Фільм Аляксея Палуяна «Кураж» атрымаў узнагароду The Cinema for Peace за найлепшы палітычны фільм. Кадр з фільма

Фільм Аляксея Палуяна «Кураж» атрымаў узнагароду The Cinema for Peace за найлепшы палітычны фільм. Кадр з фільма

Паводле слоў Аляксея Палуяна, над адным з праектаў ён працуе больш за тры гады. Цяпер праект знаходзіцца на стадыі завяршэння сцэнара. Прычым праца над ім пачалася да беларускіх пратэстаў 2020 года, але разам з усімі зменамі ў свеце — мяняўся і фільм.

Поўнаметражная ігравая карціна мела рабочую назву «У чаканні Бернау» — гэта гісторыя пра тое, як дыктатарскія рэжымы змяняюць асобу чалавека. Сёння кінематаграфіст вырашыў змяніць назву будучай стужкі — праект называецца «Спадчына». Калі свет зможа ўбачыць новую працу рэжысёра — пакуль невядома.

Іншы праект зусім новы. Пакуль Аляксей Палуян усіх дэталяў не раскрывае. Аднак адзначае, што ў аснове новай мастацкай стужкі будзе ляжаць вельмі цікавая гісторыя, для распрацоўкі якой патрэбны час. На сёння вядома, што гэта будзе гісторыя пра беларускую жанчыну, заснаваная на рэальных падзеях. Аднак не з жыцця самога рэжысёра, як гэта было з фільмам «Возера радасці», які акрамя аднайменнага рамана Віктара Марціновіча заснаваны на персанальнай гісторыі сям’і Аляксея.

«Вельмі цяпер натхнёны гэтым праектам! — падзяліўся Аляксей Палуян у размове з дырэктаркай анлайн-кінатэатра Vodblisk Воляй Чайкоўскай. — Нават даводзіцца выбіраць, якому праекту больш часу ўдзяляць. Таму хачу ўжо скончыць сцэнар першага, каб прыступіць да сур’ёзнай, руплівай працы над другім».

Аляксей Палуян цяпер жыве ў Германіі. Апроч рэжысёрскай працы ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў Беларускай незалежнай кінаакадэміі і сябрам Еўрапейскай кінаакадэміі. Яго фільм «Возера радасці» даступны сёння на Vodblisk.

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0