«Ляцець трэба да мая або ў канцы верасня»

«Лімасол — гэта айцішны горад, таму бюджэтны адпачынак тут ніяк не атрымаецца, лепш разглядаць іншыя гарады, — расказвае Алёна. — Цэны значна ніжэйшыя, у тым ліку на жыллё, будуць у Пафасе і Ларнаку. У турыстычнай Ая Напе ўжо будзе даражэй, але не так дорага, як у Лімасоле.

А пачынаць трэба з квіткоў на самалёт. Калі ёсць шэнген, танней спачатку дабрацца на аўтобусе з Беларусі ў Шэнген-зону. На аўтобусе Ecolines даехаць можна за 100 рублёў. Добры варыянт паляцець на Кіпр — гэта купіць квіток з багажом ад 70 да 100 еўра. За гэтыя грошы можна паляцець кампаніямі Ryanair або Wizz Аіг, у залежнасці ад краіны вылету.

«На Кіпры вельмі шмат прыгожых месцаў, куды захочацца з'ездзіць»

«На Кіпры вельмі шмат прыгожых месцаў, куды захочацца з'ездзіць»

Ляцець трэба да мая, але можа быць яшчэ халодным мора, ці — яшчэ лепш — у канцы верасня. У кастрычніку яшчэ цёпла, можна загарэць і пакупацца, не будзе вялікай плыні турыстаў.

Калі браць толькі заплечнік і падарожнічаць без багажу, то з Еўропы ў гэты час можна паляцець за 50 еўра. Калі няма шэнгена, ёсць два варыянты — праз Грузію ці Арменію, другі выйдзе танней. Да Ерэвана летам самалётам «Белавія» можна паляцець за 130 даляраў. З Ерэвана білет будзе каштаваць 50 еўра, калі ляцець улегцы. Калі з чамаданам — то 80-90 еўра.

Трэба звяртаць увагу на дні тыдня, самыя прывабныя цэны на квіткі — у аўторак. А калі ўключыць VPN, атрымаецца яшчэ танней, не больш за 200 еўра ў адзін бок».

«Сярэдняя цана за арэнду машыны — 50 еўра ў дзень»

У гатэлях жыць будзе дорага, кажа Алёна. Можна паспрабаваць зняць жыллё ў якой-небудзь вёсачцы або на airbnb. Або ў сацыяльных сетках пашукаць людзей, якія жывуць на Кіпры, але збіраюцца кудысьці ў адпачынак. Знаёмыя Алёны, якія з'язджаюць дадому на некалькі тыдняў ці на месяц, здаюць сваю кватэру за сімвалічную плату.

Грамадскі транспарт у Лімасоле каштуе 1,5 еўра. Але пажадана зняць машыну. У сезон машыны каштуюць досыць дорага, летам сярэдняя цана 50 еўра ў дзень. Можна дамовіцца з уладальнікам на зніжку, і заплаціць за 10 дзён не 500, а 400 еўра.

Увогуле, можна машыну за 400 еўра зняць і на месяц, па факце пасля 10 дзён адна і тая ж цана. Каршэрынг абыдзецца танней, але нельга будзе ездзіць паміж гарадамі.

Машына патрэбна, па-першае, таму, што на Кіпры вельмі шмат прыгожых месцаў, куды захочацца з'ездзіць. Па-другое, гэта дае магчымасць жыць далей ад горада і ашчадзіць. Тым больш, што цяпер зняць жыллё ў Лімасоле за адэкватныя грошы практычна нерэальна.

Самая простая кватэра, еўрааднушка ў старым доме, каштуе 1000 еўра ў месяц, калі здымаць на доўгі тэрмін. Яшчэ 100 еўра трэба заплаціць за ваду і электрычнасць. Людзі з добрымі заробкамі разглядаюць кватэры мінімум ад 2000 еўра і вышэй, дзе ёсць басейн, лазневы комплекс і паркоўка», — распавядае Алёна.

«Беларускі лён лепшы па якасці, чым кіпрскі»

За два тыдні на Кіпры можна паглядзець усё, упэўненая Алёна, і ёсць магчымасць размежаваць адпачынак:

«Пабываць і на паўднёвым Кіпры, і на турэцкай яго частцы, паўночным. Каб з'ездзіць на турэцкую частку, трэба абавязкова мець шэнген, каб пусцілі назад. Патрэбная і страхоўка на машыну, каштуе прыкладна 15-20 еўра, у залежнасці ад часу арэнды.

У паўночнай частцы цэны значна ніжэйшыя, жыллё можна зняць у тры разы танней, чым у Лімасоле. Інфраструктуры толькі практычна ніякай. Калі кажуць, што Кіпр — вёска, то там вёска-вёска.

