Леанід Судаленка сустрэўся з мамай

Леанід Судаленка сустрэўся з мамай

Нагадаем, што Леанід Судаленка выйшаў з калоніі 21 ліпеня. У няволі ён знаходзіўся два з паловай гады.

— Чым я займаўся першыя дні пасля выхаду на волю? Рознымі справамі, — кажа суразмоўца. — Да цесця на могілкі наведаўся, бо так і не патрапіў на яго пахаванне. Тэлеграму пра яго смерць я атрымаў ужо пасля таго, як бацьку жонкі пахавалі. А цесць быў для мяне як родны бацька! У верасні мы з ім заўсёды хадзілі ў лес, збіралі апенькі…

Дарэчы, хаця закон і дапускае магчымасць зняволенаму наведацца пад канвоем на пахаванне блізкіх, але на практыцы гэтая норма звычайна не дзейнічае.

Я разумеў таксама, што калі горшае здарыцца з маці, якой ужо 84 гады, то на развітанне з ёй мяне таксама не адпусцяць.

— Вы распавядалі, што маці нават не ведала, дзе яе сын знаходзіцца. Ёй сказалі, што вы, маўляў, амаль на тры гады з’ехалі за мяжу на заробкі…

— Такую версію з маёй згоды прыдумала для маці мая старэйшая сястра. У мамы ў такім узросце ўжо ёсць пэўныя праблемы са здароўем, ёй цяжка нават хадзіць… І дрэнныя весткі пра сына дакладна не дадалі б ёй моцы і сіл. Таму наш падман быў тым выпадкам, калі мэта апраўдвае сродкі. А мэта была адна — захаваць душэўны спакой дарагога для нас чалавека.

Мама жыве ў вёсцы ў Брагінскім раёне, людзей, якія сядзяць у інтэрнэце, там няма. Таму ёй ніхто праўды і не казаў увесь гэты час.

Хаця быў адзін выпадак, калі нейкая жанчына паведаміла маці: «Мае дзеці казалі, што твой сын у турме, а не на заробках». На што мама адказала так: «Людзі рознае кажуць. А я веру словам сваёй дачкі».

— У мінулую нядзелю вы з’ездзілі ў вёску да маці. Ці раскрылася ўсё-такі праўда пра вашу «замежную камандзіроўку»?

— Не, вырашылі, што няхай усё застанецца так, як і было. Навошта было казаць маме, што яе падманвалі? Мама, калі ўбачыла мяне, знаходзілася ў такім узнёслым настроі, што псаваць яго проста не хацелася.

— А як прайшла сустрэча з малодшым сынам Мікітам, які чакаў вас дома?

— Са слязамі на вачах. Сын за два з паловай гады пасталеў, цяпер мне ўсё распавядае, як кажуць, уводзіць у курс спраў. На гэтым тыдні, дарэчы кажучы, Мікіту споўнілася 14 гадоў. Жыццё, як кажуць, не стаіць на месцы.

— Леанід, пасля выхаду на волю, ці патрэбна вам зараз адзначацца ў міліцыі?

— На пачатку гэтага тыдня я стаў на ўлік у міліцыі, аформіў усе неабходныя паперы.

Мне кожны тыдзень трэба будзе наведвацца на нейкія мерапрыемствы, якія будуць праводзіць для такіх асоб, як я. У мяне злачынства кваліфікуецца як менш цяжкае, але судзімасць будзе пагашаная толькі праз два гады.

Наколькі я зразумеў, увесь гэты час буду знаходзіцца пад кантролем праваахоўнікаў. Мне ўжо нават агучылі графік прафілактычных гутарак, якія трэба будзе слухаць раз на тыдзень.

— Ужо пачыталі навіны, пазнаёміліся з тым, што адбываецца ў краіне і ў свеце?

— Скажам так: пасля калоніі пакрысе прыходжу ў сябе. Бачу, што за той час, пакуль я знаходзіўся за кратамі, вельмі шмат што змянілася. Але злавіў сябе на думцы, што я пакуль не гатовы нават узяць у рукі мабільны тэлефон, хаця яго ў мяне і так няма. І нават не хочацца браць гэты тэлефон. Я ўжо амаль за тры гады забыўся, што гэта такое, і пакуль адчуваю, што ён мне не патрэбны. Можа быць, з часам гэта пройдзе…

— Жонка за гэтыя дні вас крыху адкарміла?

— Шчыра кажучы, я забыўся не толькі пра мабільны тэлефон, але і пра такія порцыі ежы, якія падае на стол жонка. Я за кратамі ўвесь час марыў пра дранікі, а дома з’еў толькі два, і нават гэта было зашмат. Таму трэба берагчы здароўе — буду плаўна пераходзіць ад турэмнай ежы да смакаты жонкі. На волі іншае харчаванне, іншае жыццё…

Чытайце таксама:

«Калі прачытаў пра тыя дровы, падумаў, што справы зусім дрэнь. А Судаленка сёння выйшаў»

«Хвіліны шчасця». Як сустракалі з калоніі праваабаронцу Леаніда Судаленку ВІДЭА

Леанід Судаленка: Маці думала, што я тры гады быў за мяжой на заробках

Клас
22
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
2