Мандарыны Мандарины Tangerines

Супермаркеты і дыскаўнтары ствараюць ільвіную долю ўпаковачных адкідаў. Фота: GettyImages

Адкіды ўпакоўкі ў Германіі апошнімі гадамі маюць тэндэнцыю да павелічэння. Паводле даных Федэральнага агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя (Umweltbundesamt), у 2020 годзе было створана каля 18,8 мільёнаў тон такіх адкідаў. Дзесяццю гадамі раней гэты паказчык складаў 16 мільёнаў тон. У разліку на душу насельніцтва кожны жыхар Германіі цяпер выкарыстоўвае 225,8 кг упакоўкі.

Папера і розныя віды кардону складаюць больш за 8,3 мільёна тон усіх упаковачных адкідаў у Германіі. У 2020 годзе ўтварылася каля 3,22 млн тон адкідаў пластыку, а адкідаў шкла — больш за тры мільёны тон. Асабліва ўражвае рост вытворчасці алюмініевай тары з 90,6 тысяч тон у 2010 годзе да амаль 140 тысяч тон у 2020-м.

«Доля хатніх гаспадарак, якія складаюцца з аднаго і двух чалавек, а таксама пажылых людзей, павялічваецца. І тое, і другое прыводзіць да таго, што купляюцца ўпакоўкі меншага памеру і/або парцыённа, што, у сваю чаргу, аказвае ўсё большы ўплыў на спажыванне ўпакоўкі», —

адзначаецца на сайце Федэральнага агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя.

Акрамя таго, адзначаецца ў матэрыяле агенцтва, на рост выкарыстання ўпакоўкі аказалі ўплыў змены звычак у харчаванні і спажыванні. Фаст-фуд, прадукты на вынас і гатовыя стравы працягваюць карыстацца вялікай папулярнасцю.

Як адзначаецца ў матэрыяле нямецкага інфармацыйнага сэрвісу Tagesschau.de, пакупкі ў супермаркеце або дыскаўнтары хутка прыводзяць да ўтварэння вялікай колькасці ўпаковачных адкідаў. Аднак, паводле даных Нямецкай асацыяцыі па ахове навакольнага асяроддзя Deutschen Umwelthilfe (DUH), гэта не звязана з рашэннямі спажыўцоў.

Паводле даных асацыяцыі, занадта шмат тавараў па-ранейшаму прапануецца ва ўпакоўцы і аднаразовай тары. У «праверцы ўпакоўкі» DUH паставіла супермаркетам і дыскаўнтарам Германіі амаль усе дрэнныя адзнакі.

Як паведамляе асацыяцыя, шматразовая ўпакоўка для малочных прадуктаў і ёгуртаў не прапаноўвалася ў пяці гандлёвых сетках. А ў адной з гандлёвых сетак гэты паказчык склаў 97%.

У параўнанні з вынікамі першай праверкі, якую DUH правяла ў пачатку 2022, доля ўпакаванай садавіны і агародніны мае тэндэнцыю да некаторага зніжэння, але толькі на некалькі працэнтных пунктаў.

Асабліва рэзкай была крытыка гандлёвых сетак Aldi Nord і Süd, а таксама Lidl. У іх DUH не знайшоў шматразовых упаковак ні на малочных паліцах, ні ў асартыменце напояў. У пачатку 2022 года ўсё выглядала гэтак жа.

«Нашыя візіты з праверкамі паказваюць занадта вялікую колькасць аднаразовых прадметаў, занадта шмат пластыку і адкідаў. Нават стандартныя прадукты, такія як морква, яблыкі або перац, часцей прапануюцца ў аднаразовай упакоўцы, чым без яе. Калі мы не хочам далейшага абвастрэння пластыкавага крызісу, нам трэба скараціць удвая да 2027 года адкіды ўпакоўкі і ўвесці дадатковую плату ў памеры не меншым за 20 цэнтаў за аднаразовыя пластыкавыя бутэлькі, слоікі і тэтрапакі для напояў», —

цытуе Tagesschau.de заяву федэральнага кіраўнічага дырэктара DUH Барбары Мец (Barbara Metz).

У сваёй справаздачы DUH адзначае, што экалагічнасць прадуктаў зʼяўляецца важным аргументам на карысць многіх кліентаў. Аднак, каб яны мелі магчымасць зрабіць свой унёсак у ахову навакольнага асяроддзя, неабходная адпаведная прапанова ў сферы рознічнага гандлю прадуктамі харчавання. Пакуль што на рынку Германіі доля крамаў, якія даюць магчымасць здзяйснення пакупак без павелічэння адкідаў упакоўкі, даволі невялікая.

Нямецкая асацыяцыя рознічнага гандлю (Handelsverband Deutschland, HDE) паведаміла, што гандаль харчовымі таварамі ўжо актыўна працуе над скарачэннем колькасці ўпаковачных адкідаў. Усе буйныя харчовыя крамы ўвялі шматразовыя сеткі для садавіны і агародніны.

Таксама адбылося зніжэнне колькасці матэрыялу, які выкарыстоўваецца ва ўпакоўцы пад уласнай гандлёвай маркай, за кошт выкарыстання больш танкасценнай тары для малака або бутэлек для напояў. Гэта таксама спрыяе таму, што ў абарачэнні апынаецца менш упакоўкі. Акрамя таго, высокую эфектыўнасць паказвае сістэма збору аднаразовай тары для напояў, якая мае закладны кошт.

Са студзеня ў Германіі дзейнічае новы закон аб упакоўцы, паводле якога шматлікія рэстаратары павінны прапаноўваць шматразовую ўпакоўку для ежы на вынас. Але пакуль не ўсё ідзе гладка, таму ў сярэдзіне мая федэральная міністарка навакольнага асяроддзя Штэфі Лемке (Steffi Lemke) заклікала да пастражэння кантролю.

Іншай важнай праблемай, якую таксама неабходна вырашаць, як адзначае Tagesschau.de, зʼяўляюцца прадукты харчавання, якія таксама трапляюць у смеццевыя бакі.

У Германіі іх утвараецца каля адзінаццаці мільёнаў тон на год. Амаль 60% гэтых адкідаў прыпадае на хатнія гаспадаркі, што адпавядае амаль 80 кілаграмам на чалавека на год.

Чытайце яшчэ:

Германія пераводзіць жытло на цэнтралізаванае цеплазабеспячэнне

Немцы не падтрымліваюць чатырохдзённы працоўны тыдзень

Нямеччына дорыць кожнаму на паўналецце па 200 еўра. Нават мігрантам 

Нямеччына ўпершыню прыняла Нацыянальную стратэгію бяспекі

Клас
7
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?