства, але і дзякуючы еўрапейскаму пачуццю адрознення ад іншых светаў».

У гэтым сэнсе еўрапейская ідэнтычнасць фарміравалася аналагічна нацыянальным ідэнтычнасцям у Еўропе — супраць «іншых». І ўсё ж нацыянальныя ідэнтычнасць у Еўропе вызначалася ў значнай ступені ў процівагу «адна адной». Іншымі словамі, іх «іншыя» былі іншымі еўрапейцамі.

Напрыклад, з XVIII стагоддзя і далей брытанскасць вызначалася як супрацьпастаўленне знешнім ворагам і, у першую чаргу, Францыі. «Пераважная большасць каталіцызму ў значнай частцы кантынентальнай Еўропы, асабліва ў Францыі і Іспаніі, дала нядаўна вынайдзенай Брытаніі грознага «іншага», супраць якога яна магла з карысцю для сябе вызначыцца», — піша гісторык Лінда Колі. 

Гэтак жа пачынаючы з XIX стагоддзя нямецкі нацыяналізм вызначаўся супраць Францыі. Асабліва пасля 1848 года нямецкая ідэнтычнасць вызначалася ў тэрмінах нямецкай ідэі Kultur, якая супрацьпастаўлялася французскай Сivilisation.

Еўрапейская ідэнтычнасць сфарміравалася ў процівагу шматлікім нееўрапейскім іншым, адносная важнасць якіх мянялася з цягам часу. У Сярэднявеччы, калі Еўропа была ў значнай ступені сінонімам хрысціянства, яўрэі былі яе асноўным унутраным «іншым», а іслам быў яе асноўным знешнім «іншым». Пачынаючы з эпохі Асветы і асабліва ў каланіяльную эпоху нябелыя людзі ва ўсім свеце сталі групай, якую супрацьпастаўлялі Еўропе.

У ХХ стагоддзі Еўропа ўсё больш вызначалася супраць Расіі і ЗША і разглядалася як канкуруючая з імі. Пасляваенная ідэя Еўропы, засяроджанай на ЕС, не парвала з гэтай гісторыяй іншасці так выразна, як хацелася б думаць многім «праеўрапейцам».

Праеўрапейцы лічаць Еўропу нечым адрозным ад нацыі ці нават яе супрацьлегласцю, але часта гавораць пра яе гэтак жа, як нацыяналісты гавораць пра нацыю.

Добры прыклад — ідэя Еўропы як Schicksalsgemeinschaft, ці «супольнасці лёсу». Гэтая канцэпцыя звычайна разглядаецца як праблематычная пры выкарыстанні ў нацыянальным кантэксце, асабліва ў Германіі. У прыватнасці, пад ёю разумеецца атавістычнае ці дапалітычнае ўяўленне аб нацыі. Тым не менш гэты тэрмін часта прымяняецца да ЕС праеўрапейцамі, якія, відаць, не бачаць у ім ніякіх праблем, калі ён прымяняецца на рэгіянальным, а не на нацыянальным узроўні.

Напрыклад, французскі філосаф Эдгар Марэн (Edgar Morin) пісаў у 1990 годзе, што еўрапейцы ўсвядомілі свой агульны лёс з 1945 года і цяпер «прыйшлі да моманту агульнасці лёсу».

Так як еўрапейцы адчуваюць усё большую пагрозу, асабліва з пачаткам вайны ва Украіне, гэта яшчэ больш умацоўвае адчуванне ЕС як «супольнасці лёсу».

Культурны элемент еўрапейскага рэгіяналізму не проста знік пасля 1945 года, як любяць думаць многія «праеўрапейцы». Хутчэй, ён знайшоў працяг у больш тонкай форме і напоўніў пасляваенны еўрапейскі праект, які не стварыў новага, чыста грамадзянскага рэгіяналізму.

У адрозненне ад еўрапейскага рэгіяналізму ў цэлым, менавіта гэты культурны элемент еўрапейскага рэгіяналізму, асабліва яго версію пасля Другой сусветнай вайны, засяроджаную на ЕС, мы можам назваць «еўрабеласцю».

Чытайце яшчэ:

«Расія не зменіцца ніколі». Спецыялістка па нацыях і і нацыяналізме — пра Беларусь, Украіну і Расію

Прафесарка ЕГУ прапанавала сваю трактоўку «беларускага грамадзянскага нацыяналізму». Тлумачэнне гучыць як маніфест

Уладзіслаў Гарбацкі: Тое, што для еўрапейцаў з’яўляецца ідэалам, беларусы ўжо часткова рэалізавалі

Клас
9
Панылы сорам
15
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?