Top of life

Пік крэатыўнасці здараецца або ў самым пачатку нашай кар'еры, або пазней — у залежнасці ад стылю мыслення чалавека. Фота: «Наша Ніва»

Эканамісты, спартыўныя навукоўцы і псіхолагі прааналізавалі алімпійскія выступы і шахматныя матчы, а таксама тысячы анлайн-апытанняў, каб вызначыць сярэдні ўзрост, калі людзі дасягаюць піку разумовага і фізічнага развіцця.

Вядома, для розных відаў дзейнасці (як і для розных людзей) вынікі будуць розныя, але ёсць пэўныя тэндэнцыі, адзначае The Wall Street Journal.

Так, плыўцы часта дасягаюць піку яшчэ ў 20 гадоў, паўэрліфтары — у 35, а коннікі — яшчэ пазней. Што датычыць крэатыўнасці, яна звычайна дасягае росквіту або ў самым пачатку нашай кар'еры, або пазней — у залежнасці ад стылю мыслення чалавека.

Па-рознаму на працягу жыцця выяўляюцца і чалавечыя здольнасці: напрыклад, здольнасць хутка засвойваць факты дасягае апагею ў познія падлеткавыя гады, а слоўны запас дасягае максімуму, калі чалавеку больш за 60. Хуткасць і сіла, якую забяспечваюць цяглічныя валокны, што хутка скарачаюцца, імкліва развіваюцца, калі мы маладыя. Калі мы больш сталыя, у нашых цягліцах больш развітыя валокны, звязаныя з цягавітасцю.

Такім чынам, узрост увесь час уплывае на тое, што вы становіцеся лепшыя ў адных відах дзейнасці і горшыя — у іншых.

Адпаведна, калі ў нейкай сферы вы зрабілі ўсё, што магчыма, — самы час звярнуцца да нейкай іншай, якая будзе больш прыдатнай для вашых магчымасцяў.

Фізічнае развіццё і спорт

У відах спорту, якія патрабуюць хуткасці, сілы і максімальнага спажывання кіслароду (напрыклад, у бегу на кароткія дыстанцыі), спартсмены звычайна дасягаюць піку каля 20 гадоў. У такіх відах спорту, разлічаных на цягавітасць, як марафоны, пік звычайна дасягаецца да 40 гадоў. У тактычных відах спорту з нізкай ударнай нагрузкай, як парусны і конны спорт, спартсмены спаборнічаюць на прафесійным узроўні ў 50 гадоў.

Гэта адпавядае тым высновам пра кагнітыўныя здольнасці, што маладыя людзі лепш даюць рады задачам, якія патрабуюць грубай працоўнай сілы, тады як людзі больш сталага веку маюць поспех у стратэгіі.

Яшчэ адна выснова з даследавання спартсменаў: сёння ўзрост пікавых дасягненняў для прафесійных спартсменаў павялічваецца. Напрыклад, сярэдні век 100 найлепшых мужчын і жанчын у тэнісе сёння на чатыры і шэсць гадоў адпаведна большы, чым быў у 1980-я. Спартсмены спаборнічаюць даўжэй, збольшага дзякуючы дасягненням у трэніроўках, экіпіроўцы і спартыўнай навуцы.

Разумовае развіццё і крэатыўнасць

Разумовыя пікі таксама прыпадаюць на розны ўзрост. У большасці людзей крэатыўнасць асацыюецца з маладосцю, але гэта залежыць ад тыпу крэатыўнасці.

«Інавацыі звычайна з’яўляюцца двума рознымі шляхамі», — мяркуе прафесар эканомікі Брус Вайнберг, суаўтар даследавання, падчас якога прааналізавалі ўзрост, калі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па эканоміцы апублікавалі свае найбольш значныя даследаванні.

На думку Вайнберга, ёсць дзве мадэлі мыслення: канцэптуальная і эксперыментальная.

Эканамісты, якія кідалі выклік агульнапрынятаму меркаванню і думалі больш абстрактна, апублікавалі сваю адзіную найбольш значную працу прыкладна ў 25 гадоў. Іх можна лічыць канцэптуальнымі мыслярамі. Эканамісты, схільныя ўдасканальваць сваю працу на аснове назапашаных ведаў і досведу, напісалі сваю самую важную працу ва ўзросце каля 50 гадоў. Іх можна лічыць мыслярамі-эксперыментатарамі.

Па словах Вайнберга, тыя ж дзве інавацыйныя мадэлі выяўляюцца і ў даследаваннях творчасці пісьменнікаў і мастакоў.

Пабла Пікаса, які лічыцца канцэптуальным мастаком, намаляваў некаторыя з самых важных карцін, калі яму было каля 20-ці. Роберт Фрост, больш эксперыментальны наватар, пісаў шмат гадоў, перш чым у 40 апублікаваў сваю першую кнігу вершаў.

Яшчэ адно даследаванне максімальнай разумовай працаздольнасці датычыла гульні ў шахматы. Шахматы лічацца добрым індыкатарам умення вырашаць кагнітыўна складаную задачу. Даследчыкі Мюнхенскага ўніверсітэта прааналізавалі 24 тысячы прафесійных шахматных матчаў, каб адсачыць, як прадукцыйнасць гульца змянялася з гадамі і калі яна дасягнула свайго росквіту. Выявілася, што індывідуальная прадукцыйнасць актыўна расла з дзяцінства да 20 гадоў, потым павялічвалася больш павольна і дасягнула свайго піку прыкладна ў 35 гадоў.

Але калі казаць пра асобныя навыкі, то іх развіццё адбываецца ў розны час. Хуткасць апрацоўкі даных — здольнасць хутка думаць і запамінаць інфармацыю, напрыклад імёны, — дасягае піку каля 18, сцвярджаюць навукоўцы на падставе стандартызаваных IQ і інтэрнэт-тэстаў. А вось інтэлект, заснаваны на ўменні прымаць рашэнні на падставе назапашаных фактаў і ведаў, — дасягае свайго піку пазней.

Максімальны слоўнікавы запас у чалавека — у 65 гадоў, сцвярджаюць даследчыкі Бостанскага каледжа. Паводле іх назіранняў, здольнасць запамінаць новыя формы ў граматыцы пэўнай мовы захоўваецца ў чалавека на працягу 30 гадоў. Такім чынам, калі вы пачынаеце вучыць новую мову ў 30, вашы навыкі будуць удасканальвацца да 60-ці.

Мы адкрытыя да навучання даўжэй, чым маглі б чакаць, падсумоўваюць навукоўцы.

 Чытайце яшчэ:

Калі занадта шмат думаць, гэта можа нашкодзіць здароўю

Тры метады перамагчы інфармацыйную перагрузку ў свеце, поўным рэкламы і шкоднай інфармацыі

Цікавы факт пра Ісландыю: у краіне ёсць толькі адзін судмедэксперт, і ён карыстаецца шалёным попытам у пісьменнікаў

Клас
30
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
2
Абуральна
6