Намеснік начальніка Маладзечанскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Язубец паведаміў Kraj.by, што пра здарэнне стала вядома ўвечары ў суботу, 29 ліпеня. Вадаём, у якім адбыўся масавы мор рыбы, — возера, арандаванае фермерскай гаспадаркай «Ля пяску».

— Наколькі мне вядома, у суботу ўвечары сабралі 1 тону 300 кілаграмаў мёртвай рыбы. Трапляліся таўсталобікі вагой па 6-7 кілаграмаў. Па адной з версій, прычынай мора мог стаць зліў у вадаём нейкага рэчыва, якое справакавала рэзкае падзенне канцэнтрацыі кіслароду ў вадзе, — сказаў Сяргей Язубец.

Адміністратар фермерскай гаспадаркі Віктар Ганчарэнка расказаў наступнае:

«Мы тры гады арандуем гэтае возера, разводзім тут рыбу і арганізуем платную рыбалку. Мясцовыя жыхары кажуць, што возера наогул было мёртвым, пакуль наша гаспадарка не ўзяла яго ў арэнду. Нават калі рыба тут заводзілася, яна тут жа гінула. У нас гэтыя тры гады рыба размнажалася. Толькі ў красавіку вада ў возеры памутнела, але мы выклікалі эколагаў, і пасля іх умяшання ўсё зноў стала нармальна. І раптам увечары 29 ліпеня мёртвую рыбу стала прыбіваць да берага. Загінуўшы, яна апускалася на дно, там падгнівала і потым усплывала на паверхню вады. Мы збіралі яе, каб не смярдзела. Загінулі карп, амур, таўсталобік, шчупак, акунь і плотка. Каля 22:00 мы выклікалі міліцыю.

На месца здарэння прыязджалі супрацоўнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якія ўзялі загінулую рыбу на экспертызу. Уласную праверку праводзіць Следчы камітэт.

Па версіі Віктара Ганчарэнкі, да экалагічнага калапсу можа быць датычны Маліноўшчынскі спіртагарэлачны завод «Аквадзіў», які нібыта мог скінуць у ваду шкодныя адкіды сваёй вытворчасці, і яны па каналах патрапілі ў возера, справакаваўшы мор рыбы.

«Аквадзіў» катэгарычна адмаўляе сваё дачыненне да інцыдэнту

Прадстаўнік завода 1 жніўня выказаў пазіцыю прадпрыемства:

— Скажыце, а што, Следчы камітэт ужо прыйшоў да нейкіх высноў, якія дазваляюць абвінаваціць наш завод у тым, што загінула рыба? Барда (светла-карычневая вадкасць, адходы вытворчасці пры атрыманні этылавага спірту) сама па сабе не можа прывесці да такіх наступстваў. Усе абвінавачванні ў наш адрас не абгрунтаваныя. Наш завод не мае да гэтага ніякага дачынення. Хай разбіраюцца эколагі і праваахоўныя органы. Калі на падставе іх заключэнняў нам будуць прызначаныя нейкія штрафы, то мы гатовыя іх выплаціць, але ніякай шкоды не будзем кампенсаваць на падставе галаслоўных абвінавачванняў.

Клас
1
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
8
Абуральна
8