Фота: Stanisław Pytel / Getty Images

Фота: Stanisław Pytel / Getty Images

З новага года ў Польшчы сацыяльную дапамогу на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў паводле праграмы 500+ падвысяць да 800 злотых (каля 200 даляраў).

У аўторак 27 чэрвеня польскі ўрад прыняў адпаведную пастанову, якая зараз будзе накіраваная ў Сейм, паведамляе Польскае радыё.

Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што праграма 500+, а з наступнага года праграма 800+ павялічыла адукацыйныя магчымасці дзяцей і ліквідавала беднасць. Палітык адзначыў, што гэты рост дапамогі перавышае рост інфляцыі за ўсе гады існавання выплат.

 — Уся гэтая вялікая праграма — гэта праграма павышэння павагі да сем'яў, павышэння шанцаў для ўсіх нашых дзяцей, — сказаў Маравецкі.

Дадатковыя сродкі на гэтыя мэты складаюць 24 мільярды злотых (5 млрд даляраў). Кіраўнік урада адзначыў, што адпаведныя выдаткі запланаваныя ў бюджэце на наступны год і што ўсё добра падлічана.

Штомесячныя выплаты атрымае прыкладна сем мільёнаў дзяцей. Змяненне памеру праграмы 500+ адбудзецца аўтаматычна, без неабходнасці афармлення дадатковай заяўкі.

Адметна, што гэта праграма распаўсюджваецца на ўсіх жыхароў Польшчы, у тым ліку грамадзян Украіны і Беларусі, якія маюць легальны статус.

***

Штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцем у Беларусі выплачваецца з моманту яго нараджэння да трох гадоў. Некаторыя выплаты можна атрымліваць да паўналецця дзіцяці.

З 1 лютага па 31 ліпеня 2023 памер дапамогі вырас. Сем'ям, у якіх расце першае дзіця, заплацяць 605,99 рубля. Сем'ям з двума і больш дзецьмі — 692,56 рубля.

Клас
13
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0