Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

«Муж плакаў, а я не магла нічога зрабіць»

Алене неўзабаве будзе 30 гадоў, у яе ёсць любімая праца, дзеці і нявызначанасць, што будзе заўтра. Цяпер беларуска робіць дакументы для легалізацыі сябе і дзяцей, наладжвае жыццё ў новай краіне. На пытанне, чаму пакінула краіну, адказвае з болем так:

«Я была на пратэстах у 2020 годзе разам з мужам. Яго схапілі ў Мінску, а сустракала я яго ў Жодзіне. Гэта было невыносна і балюча. Муж плакаў, а я не магла нічога зрабіць. Ён вярнуўся зламаны, з сінякамі, страсеннем мозгу. Напэўна, гэты трыгер ён не пераадолеў. Увесь цяжар, які тады адбываўся ў краіне і цяпер адбываецца далей, лёг на мае плечы.

Муж зламаўся і сказаў, што не можа жыць у краіне, якой больш не давярае. Ён быў гатовы адразу пасля вызвалення пакінуць родную Беларусь, а я падтрымала свайго мужчыну, таму што было невыносна кожны раз ускакваць, калі званілі ў дамафон альбо грукалі ў дзверы. Мне было страшна, я здалася.

Мы паехалі спачатку ва Украіну, а потым і ў Грузію, дзе правялі шмат добрых дзён. Муж працаваў на адлегласці, я глядзела за нашымі сынамі, выхоўвала іх, шмат шпацыравала, здабывала ежу на мясцовых атмасферных рынках».

Уроцлаў, горад, дзе жыве беларуска. Фота з яе асабістага архіва

Уроцлаў, горад, дзе жыве беларуска. Фота з яе асабістага архіва

Пра арандаванае жыллё, на якое патрабавалася вельмі шмат грошай, жанчына кажа так:

«Мы не жылі ў шыкоўных апартаментах, таму што мой былы муж не прадпрымальнік і не праграміст, а звычайны фрылансер без сталай працы. Здымалі ўтульныя, а часам і не вельмі пакоі і кватэры, эканомілі, але не скардзіліся на ўмовы. Атрымлівалі асалоду ад таго, што мелі. Праўда, быў момант, калі мы знялі вельмі брудную кватэру ў Тбілісі. Вытрымалі некалькі дзён і з’ехалі.

Гэта было якраз пасля пачатку мабілізацыі ў Расіі. Цэны падняліся ў 5 разоў, і мы ўжо не выцягвалі Грузію. Зрабілі гуманітарныя візы за 7 дзён і паляцелі ў Польшчу. І ў мяне, і ў мужа былі падставы для гэтага».

Па словах беларускі, муж вельмі хутка знайшоў працу, якая яму спадабалася, пачаў зарабляць добрыя грошы. Але цяпер яны жывуць асобна.

«Калі я зразумела, што мой муж залежыць ад наркотыкаў, я скончыла нашы стасункі»

«Складана прыняць, але трэба, што адносіны часам заходзяць у тупік. Трэба спыніцца, праплакаць, зрабіць глыбокі ўдых, абняць былога і адпусціць. Дзеля вас і дзеля дзяцей.

Калі я зразумела, што мой муж залежыць ад наркотыкаў, я скончыла нашы стасункі. Як так атрымалася? Ягоны настрой змяняўся. Ён мог проста не заўважаць мяне і мае патрэбы, крыўдзіць сваёй абыякавасцю, нават бяздушнасцю. Ігнараваць.

Ласкі і кахання ад яго не бачыла, не адчувала, што патрэбна яму, не бачыла падтрымкі і клопату. Вельмі балюча ад гэтага ўсяго было. Тады шмат плакала, але цяпер гэта ўжо як сон, мінула і забылася. Тады яго словы ранілі мяне, прычынялі невыносны боль. Не такіх стасункаў я хацела.

І дзеці нашы бачылі гэтае бязладдзе. Так нельга было. Для мяне на першым месцы праца і дзеці, для яго адпачынак — паглядзець кіно, пагуляцца ў тэлефоне, завісаць у тыктоку, піць каву гадзінамі і не думаць пра будучыню, пра развіццё, пра працу. Я, але потым у выніку мы разам спынілі гэты гвалт.

Рынкавая плошча ва Уроцлаве. Фота з асабістага архіва гераіні

Рынкавая плошча ва Уроцлаве. Фота з асабістага архіва гераіні

«Дзеці любяць нас аднолькава моцна»

«Мы прынялі правільнае рашэнне, дзеці любяць нас аднолькава моцна. Старэйшы сын часта ночыць з татам. Бывае, абодвух муж забірае да сябе, тады я магу спакойна з дзяўчатамі ў лазню пайсці альбо выпіць гарбаты. Напэўна, наша гісторыя пра своечасовасць. Даўно трэба было прыняць такое рашэнне: мы толькі выйгралі, сынам падабаецца, калі ёсць два дамы.

Праўда, як раней, мы ўжо не сустракаемся ўсёй сям’ёй. У мяне пачаліся новыя стасункі пасля шасці месяцаў існавання без мужа. Я пагадзілася на спатканне і, здаецца, зноў пакахала. З маім партнёрам мы ўжо разам 4 месяцы, не ведаю, чым скончыцца, але я адчуваю сябе шчаслівай. Адпусціла сітуацыю з тымі стасункамі. Дзяцей не знаёміла з мужчынам, які робіць мяне такой лёгкай і спакойнай. Яшчэ час не прыйшоў. Я проста радуюся таму, што ён ёсць у маім жыцці.

Нацыянальны музей ва Уроцлаве. Фота з асабістага архіва гераіні

Нацыянальны музей ва Уроцлаве. Фота з асабістага архіва гераіні

«Скасаванне шлюбу будзе каштаваць 200 еўра»

Алена ведае толькі два шляхі, як можна развесціся ў Польшчы:

— Першы — гэта праз консульства, і гэта каштуе грошай. Скасаванне шлюбу будзе каштаваць даражэй, чым у Беларусі — 200 еўра. Другі варыянт — праз польскі суд, але трэба будзе прысутнічаць на пасяджэнні, і за яго таксама трэба будзе заплаціць — каля 130 еўра.

Чытайце таксама:

«Мне ўжо проста надакучыла плакаць, прыходзячы з працы». Беларуска тры месяцы прапрацавала ў Польшчы, але не пацягнула і вярнулася назад

Імідж беларусаў у вачах палякаў перажывае катастрофу — сацапытанне

«Свой пераезд у Польшчу я і цяпер лічу здрадай». Як будаўніца са страйкама будуе бізнэс у Варшаве

Клас
18
Панылы сорам
19
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
38
Абуральна
11