Трансляцыя, падчас якой будзе магчымасць ахвяраваць, будзе весціся адначасова на шматлікіх незалежных YouTube-пляцоўках да 10-й ранку да 10-й вечара па мінскім часе.

З ініцыятывай правядзення марафона выступіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольга Гарбунова са сваёй камандай.

У арганізацыі і правядзенні марафону ўдзельнічае больш за 20 незалежных медыя, у тым ліку і «Наша Ніва».

Усе данаты будуць збірацца на адзіны рахунак, адкуль сабраныя грошы размяркуюцца паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх родным. Кантраляваць размеркаванне сабраных грошай будзе спецыяльна створаная назіральная рада, у якую ўвойдуць прадстаўнікі медыя-арганізатараў марафону. 

Усіх гледачоў марафона, якія знаходзяцца ў Беларусі, арганізацыйная група заклікае клапаціцца пра сваю бяспеку: не рэпосціць, не лайкаць і не каментаваць трансляцыі са сваіх персанальных акаўнтаў, а данаціць грошы толькі праз карткі і рахункі сяброў і блізкіх, якія жывуць за мяжой. 

«Кожны дзень колькасць палітзняволеных у Беларусі павялічваецца, як павялічваецца і іх татальная ізаляцыя. Выступаючы з ідэяй аб’яднанага марафону, мы імкнуліся паказаць, што нам не ўсё адно і што мы будзем працягваць прыкладаць усе магчымыя высілкі для дапамогі і падтрымкі, пакуль за кратамі застаецца хоць адзін палітзняволены, — кажа Вольга Гарбунова. — Мне давялося прайсці праз зняволенне, і я ведаю, што ратуе там: ведаць, што цябе падтрымліваюць на волі, што тваім блізкім дапамагаюць, што цябе чакаюць дома.

Я запрашаю ўсіх падтрымаць марафон незалежных медыя: распавесці пра яго сваім блізкім альбо ў сацсетках, глядзець трансляцыю, данаціць. Нам усім баліць, але вы ж ведаеце — калі дапамагаеш іншым, табе таксама становіцца лягчэй. За апошнія гады беларусы і беларускі неаднаразова паказалі, што ў самыя цяжкія часы мы здольныя аб’ядноўвацца. Бо хто, калі не мы, дапаможа нашым палітзняволеным?»

Чытайце таксама:

«У сілавікоў павінны і так быць усе гэтыя відэа». Аўтар выстаўленага ў сеціва фільма пра пратэсты пракаментаваў грамадскую рэакцыю на свой твор 

З'явіўся кавер на песню Максіма Знака, запісаны ў Беларусі ВІДЭА

Еўрапейскія дыпламаты прыйшлі да будынка суда, дзе разглядалі справу палітвязняў

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3