Wild Rat Буры пацук Бурая крыса

Буры пацук. Фота: Wikimedia Commons

Шэры пацук (Rattus norvegicus) — адзін з распаўсюджаных жыхароў гарадоў. Вядома, што пацукі перадаюць розныя тыпы інфармацыі з дапамогай ферамонаў — хімічных рэчываў, якія ў мізэрных колькасцях выкарыстоўваюцца для падсвядомай перадачы паведамленняў унутры віду. Яны могуць уздзейнічаць на эндакрынную і нервовую сістэмы, а таксама выклікаць кароткачасовыя змены паводзін.

Як паведамляе Welt.de, японска-нямецкая група даследчыкаў правяла аналіз ферамонаў пацукоў з мэтай лепшага разумення іх ладу жыцця. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе iScience.

Навукоўцы адзначаюць, што раней было заўважана, што расслабленыя пацукі могуць аказваць супакойлівае ўздзеянне на суродзічаў, якія знаходзяцца побач, без непасрэднага кантакту з імі.

Для таго, каб вызначыць ферамон, які аказвае супакойлівае ўздзеянне, вучоным давялося прааналізаваць увесь іх комплекс. Спачатку яны распрацавалі метад атрымання гэтых лятучых рэчываў.

Для гэтага даследчыкі выкарысталі лабараторных пацукоў, якія былі спакойнымі і не адчувалі стрэсу. Такіх жывёлаў усыплялі і бралі ў іх узоры мачы.

Даследчыкі пратэставалі асобныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў сумесі ферамонаў пацукоў, на прадмет іх уздзеяння на саміх грызуноў і выявілі, што толькі такі ферамон, як 2-метылмасляная кіслата (2-Methylbutyric acid, 2-MB), можа зменшыць сімптомы трывогі пацукоў.

Падчас лабараторных даследаванняў вучоныя заўважылі, што нават у нязначных канцэнтрацыях (некалькі частак рэчыва на мільён частак паветра) гэты ферамон працягвае дзейнічаць.

Характэрна, што дзеянне 2-МВ узмацняецца пры яго выдзяленні жывёламі з найбліжэйшага сацыяльнага асяроддзя. Тут навукоўцы падазраюць дадатковы нейронны механізм дзеяння і адзначаюць, што неабходныя далейшыя даследаванні, каб мець магчымасць рабіць дакладныя заявы.

Як адзначаюць вучоныя, 2-МВ служыць для ўсталявання сацыяльных сувязяў і дэманстрацыі прыязнасці. Трывожныя ферамоны — гэта іншыя хімічныя сігналы, якія пацукі выдзяляюць у небяспечных сітуацыях. Яны служаць для папярэджання і абароны ад драпежнікаў.

2-МВ гэта не спецыяльны ферамон, які пацукі вырабляюць па жаданні, а прадукт звычайнага абмену рэчываў у арганізме. Ён увесь час прысутнічае ў мачы жывёлаў і ўздзейнічае на іх паводзіны. Аднак калі пацук адчувае стрэс, яго арганізм выдзяляе іншыя ферамоны, якія падаўляюць эфект 2-МВ.

Аўтары даследавання прапануюць выкарыстоўваць 2-МВ для барацьбы з пацукамі ў буйных гарадах. Паколькі пацукі па сваёй прыродзе баяцца новага, яны пазбягаюць пастак. Але калі гэтыя пасткі апрацаваць ферамонам 2-МВ, які зніжае страх, то пацукоў можна лёгка злавіць і выпусціць удалечыні ад гарадоў.

Як адзначае выданне, тры з дзевяці даследчыкаў ужо зарэгістравалі патэнт на прыладу, дзеянне якой заснаванае на гэтым даследаванні. Гэта прылада — спецыяльны дазатар, які змяшчае склад ферамонаў і выдзяляе іх у навакольнае асяроддзе ў пэўных дозах і інтэрвалах.

Дазатар размяшчаецца ў месцы, дзе трэба паўплываць на паводзіны жывёл. Ферамоны з дазатара распаўсюджваюцца па паветры і дасягаюць рэцэптараў у носе або ротавай поласці жывёлаў. Там яны актывуюць нервовыя імпульсы, якія перадаюцца ў мозг і выклікаюць змены ў паводзінах, эмоцыях ці фізіялогіі жывёлаў.

Чытайце яшчэ:

У мінскім шматпавярховіку 12-гадовую дзяўчынку пакусаў пацук

Галодны пацук сарваў пастаноўку «Спячай прыгажуні» ў Аўстраліі

Як у Афрыцы пацукоў трэніруюць на пошук мінаў, якія застаюцца пасля войнаў

Клас
14
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
5
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?