«Кіпрскія гарады, кажа Алёна, можна падзяліць па настроі»

«Кіпрскія гарады, кажа Алёна, можна падзяліць па настроі»

Варта пабываць у маленькіх вёсачках, якія вельмі папулярныя сярод турыстаў. Яны старыя, казачныя, у кожнай захаваны свой уласны стыль. Праходзячы міма вокнаў, можна ўбачыць, як распісваюць талеркі, лепяць з гліны або робяць яшчэ нешта іншае. У адной вёсцы можна купіць срэбра, у іншай — лён. Наш беларускі лён, дарэчы, лепшы па якасці, чым кіпрскі.

Для аматараў водных відаў спорту ёсць дзе разгарнуцца. Мабыць, на Кіпры прадстаўленыя практычна ўсе яны: вейкборд, вейксерф, кайтынг.

На розных тэрыторыях вострава вада адрозніваецца па колеры. У Ая Напе, напрыклад, яна неверагодна бірузовая.

Пляжы ёсць бясплатныя, дзе можна ляжаць на сваім ручніку. Калі хочаш больш камфортных умоў, трэба заплаціць 2 еўра за шэзлонг і 3 за парасон. Ёсць вельмі прыгожыя пляжы з белымі камянямі, уваход каштуе 5 еўра. На гэтыя 5 еўра ты маеш права замовіць нешта з ежы або напояў.

«Лімасол ужо даганяе Дубай»

Цэны на прадукты ў крамах, адзначае Алена, падобныя да беларускіх:

«У кавярнях харчавацца па нашых мерках дорага. Салата ў добрым рэстаране каштуе ад 9 еўра. Вельмі папулярныя ва ўстановах так званыя мезе, рыбнае або мясное. Туды, акрамя бульбы фры, салаты, намазкі накшталт хумусу і смачных аладак, уваходзіць штук з шэсць найменняў чагосьці мяснога або рыбнага. Напрыклад, шашлык свіны і курыны, каўбаскі свіныя і ялавічына, катлеткі, бараніна ў збанку, грудзінка грыль. Страва каштуе 50 еўра, яе звычайна заказваюць на 3-4 чалавекі».

Кіпрскія гарады, кажа Алёна, можна падзяліць па настроі:

«Ая Напа — турыстычны, клубны варыянт, тусовачны. У Пафасе больш цэняць цішыню і спакой, ён добры для жыцця або для дач, многія так і робяць, жывуць там, а працаваць едуць у буйны горад, Лімасол альбо Ларнаку.

Ларнака — гэта як другі Лімасол, там таксама ўжо хапае айцішных кампаній. Яна дзесьці паміж Пафасам і Лімасолам, там можна зняць жыллё па адэкватнай цане і атрымаць інфраструктуру.

Кажуць, што Лімасол ужо даганяе Дубай. Будаўніцтва тут яшчэ не такое крутое, але ўжо ёсць вышынныя дамы, у адрозненне ад іншых буйных гарадоў. 80% айцішных кампаній знаходзіцца менавіта ў Лімасоле, таму тут вельмі дарагая нерухомасць, як і арэнда.

Ад статусу горада залежыць і памер заробкаў. У Лімасоле яны самыя высокія, потым ідуць Ларнака, Пафас і Нікасія. Беларусам, якія прыехалі сюды жыць і працаваць, кампанія для легалізацыі павінна плаціць заробак мінімум 2500 да вылічвання падаткаў. Падаткі складаюць 280-300 еўра ад гэтай сумы. Для камфортнага жыцця трэба зарабляць 2000-3000 у месяц.

Адпачыць на Кіпры танна не атрымаецца. Але выдатна ашчадзіць можна, калі зрабіць усё слушна: паехаць у патрэбны перыяд, каб квіткі былі таннейшыя; зняць пакой альбо папытаць у знаёмых кватэру не даражэй за 300 еўра; знайсці людзей у чатах, каб з імі ў складчыну ездзіць на экскурсіі, самастойна гатаваць і г.д. На два тыдні цалкам хопіць тысячы еўра. У гэтую суму я заўсёды ўкладаюся».

Чытайце таксама:

Каб вандроўка не ператварылася ў сваркі: як паводзіць сябе, калі падарожнічаеш у кампаніі

Дзе беларусы плануюць адпачываць? Дзяржаўныя сацыёлагі ў топе замежных кірункаў называюць Піцер, Маскву і Крым

Дзевяць ідэй для захапляльных ці карысных выхадных. Як правесці адпачынак, не губляючы шмат грошай

Клас
5
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
5