Праграма «Фулбрайт» для замежных студэнтаў (The Fulbright Foreign Student Program) прапануе поўнае фінансаванне на навучанне ў амерыканскіх універсітэтах з мэтай атрымання ступені магістра. Грант пакрывае выдаткі на навучанне, авіябілеты, а таксама ўключае штомесячную стыпендыю, медыцынскую страхоўку і візавую падтрымку (у тым ліку для сямейнікаў). Падчас праграмы таксама ёсць магчымасць стажыравацца ў амерыканскіх арганізацыях. Акрамя беларускага грамадзянства кандыдаты павінны мець закончаную вышэйшую адукацыю і выдатна валодаць англійскай мовай. Дадатковую інфармацыю і анлайн-анкету можна знайсці па спасылцы.

Праграма «Фулбрайт» для навукоўцаў і даследчыкаў (The Fulbright Visiting Scholar Program) прапануе магчымасць праводзіць даследаванні або чытаць лекцыі ў адным з універсітэтаў ЗША (выбраным самастойна або з дапамогай праграмы) на працягу 3-6 месяцаў. Кандыдаты мусяць працаваць ва ўніверсітэтах або даследчых ўстановах (у тым ліку НДА) у Беларусі або іншых краінах, мець навуковую ступень кандыдата або доктара навук і добра валодаць англійскай мовай. Удзельнікі атрымліваюць фінансаванне на міжнародныя пералёты, штомесячную стыпендыю і дадатковыя адначасовыя выплаты на набыццё літаратуры, уладкаванне на новым месцы і г. д., візавую падтрымку (у тым ліку для сямейнікаў), а таксама медыцынскую страхоўку. Дадатковую інфармацыю і анлайн-анкету можна знайсці па спасылцы.

Праграма «Фулбрайт» для выкладчыкаў ВНУ (The Fulbright Faculty Development Program) прапануе прафесійную стажыроўку на працягу аднаго семестра без атрымання акадэмічнай ступені. Праграма ўключае знаёмства з адукацыйнымі курсамі, распрацоўку навучальных праграм, збор матэрыялаў, наведванне канферэнцый, супрацу з амерыканскімі калегамі, правядзенне прэзентацый. Удзельнікам аплачваюць міжнародныя і ўнутраныя пералёты, медыцынскую страхоўку і штомесячную стыпендыю. Кандыдаты мусяць з’яўляцца выкладчыкамі ўстаноў вышэйшай адукацыі ў Беларусі ці іншай краіне, мець досвед выкладання не менш за два гады, вышэйшую адукацыю, а таксама добра валодаць англійскай мовай. Дадатковую інфармацыю і анлайн-анкету можна знайсці па спасылцы.  

Праграма стыпендый Х'юберта Хамфры (Hubert H. Humphrey Fellowship Program) дае магчымасць навучацца ва ўніверсітэце на ўзроўні магістратуры і адначасова ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства ў ЗША на працягу года без атрымання акадэмічнай ступені. Кандыдаты павінны мець вышэйшую адукацыю, не менш за 5 гадоў досведу працы ў адпаведнай галіне, добра валодаць англійскай мовай, а таксама дэманстраваць лідарскія якасці і імкненне прыносіць карысць грамадству. Праграма аплачвае міжнародныя пералёты, кошт навучання ва ўніверсітэце, медыцынскую страхоўку, а таксама штомесячную стыпендыю і аднаразовыя выплаты (сродкі для набыцця падручнікаў, удзелу ў прафесійных мерапрыемствах і г. д.). Праграма таксама прапануе візавую падтрымку (у тым ліку для сямейнікаў). Дадатковую інфармацыю і анлайн-анкету можна знайсці па спасылцы. 

Заяўкі на дадзеныя праграмы прымаюцца да 23:59 (па мінскім часе) 3 верасня 2023 года. Праграмы даступныя для ўсіх грамадзян Беларусі, якія адпавядаюць патрабаванням, незалежна ад іх месца жыхарства ў цяперашні час. Дадатковая інфармацыя аб гэтых і іншых адукацыйных магчымасцях — на сайце Амерыканскіх саветаў па міжнароднай адукацыі. Пытанні можна накіраваць на [email protected].

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1