У 2000-х і 2010-х літовец Сімас Скіндэрыс быў сваім у беларускім футболе: на пазіцыі галкіпера выступаў за шэраг айчынных клубаў, а з «Мінскам» браў бронзу ЧБ.

Пасля заканчэння карʼеры ён знік з поля зроку беларускіх заўзятараў, але ў пачатку 2021-га раптам з'явіўся ў медыйнай прасторы, каб, як акрэсліў ягоны былы аднаклубнік Аляксандр Свярчынскі, «здзейсніць інтэлектуальны камінг-аўт».

Тады брамнік, які пасля заканчэння спартыўнай кар'еры застаўся жыць у Мінску, у інтэрв'ю заявіў пра падтрымку рэжыму Лукашэнкі і ягоных метадаў барацьбы з мірным насельніцтвам пасля выбараў, адзначыўшы заадно, што ў беларусаў «калгасны менталітэт», а таму з імі трэба быць больш жорсткім.

А ў лютым 2022-га стала вядома пра тое, што Скіндэрыс затрыманы як фігурант крымінальнай справы. Крыніцы «Трыбуны» паведамлялі, што літовец трапіў у жодзінскую турму за нейкія справы, звязаныя з наркотыкамі. Пры гэтым, па якім артыкуле праходзіў экс-футбаліст, заставалася невядомым. Гэтага не ведалі нават тыя, хто з ім падтрымліваў хоць нейкія стасункі.

Цяпер «Трыбуна» паспрабавала даведацца, як змянілася сітуацыя за паўтара года пасля затрымання. Для гэтага журналісты размаўлялі з многімі прадстаўнікамі і беларускага, і літоўскага футбола, з людзьмі, якія так ці інакш падтрымлівалі сувязь са Скіндэрысам, гулялі з ім ці працавалі.

Высветлілася, што колькасць тых, каму цікавы лёс Скіндэрыса, з часам наблізілася да нуля. Многія суразмоўцы згадвалі інтэрв'ю 2021 года і прызнаваліся, што пасля слоў пра беларусаў і падтрымку дыктатуры нават ведаць не хочуць гэтага чалавека. Нехта адвярнуўся ад літоўца пасля таго, як ён трапіў у гісторыю з наркотыкамі.

І ўсё ж сёе-тое высветліць удалося. 22 снежня 2021 года Скіндэрыс пабываў на навагоднім ранішніку ў дачкі, пра што расказаў у фэйсбуку. І гэта быў апошні пост літоўца ў сацыяльных сетках.

У той час Скіндэрыс нібыта выхваляўся перад знаёмымі, што хутка стане багатым, зрэшты, не ўдакладняючы, якім чынам. А неўзабаве зʼявілася навіна пра затрыманне.

Літоўца нібыта падазравалі ў тым, што ён збіраўся арганізаваць пастаўку наркотыкаў у Беларусь, але яго хутка накрылі, так і не даўшы разгарнуцца. Пасля затрымання Скіндэрыс знаходзіўся ў турме ў Жодзіне.

У першай палове 2022-га над ім адбыўся суд. Якія канкрэтна абвінавачанні былі выстаўленыя, даведацца не ўдалося, аднак вядома, што былому футбалісту пагражала да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Калі адштурхоўвацца ад гэтага тэрміну, можна меркаваць, што Скіндэрыса судзілі па ч. 3 арт. 328-1 КК «Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза і (або) дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсараў ці аналагаў». Частка 3 гэтага артыкула за злачынства ў групе якраз прадугледжвае пакаранне ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

У выніку, як удалося даведацца, Скіндэрысу далі сем гадоў, і ён ужо адбывае тэрмін, здаецца, па-ранейшаму ў Жодзіне.

На волі ў экс-гульца засталіся жонка і дачка. Да крымінальнага этапу сям'я жыла на здымнай кватэры ў Мінску, але цяпер, як гавораць крыніцы «Трыбуны», хутчэй за ўсё, жонка разам з дачкой вярнулася да бацькоў — яна родам з Мінска.

У працэсе падрыхтоўкі матэрыялу людзі, якія так ці інакш ведалі Скіндэрыса, выказвалі сваё меркаванне пра сітуацыю, у якой той апынуўся. Адзін з суразмоўцаў выдання адзначыў:

«Пакуль ён гуляў, нічым староннім не займаўся, быў захоплены футболам. А што потым здарылася, незразумела. Можа, захацелася вялікіх грошай… Ведаю, ён хацеў лёгка разбагацець. Але, мяркуючы па ўсім, у хуткім часе зрабіць гэтага не атрымаецца. Плюс у яго ў Панявежысе, родным горадзе, былі нейкія незразумелыя сябручкі. Магчыма, яны таксама аказалі свой уплыў».

Яшчэ адзін суразмоўца згадаў пра тых, хто атрымлівае ў Беларусі куды большыя тэрміны за тое, што проста выказваў сваё меркаванне:

«У нас палітычныя зняволеныя атрымліваюць неймаверныя тэрміны, па сутнасці, ні за што. А тут дзівак накруціў спраў на рэальную крыміналку, а атрымаў толькі сем гадоў. Можна сказаць, адскочыў».

Чытайце таксама:

«Разруха і крызіс ніяк не звязаныя з санкцыямі». Што не так з лістом Уладзіміра Канаплёва да кіраўніка сусветнага гандбола

«У імя перамогі міру і гуманістычных ідэалаў». Уладзімір Канаплёў просіць дазволіць беларускім гандбалістам гуляць хоць з Азіяй і Афрыкай

Вынеслі прысуд былому спартыўнаму дырэктару «Шахцёра». Яго адпусцілі ў зале суда

Клас
17
Панылы сорам
8
Ха-ха
33
Ого
8
Сумна
8
Абуральна
15